Ленін: дзьве майсы і адзін лёзунг

Mar 04, 2004 08:29

Ёсьць старая майса пра выкладчыка БДУ (ці не Абэцэдарскага?), які на іспытах рэзаў студэнтаў пытаньнем: якой рукой Ленін, што перад Домам Ураду, паказвае шлях у сьветлую будучыню? (А ніякай: абедзьвюма за парэнчы трымаецца.)

Праходзячы днямі паўз той помнік, знайшоў яшчэ адну сякеру пад лаваю: на гарэльефе, што йдзе вакол пастамэнту, на сьцягу выбіты лёзунг:Уперад
пад сьцягам Леніна
да перамогі
коммунізму
(не разгледзеў, ці ёсьць там у канцы які знак прыпынку).

Камэнтар:

1. Найперш кідаецца ў вочы мяккі знак у слове "сьцягам", скасаваны рэформаю 1933 году. Помнік быў адкрыты 7 лістапада (а як жа ж) 1933 году, але праект яго перамог на ўсесаюзным конкурсе яшчэ ў 1931 годзе. Тым часам пастанова СНК БССР "Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу" была надрукавана ў "Зьвязьдзе" толькі 28 жніўня 1933 г. (датавана 26 жніўня). У дзеяньне новы правапіс уводзіўся як абавязковы з 15 верасьня, а 7 сьнежня 1933 г. новая пастанова СНК унесла ў яго некалькі дадаткаў і паправак. Перарабляць гарэльеф, каб вынішчыць мяккі знак, пэўна, палічылі за лішняе.

У вайну бронзавы помнік звалілі. Ён ляжаў пабіты на кавалкі ў нейкім двары, што ў квартале паміж вуліцамі Карла Маркса, Камсамольскай і Кірава, бліжэй да Камсамольскае. Па вайне яго адлілі нанава з ранейшае мадэлі, што захавалася ў Ленінградзе ў майстэрні скульптара Манізэра. А пастамэнт застаўся, з усімі гарэльефамі, з якімі ўсю вайну прастаяў.

2. У слове "коммунізму" ненаціскное "о" і падвойнае інтэрвакальнае "м" -- навацыя. У 20-х пісалі "камунізм". Вышэйзгаданая пастанова СНК ад 26 жніўня 1933 г. патрабавала (п. 9): "Інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканьні. Пісаць: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцыялізм, комунізм, Комінтэрн, пролетарый. У астатніх іншамоўных словах замест "о" пісаць "а", але захаваць "е" ("э") (прафесар, маналог, тэлеграф)".
У сьнежаньскай пастанове гэты пункт зьменены, і "інтэрнацыянальныя рэволюцыйныя словы" пададзены вычарпальным сьпісам: "9. Не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканні, а пісаць праз "о" наступныя інтэрнацыянальныя рэволюцыйныя словы: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцыалізм, комунізм, Комінтэрн, комсомол, пролетарый, піонер, з усімі ад іх вытворнымі словамі і новаўтварэннямі, а таксама і слова Профінтэрн. У астатніх іншамоўных словах замест "о" пісаць "а" (маналог), але захаваць "е" ("э") (прафесар, тэлеграф)".
У п. 16 тае ж пастановы сустракаецца "комуніст". Зьвернем увагу, што сама пастанова (жнівеньская) пісалася дзеючым на той момант правапісам, то бок з мяккімі знакамі, і "рэвалюцыйныя" ў ёй -- праз "а", тым часам як сьнежаньская -- тым правапісам, што быў зададзены ў жніўні, і ў ёй "рэволюцыйныя" -- ужо праз "о".

Але падваеньне "м" нават уплывам рэфармаванага правапісу не патлумачыш. Ці то неахайнасьць/непісьменнасьць, ці то вуснае патрабаваньне якога начальніка? Апошняе нельга назваць неверагодным. У тыя ж гады (можа, ня ў першай, а ў другой палове 30-х) загадвалі пісаць "обласць", а ня "вобласць", каб не нагадвала рыбу воблу, і чынілі яшчэ розныя дзівосы. Акрамя таго, тэкст такога надпісу калі й мог не прайсьці карэктуру, дык візу партыйнага начальства атрымаць быў павінен жалезна. Зрэшты, у газэтах 1939 г. -- усё роўна "комуністычны". Як бы там ні было, causa finalis гэтага падваеньня -- бясспрэчна, расейскі правапіс.

3. Асабліва цікава выглядае канчатак -у ў слове "коммунізму". З гэтым канчаткам (абсалютна слушным) зьвязана вядомая паваенная ўжо гісторыя. Нібыта мовазнаўцы склалі праект новага правапісу і панесьлі яго на зацьверджаньне ў ЦК. У праекце былі запісалі, што абстрактныя назоўнікі маюць у родным склоне адзіночнага ліку канчатак -у, і падабралі паліткарэктныя прыклады: сацыялізму, камунізму. Але ў ЦК абурыліся: як гэта камунізм -- абстрактны?! Абсалютна канкрэтны, вы што?! Пераканаць партыйных начальнікаў, што ідэалягічнае дывэрсіі тут няма, бо слова "абстрактны" ў лінгвістыцы значыць ня тое, што ў марксызьме, не ўдалося. Таму ў праекце зьменаў у правапіс, складзеным у 1951 годзе, з-пад агульнага правіла выводзіліся ўсе назоўнікі, што мелі суфікс -ізм, а ў канчатковых Правілах 1956 г. -- толькі чатыры: "Выключэнне складаюць словы камунізм, сацыялізм, марксізм, ленінізм, якія па традыцыі пішуцца з канчаткам а". Традыцыя, як бачым, нядоўгая.

І патрывала яна нядоўга. Ужо ў "Курсе сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі" П.Юргелевіча (пасьмяротнае выд. 1974 г.) увага на гэтым выключэньні не акцэнтуецца, а сярод назоўнікаў на -у генітыўнае падаюцца "грамадскія фармацыі, вучэнні, тэорыі: капіталізм-у, матэрыялізм-у, рамантызм-у, дарвінізм-у". А слоўнік Бірылы (1987) наўпрост дае "камунізм, -му, -ме".

Здаецца (калі не лічыць помнікаў на Вайсковых і Кальварыйскіх могілках), надпіс на пастамэнце помніка Леніну -- гэта ці не адзіная памятка даваеннай эпіграфікі ў Менску. Можа, яшчэ на Доме афіцэраў? Кажуць, пакуль ня зьнішчылі Нямігу, там на мурох праз фарбу праступалі замазаныя надпісы -- "Саматужная майстэрня" і г.д.

UPD: antart нагадвае, што паблізу, на плошчы Незалежнасьці, яшчэ ёсьць пара каналізацыйных люкаў з надпісам "Менск".
Previous post Next post
Up