ДТЗ як ДТЗ, якіх, нажаль, шмат адбываецца ў краіне. Але ёсьць адно АЛЕ: гэта было ДТЗ з удзелам машыны старшыні райсавета.
Сёньня паміж 15.00 і 16.00 на аб'язной аўтадарозе ААТ "Ваўкавыскі завод ДБАМ" - база ААТ "БМТ-32" каля АЗС № 45, што па вул.Панковай, адбылося ДТЗ з удзелам аўтамашыны "Шкода-Актавія", замацаванай за старшынёй Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў.
Па сьведчаньні відавочнікаў кіроўца "Шкоды" пры здзяйсненьні падвойнага абгону няправільна абраў хуткасьць руху і дапусьціў сутыкненьне з аўтамашынай "УАЗ". У выніку аварыі ўсе ўдзельнікі дарожнага руху апынуліся ў кювеце. Абышлося без ахвяр. Неўзабаве на месца ДТЗ прыбыла і сама старшыня райсавета.
ДАІ дасьць адзнаку дзеяньням удзельнікаў і ўсталюе вінаватага, парушыўшага ПДР.
Звычайна ДАІ вельмі аператыўна запрашае на месцы ДТЗ здымачную групу ВТВ. І сюжэт адразу трапляе ў вячэрнія выпускі навін і дублюецца ў наступныя дні. Цікава, як будзе гэтым разам? Ці пакажуць сюжэт па мясцовым тэлеканале, ці напіша пра гэта раёнка і яе сайт ці сьціпла замоўчаць здарэньне?