ДЗІКУШКІ (Гарадзенская вобласць)

Jun 20, 2014 13:30

Оригинал взят у azarkinm в ДЗІКУШКІ (Гарадзенская вобласць)
www.lida.info/imeniya-lidskogo-uezda-imenie-dikushki-biikushki/

Упершыню мястэчка Дзікушкі, Лідскага раёна ўзгадваецца ў 1506 годзе з нагоды несанкцыянаванага карыстання маёнткам Біікушкі (так тады называліся Дзікушкі) Міхалам Гагіным. Праз два гады за ўдзел у паўстанні Глінскага Мажэйкаўскі і Біікушны двары ў Гагіна былі канфіскаваны і перададзены кіеўскаму баярыну Льву Тышкевічу. Праз поўгады Мажэйкаўскі двор (аб ім можна пачытаць тут http://azarkinm.livejournal.com/148607.html) быў перададзена Васілю Палубенскаму, а Біікушкі засталіся за Львом Тышкевічам (1478-1515).



Пасля смерці Льва маёнтак пераходзіць да сына Івана Тышкевіча (1506 -1566) жанатага на Марыне Мялешка (1510-1598), які ў шлюбе меў двух сыноў і сем дачок. З гісторыі вядома, што Марына Мялешка была пахавана каля старой Дзікушскай драўлянай царквы, а з будаўніцтвам у 1840 годзе каменнага будынка надмагільная мармуровая пліта памерам 2 метра з жыццёпісам пра Марыну была занесена ўнутар. Маёнтак па тэстаменту пераходзіць спачатку да сына Фёдара Скімун-Тышкевіча (1538-1618), які з’яўляўся паслом да цара Івана IV Жахлівага і чаканіў свае манеты з радавым гербом, а пасля да Януша (1580-1642), які ўдзельнічаў польска-швецкай вайне 1600-1629, біўся з туркамі пад Хоцінскам у 1621 і з’яўляўся аўтарам дзённіка па мірным перамовам са шведамі ў 1625 годзе.


У шлюбе з Барбарай Нарушэвіч ў Януша нарадзілася адна дачку Кацярыну Тышкевіч (1610-1648). Кацярына за сваё па нашым меркам кароткае жыццё (пражыла 38 год), паспела тры разы выйсці замуж - за Яна Ракаўскага, Януша Вішнявецкага і Аляксандра Радзівіла. З апошнім мужам развялася, бо ён прэтэндаваў на спадчыну, якую яна атрымала ад свайго бацькі і другога мужа. А пасля развода пакінула ўсе землі ды маёнткі сыну Дзмітрыю Вішнявецкаму (1631-1682) будучаму вялікаму гетману кароннаму і кракаўскаму кашталяну.

У XVII ст. пісар літоўскі і падканцлер Крыштоф Нарушэвіч (…-1668) выкупае Дзікушкі ў Кацярыны Тышкевіч і аб’ядноўвае яго з дваром Мажэйкаўскім, які з пасагам дачкі пасля пераходзіць да роду Хадкевічаў.


Унук Крыштофа Нарушэвіча - Ян Мікалай Хадкевіч (1738 - 1781) сканцэнтраваў у сваіх руках вялікія надзелы на Лідчыне, валодаў дварамі Вялікае Мажэйкава, фальваркамі Дзікушкі, Лебедка, Марцінішкі, Малае Мажэйкава і навакольнымі вёскамі. Але пасля яго смерці, ўдава Марыя-Людвіка пачынае распрадаваць маёмасць, каб палепшыць эканамічны стан сям’і. Спачатку прадаецца Малае Мажэйкава з навакольнымі вёскамі Казіміру Кастравіцкаму, а пасля чарга прыйшла і да фальварка Дзікушкі, які набывае Рафал Грабоўскі (…-1857), пружанскі, а затым лідскі апеляцыйны суддзя.


Пры Рафале ў Дзікушках будуецца палац у класічным стылі з калонамі і прыгожым балконам. А таксама на месцы драўлянай царквы ўзводзіцца мураваны будынак у 1840 годзе. Са старой царквы ў новую была перанесена і надмагільная пліта Марыны Мялешкі. Але сам Рафал быў католікам і таму знайшоў спачын на могілках у Ішчална. У шлюбе з Клацільдай Тэльшэўскай меў сына Станіслава і чатырох дачок.


Кузня

Старэйшая Тэадозія Грабоўская у 1864 годзе выйшла замуж за Аляксандра Аскерка (пра радавы маётак Аскеркаў у Рудакова можна пачытаць тут http://azarkinm.livejournal.com/137430.html). Тэадозія выйшла замуж у Сібіры, калі паехала за каханым Аляксандрам у выгнанне пасля паўстання 1863 года.


Другая дачка Касыльда Грабоўская стала жонкай Сымона Скірмунта з маёнтка Моладава. У яго брата Аляксандра Скірмунта народзіўся ў 1868 годзе сын, Раман Скірмунт, будучы прэм’ер-міністр БНР і польскі сенатар.


Трэццяя - Францішска Грабоўская пабралася шлюбам са Стэфанам Верашчакай, сваяком Марыі Верашчакі, музы Адама Міцкевіча.

У 1857 годзе маёнтак пераходзіць да Станіслава Грабоўскага, які нажаль памірае бяздзетным і маладым. Землі Грабоўскага дзеляцца паміж сёстрамі. Сядзіба ў Дзікушках перадаецца старэйшай сястрэ Тэадозіі, якая знаходзіцца ў ссылцы са сваім мужам Аляксандрам Аскерка.


У 1887 годзе пасля смерці Тэадозіі ўладаром маёнтка з’яўляецца яе дачка - Марыя (1878-1961)>, якая ў 1900 годзе выйшла замуж за Уладзіслава Мінейка (1876-1952) стрыечнага брата Уладзіслава Брахоцкага ўладара М.Мажэйкава (аб ім тут http://azarkinm.livejournal.com/148607.html), Вераскава (http://azarkinm.livejournal.com/145399.html) і Морына. У шлюбе Марыя і Уладзіслаў Мінейка мелі трох сыноў - Браніслаў Мінейка (жанаты на Марыі Аскерка), Аляксандр (жанаты на Канстанцыі Балігал), Тамаш (жанаты на Ганне Касоўскай) і дачку Ганну. Які з сыноў Марыі і Уладзіслава кіраваў сядзібай ў 1920-я гады мне не вядома, але ў верасні 1939 года Мінейка сеў на свой матацыкл і з’ехаў у невядомым накірунку. Больш яго тут ніхто і не бачыў.


За савецкі час ў палацы Грабоўскіх была саўгасная кантора, месцілася бібліятэка і клуб, але пасля і ён зачыніўся.

Прыйшоў у запусценне і стаіць зараз дзікушкінскі палац у чаканні сваіх новых уладароў і фундатараў. Хаця большасць адміністрацыі Лідскага раёна адносіцца да спадчыны Грабоўскіх апусціўшы рукі, бо лічаць, што ніхто не захоча падымаць будынак з руін.


Частка інфармацыі ўзята з сайта www.lida.info/imeniya-lidskogo-uezda-imenie-dikushki-biikushki/

Архитектура

Previous post Next post
Up