Падаў на "СавБелію" у суд

Jan 17, 2008 14:46

Сёньня па шматлікіх прапановах маіх "фрэндоў" падаў у суд на "Советскую Белоруссию". Дзякуй за параду ziankovich, ml_forever, palitekanom, strangerbel, l0gin, damavik.
Больш падрабязна чытайце на Нашай Ніве
Тэкст іскавай заявы
У суд Савецкага раёну г. Мінска
Лагойскі тракт, 3, 220113, г. Мінск

Ісцец Міхалевіч Аляксей Анатольевіч

Адказчыкі Рэдакцыя газеты “Савецкая Беларусія”
вул. Б. Хмяльніцкага, 10 а, 220013, г. Мінск

Арцём Чалядзінскі
Адрас - у рэдакцыі газеты

Дзяржаўная пошліна 210 000 беларускіх рублёў (п. 6.2. Дадатка №1 да Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 574 ад 14.09.2006 г.)

ІСКАВАЯ ЗАЯВА
АБ АБАРОНЕ ГОНАРУ, ГОДНАСЦІ, ДЗЕЛАВОЙ РЭПУТАЦЫІ
І КАМПЕНСАЦЫІ МАРАЛЬНАЙ ШКОДЫ

11 студзеня 2008 году у газеце “Советская Белоруссия” на стар.2 быў надрукаваны артыкул Арцёма Чалядзінскага “Крутой мираж”. Дадзены артыкул накіраваны на дыскрэдытацыю некаторых палітычных дзеячоў.
Лічу, што ў дадзеным артыкуле змешчаны звесткі, якія ганбяць мае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Так, аўтар артыкула сцвярджае: “Потому они искренне полагают, что никогда в жизни не вырастившие и тем более не продавшие ведра картошки Михалевич - Милинкевич реально помогут им в специфических предпринимательских проблемах”. Гэтымі звесткамі аўтар імкнецца паказаць, што я ніколі не працаваў і не ведаю прадпрымальніцкіх праблем (фраза “никогда в жизни не вырастившие и тем более не продавшие ведра картошки Михалевич - Милинкевич”).
У адпаведнасці з п. 8 Пастновы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 23.12.1999 г. № 15 ганебнымі з’яўляюцца звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганбяць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю грамадзяніна ў грамадскай думцы альбо думцы асобных грамадзян, юрыдычных асоб з пункту гледжання выканання норм законаў, маралі, звычаяў. Зазначаная вышэй фраза ганбіць мае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, паколькі чытачы газеты, насельніцтва, і ў першую чаргу прадпрымальнікі, праблемамі якіх я заўсёды цікавіўся, разумеў і спрабаваў вырашаць, будуць успрымаць мяне як гультая, тунеядцу і нячэсную асобу, якая быццам бы цікавіцца праблемамі прадпрымальніцтва толькі для выгляду.

Пасля публікацыі артыкула я вымушаны быў даваць тлумачэнні маім калегам, у тым ліку прадпрымальнікам, аб тым, што звесткі пра мяне не адпавядаюць рэчаіснасці. Лічу, што гэта нанесла мне маральную шкоду. Свае пакуты ацэніваю ў 6160 (шэсць тысяч сто шэсцьдзесят) беларускіх рублёў.

На падставе вышэйзазначанага і ў адпаведансці з арт. 153 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь,
ПРАШУ:
1. Абавязаць адказчыкаў абвергнуць у газеце “Советская Белоруссия” на стар. 2 наступныя звесткі, якія ганбяць мае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю: “Потому они искренне полагают, что никогда в жизни не вырастившие и тем более не продавшие ведра картошки Михалевич - Милинкевич реально помогут им в специфических предпринимательских проблемах” у частцы выказвання аб тым, што Міхалевіч ніколі за жыццё не вырасціў і тым болей не прадаў вядра бульбы.
2. Спагнаць з адказчыкаў на маю карысць у якасці кампенсацыі маральнай шкоды 6160 (шэсць тысяч сто шэсцьдзесят) беларускіх рублёў.
3. Спагнаць з адказчыкаў на маю карысць аплачаную дзяржаўную пошліну ў памеры 210 000 беларускіх рублёў.

Дадаткі:
1. 2 копіі іскавой заявы
2. Копія артыкула “Крутой мираж”
3. Дакумент аб аплаце дзяржаўнай пошліны

Міхалевіч А.А.

16.01.2008 г.
Previous post Next post
Up