Just think ….

Nov 30, 2010 01:14

 Заўсёды з цікавасцю чытаю допісы Аляксандра Кулінковіча на сайце naviny.bу. Чытаю з цікавасцю, хаця шмат з чым пагадзіцца ў ягоных развагах я не магу.  Увогуле дзіўнае ўражанне ў мяне складаецца ад гэтых допісаў. Я разумею, што шмат якія свае развагі аб жыцці- быцці сп. Кулінковіч стылізуе пад думкі гэткага сярэднестатэстычнага беларускага абыватэля, змучанага безалкагольным півам.  Такі народны тыпаж шырака прадстаўлены на вуліцах нашага роднага гораду, праўда змучаны ен часта не безалкагольным півам, а рознага кшталту “бырлам”. Аднак некаторыя ідэі допісаў глядзяцца як трывалая жыццёвая пазіцыя іх аўтара. Я,  як ненавісны дадзенаму аўтару ліберал-заходнік, прыхільнік ідэяў талеранцыі і ўсялякага плюралізму (ад палітычнага да культурнага), вядома прызнаю за аўтарам права прытрымлівацца ягоных поглядаў, аднак пагадзіцца з імі  не магу. Ды і не пісаў бы я нічога, калі б не апошні артыкул Кулінковіча змешчаны на  naviny.by  пад назовам «Против всепрощения»( http://www.naviny.by/rubrics/opinion/2010/11/28/ic_articles_410_171433/).  Так, гэта Праваабарончы цэнтр “Вясна” рассылаў лісты да вядомых людзей Беларусі (у тым ліку да Кулінковіча) з просьбай далучыцца да кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.  Некаторыя далучаліся, некаторыя адмаўліся. Кожны вядома вырашае гэта для сябе сам. Справа не ў гэтым. У сваім допісе сп. Кулінковіч піша што ён не проста супраць смяротнага пакарання, а нават за яго ўзмацненне і ў тым ліку для сваякоў злачынцы. Чаму спытаеце вы? Таму, што ён супраць “всепрощения” і мяркуе, што такія захады спыняць «хаця б адну мразь”.  Акрамя ўсяго прочага сп. Кулінковічу вельмі не падабаюцца ўсе гэтыя палікарэктнасці, талерантнасці і Еўрапейскі лібералізм. Ну хочацца чалавеку гея называць підарам і выкінуць з краіны гэтых асацыяльных, нідзе не працуючых цыганоў, праўда выкінуць пакуль з чужой краіны, з Францыі. Усё гэтыя “довады” проста вымушаюць мяне, як праваабаронцу сказаць, што я пра гэта думаю і ўступіць няхай сабе і ўяўную палеміку з афтарам.

З пачатку колькі словаў пра палікарэктнасць, талерантнасць і прочыя “гадасці”.

Для мяне спадар Кулінковіч талеранцыя даўно стала элементам уласна чалавечай культуры, сацыяльнай нормай.  Менавіта талерантнае, плюралестычнае, адкрытае грамадства ёсць гарантыяй сп. Кулінковіч ад таго, што Вы і Вашыя песьні не будуць знаходзіцца ў “чорных спісах” таму, што яны не прыйшліся да спадобы якому-небудзь чарговаму “вусатаму” правадыру народаў, гарантыяй ад таго, што Вас самога не расцэняць як “асацыяльнага элемента” і не вышлюць жыць на “сто першы кіламетр”, ці што яшчэ горш, не накіруюць прымусова аздаравіцца ў які не будзь “лячэбны прафілакторый”. Мяркую  Вам гэта не надта падабаецца. Мне таксама. Менавіта таму я з’яляўся гарачым прыхільнікам плюралістычнага грамадства ў якім разам суіснуюць і спаборнічаюць паміж сабой розныя палітычныя погляды, ідэалогіі і мадэлі грамадства. Пры гэтым пажадана каб прысутнасць самой дзяржавы ў штодзённым, прыватным жыцці чалавека была мінімальнай.

Я ніколі не дазволю сабе назваць чалавека “хахлом”, “нігерам”, “підарам”, “жыдам”. Я лічу, што гэта не проста “не паліткарэктна”, гэта мярзотна і прыніжальна. Гэта тое, што абражае чалавечую асобу. Грамадства, якое жыве на прынцыпах узаемапавагі, прыняцця свету ва ўсім яго багацці і разнастайнасці і ёсць талерантным грамадствам. А свет зараз стаў іншы чым ён быў у 19 і нават у 20 стагоддзі. Дзякуючы глябалізацыі ўзаемапранікненне  народаў, культураў значна павялічалыся і будзе павялічвацца хочам мы гэтага ці не. А крытыкавалі Сарказі правільна, бо высылаючы з краіны грамадзянаў краіны Еўразвязу (Румыніі), ён тым самым  парушаў прынцыпы свабоды перамяшчэння, якія ў гэтым жа Еўразвязе дэкляраваныя. Прычым рабіў гэты выключна па нацыянальнай прыкмеце, без разбору ці “распальваў вогнішчы ў ліфце” канкрэтны грамадзянін ці не. Зараз Сарказі прапанаваў адбіраць грамадзянства Францыі за здзяйсненне злачынства, прычым нават у ўжо народжаных у Францыі. Толькі ён забыўся, што сам сын венгерскіх імігрантаў. Так, што французы кажуць, што у іх ёсць шанец (у адрозненні ад нас) адправіць Ніколя на радзіму продкаў калі што.

Што датычыцца смяротнага пакарання. Ведаеце я заўсёды быў прыхільнікам гуманізму і лічу, што людзі не павінны забіваць людей, што людзей увогуле НЕ ПАВІННЫ забіваць ні пры якіх абставінах. Нават ад імя дзяржавы. Я бачыў мацярок растраляных. Я ведаю пра што кажу. Паверце, для іх гэта тое самае, што для родных ахвяраў злачынства, якое здзейсніў іх сын. Але яны пакараныя яшчэ болей. У іх нават няма магілы іх сына, яны пазбаўлены такой магчымасці. Вы лічыце гэта па-людску не даць маці пахаваць свайго сына? Ці як яшчэ вы прапануеце ўзмацніць адказнасць для родных, а сп. Кулінковіч? У нас 12 складаў злачынства ў КК прадугледжвае смяротнае пакаранне, прапануеце ўвесці яшчэ? Ці можа   казніць публічна жанчын, непаўнагадовых, як гэта робяць у так ненавісных вамі ЗША? Так, у ЗША казняць на 50 чалавек штогод, што выводзіць іх у сусветныя “лідэры” разам з Іранам, Кітаем, Пакістанам і Саўдаўскай Аравіяй. Менавіта на гэтыя краіны прыходзіцца да 90% усіх казняў у свеце. Беларусь можа не ўводзіць мараторый, можа не ратыфікоўваць Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека і не прызнаваць кампетэнцыю Страсбурскага суда па правах чалавека і далей жыць на месяцы, адарвана ад усёй  “прагніўшай ліберальнай Еўропы”. Еўропы, дзе таксама парушаюць правы чалавека, але значна больш магчымасцей іх абараніць. Адсутнасць смяротнага пакарання ў Еўропе, гэта цывілізацыйны выбар, калі заўгодна.

Вы ў сур’ёз лічыце, што наяўнасць смяротнага пакарання стрымлівае злачыннасць?  За апошнія тры гады колькасць цяжкіх злачынстваў і забойстваў у Беларусі ўпала ў некалькі разоў у параўнанні з 90-мі гадамі. Менавіта ў 90-тыя была растраляна найбольшая колькасць людзей -да 30-40 штогод. З 2000 па 2 -4 штогод.  Атрымліваецца, што калі растрэльвалі болей і злачынасць большая была. Такая тэндэнцыя міжіншым назіраецца і ў шмат якіх краінах свету пасля адмены імі смяротнага пакарання -у Літве, Канадзе і інш. Навукова даказана, што наўянасць смяротнага пакарання не ўплывае на ўзровень злачыннасці. Акрамя таго, сп. Кулінковіч, я мяркую Вам не трэба распавядаць пра метады “працы”  нашай міліцыі і пра “незалежнасць” нашай судовай сістэмы мяркую Вы  таксама ўжо начутыя. Дык вось я мяркую, што пры такіх умовах наяўнасць смяротнага пакарання ўвогуле не дапушчальная, бо няма гарантыі, што ў ролі “мразі”, пры пэўным сцёку абставінаў, не апынецеся Вы ці я.  Я размаўляў з хлопцамі, якія правялі па паўтары гады ў СІЗА і падчас суду ім давялося пачуць страшныя словы з вуснаў пракурора - выключная мера пакарання. Дзякуючы ўсявышнім сілам і адвакату Магілёўскі абласны суд апраўдаў іх. У ЗША з 1973 года каля 112 чалавек былі вызваленыя з камер смяротнікаў, паколькі іх віна не была даказана ці яны былі прызнаныя не вінаватымі і цалкам апраўданыя. Забойства невінаватага гэта занадта дарагі кошт гэтага пытання.

Я не прапаную дараваць злачынствы. Кожны, хто парушыў закона мусіць несці за гэта адказнасць прадугледжаную законам, у тым ліку і пажыццёвае зняволенне. Тут талеранцыя не прычым.

Я не стаўлю на мэце  Вас у нечым пераконваць. Проста падумайце пра гэта. Just think -як казаў адзін вядомы нон-камфарміст у круглых акулярах.

Previous post Next post
Up