Чц. 23.12. Дзень медыя і шмону
Спаць на цвёрдых драўляных лавах жорстка і нязвыкла: баляць нязвыклыя бакі, ногі ўвесь час вылазяць і б’юцца аб мэталёвы скрай. Што такое акселерацыя гэтым лавам невядома. Нейкі безыменны дызайнер аснадзіў іх страшэнна нязручным падгалоўнікам (ці падсрачнікам, уважаючы на тое, як выкарыстоўваць) і мэталёваю стужкаю па скраі, праз гэную сваю ананімнасць пазбавіўшы сябе ад вялікай колькасці персаналізаваных праклёнаў.
Сапраўднай выгодай нашай новай камеры стаецца акно, праз разбітое шкло (другое) якога трапна бачная пляцоўка каля ўвахода, дзе стаяць людзі, схільныя нас падтрымаць фізычна і духоўна. Сярод іх - зусім маладыя хлопцы і дзяўчаты і людзі сталага веку, чыесь бацькі ці знаёмыя, проста неабыякавыя да чужой/сваёй бяды людзі. Прапускаюць іх з перадачамі досыць марудна, складаюць допісы, аддаюць назад забароненае для перадач, бялітасна абшукваючы кожную кніжку, газэту, сурветкі на наяўнасць лістоў ды запісак. Суцэльная інфармацыйная блакада, відочна каб не даць людзям насамрэч пабачыць, як шмат людзей на волі іх падтрымлівае.
Таксама пад вокнамі часта туляцца людзі з фотакамерамі, якія па-сяброўску машуць рукамі і гэстамі заклікаюць на іх папазаваць. Мы трохі высоўваемя з акна і робім з пальцаў знак перамогі, які ў гэны сэзоне скапірайчаны някляеўцамі, і прыветна машам ім у зварот. З волі нам адказваюць гэтаксама ж і стала фатаграфуюць людзей за кратамі.
Каб давесці сябе, а збольшага тым, хто зараз застаўся застрашанымі на волі, што не гэтак усё зараз трагічна, пішам невялічкі плакацік на аркушы з школьнага сшытку “Усіх не перасадзяць!”, на зваротным баку - іншы надпіс “Перамога за намі!” Фотакамеры імкнуцца пакінуць нашую творчасць вечнасці, але сам арыгінал наступным днём вецер здзмувае з пальцаў Славы.
Слава - хлапец таварыскі, які за сваё невялікае яшчэ дваццацігадовае жыццё паспеў шмат чаго зведаць; ён часты мішэнь для сяброўскіх камерных жартачкаў. Бо па ягоным жа прызнанні - паліць пачаў з пяці год (дзякуй старэйшым братам і сястры) і ў школе вучыўся не надта дбацна (“спаліў свій буквар” - прыгаворваў Іван Сямёныч), ды як заведзена ў маладзёнаў зара больш часу бавіць у кампаніях аднагодкаў, якіх збольшага цікавяць тусоўкі і пашыраны алкаголем стан свядомасці. Пры ўсіх гэтых заганах ён досыць рана сам стаў на ўласныя ногі і апошнія тры гады сам сябе забяспечвае, папрацаваўшы на некаторых менскіх заводах і ахоўнікам гіпермаркета. Ад працы на заводах ён пакідае ў памяці пачуццё безнадзейнасці, апрычонасці і бязглуздасці арганізацыі тамтэйшай працы, якая вядзе адно да люмпенізацыі працаўнікоў. Пакруціўшыся на гэтых розных месцах ён свядома робіцца грамадзянскім актывістам і рыхтоўны паступова пераадольваць падлеткавыя бздуры.
Пасля абеду нам прыносяць перадачы і ты вельм расчулена чытаеш маленькую нататачку ад сяброў, напісаную алоўкам між радкоў перададзенай кнігі (бо ліставанне забароненае надзвычай сувора), каб не сумавай, таму што тут на волі гэтак шмат людзей за цябе хвалююцца, памятаюць і падтрымліваюць, што ўсё гэта папросту не можа скончыцца дрэнна. Гэтыя маленькія звестачкі і штодзённыя перадачы ад знаёмых, з якімі звязаны водле працы і супольных інтарэсаў, ствараюь сапраўднае пачуццё еднасці і шляхетнасці міжчалавечых зносін (як даведваешся пасля, яны апынуліся зусім добрымі канспіратарамі, а ты вельмі нядбайным арыштантам і колькасць схаваных нататачак была відочна большай, а прыёмы іх перадачы проста неверагоднымі). Таму усім, хто за мяне (за нас) хваляваўся, падтрымліваў словам і справай, мушу сказаць адмыслова “вялікі дзякуй!”
Апрача іншага разам з перадачамі нехта з праваабаронцаў пераслаў нам правілы нутранага распарадку спецыяльных устаноў УС: шыкоўны падарунак і матар’ял для цэлага шэрагу новых скаргаў і патрабаванняў. Так, гэтым жа вечарам пішам калектыўную скаргу ў адміністрацыю з патрабаваннямі выконваць асноўныя пункты ўласных пастаноў, прынятых яшчэ былым міністрам Наумавым: забяспечыць наяўнасць асобных ложкаў і бялізны, тумбачкі для асабістых рэчаў, сеткавага радыё і нат тэлевізіі (водле магчымасці, з прынцыпу), а таксама выдаць нам настольныя гульні і галоўнае - гарантаваць штодзённую гадзінную прагулку. Вельмі важна памятаць пра свае правы і адстойваць іх нават там, дзе іх спрэс ігнаруюць.
Гадзіне мо а пятай начальства ізалятара відаць вырашыла пацешыць нас невялічкім шоў: правесці персанальны дагляд з дапамогай металашукальнікаў і ліхаманвавых абмацаванняў (ужо пасля стаецца вядомым, што прычынай ператрусу быў хлопец Раман з суседняй камеры, які ажно да гэтага часу здолеў быў прыхаваць ад аховы свой мабільны і меў кантакт з навакольным светам). Адзінаю стратаю ад усіх гэтых працэдур стаецца канфіскаваны ў Івана Сямёныча срэбраны ланцужок з крыжыкам і парваная талія турэмных картаў, якую досыць хутка перамалёўваць аматары гэтай гульні. Даглядалі сур’ёзна, нават змушалі выварочваць шкарпэткі і выцягваць сцелькі з абутку, але што асаблівага можна знайсці ў шматкроць дагледжаных. Фактам аднак ёсць тое, што зрабіць дагляд перад тым, як рассадзіць нас па камерах учора, яны забыліся. Вось табе і прафесыяналы.
Увечары да нас садзяць хлопца сярэдняга ўзросту па мянушцы Сямёнаў, які распавядае, што далі яму пяць сутак за “мокрую справу” - адліў на ДК МАЗ (мы яго пасля завем за тое “макрушнікам”) - і за спрэчкі з суддзёй. Кажа, што для яго гэткі залёт ужо не першы і відочна трохі няёмка сябе адчувае ў кампаніі палітычных. Адчуваючы нашу колькасную перавагу на канфлікты не йдзе і паводзіць сябе досыць сціпла: нас асабліва не распытвае, часам травіць байкі пра сябе ці сваіх сяброў. Праўда што наступным днём яго ад нас забіраюць і гэта спрычыняе невялічкую дыскусію, наконт таго ці з’яўляецца гэны хлопец ціхуном. Зрэшты дамовіліся пра прэзумпцыю невінаватасці, хаця асадак якісь застаўся. Ды бадай нічога апрача саркастычных каментароў да палітычных навін і нашых прысудаў пачуць ён і не мог: зрабіць з тут прысутных актыўных рэвалюцыянераў можа адно хваравітая фантазія прыўладных ідэёлагаў.
У перадачах таксама шмат кніг і газэт. Вельмі радасная для многіх навіна, што місія АБСЕ зрэшты гэтыя выбары не прызнае і асуджае разгон паслявыбарнай дэманстрацыі. Што менавіта жорсткі разгон гэтай мірнай акцыі збольшага матывуе іхнае рашэнне. Важна, бо шмат хто быў маральна гатовы да здрады з боку Эўропы - здрады прынцыпам і верхавенства прагматызму. Перачытваем анекдоты пра тое, што адбывалася на плошчы. Як заўжды галоўны комік краіны па-за канкурээнцыяй. Хто яшчэ не паспеў напісаць, былі падбітыя астатнімі на складанне скаргаў у суд. Праўда ці былі яны перададзеныя мы збольшага не ведалі да апошняга дню. Тое, што скаргаў сістэма трохі баіцца, паказвае хаця той факт, што з намі паасобку ды групамі адміністрацыя ізалятара неаднакроць выходзіла на суразмовы і ўвесь час спрабавала давесці сваю невінаватасць і абцяжаранасць абставінамі. Маняць, як звычайна, але ж Бог ім суддзя.
Працяг будзе…