Апошнія дзён дзесяць настрой у мяне быў не вельмі, бо цэлы шэраг абставін склаўся не самым добрым чынам. І здароўе крышачку абвалілася, і шмат нелюбімых мною спраў на тэму "ідзі туды, не ведаю куды і прабадзяйся там безмэтава некалькі гадзін", і надвор'е не грэла, і гармонія ў доме пагоршылася, бо пачынаем рэмонт і ўсе рэчы зрушылі з наседжаных месцаў. Карацей, кожны вечар я літаральна валілася з ног з жаданнем не прачынацца да самай раніцы, але ж і ноччу мяне мучыла бессань.
На шчасце са здароўем знайшлося выйсце, вясна наступае, ну а рэмонт - справа вельмі нам патрэбная і своечасовая, так што звыкнемся неяк, ды і хламу павывезлі вагон, а яшчэ адзін ужо запакавалі для вывазу, нават дыхаць лягчэй стала. Вось чаму настрой палепшыўся і з'явілася жаданне думаць пра нешта прыемнае, напрыклад, пра падарункі.
Калі на парозе пэўнае свята ці падарункавы повад заўсёды можна пагугліць па ключавых словах і знайсці некалькі нядрэнных ідэй, але гэта будуць стандартныя, звычайныя падарункі. А каму з нас не падабаюцца раптоўныя прыемнасці, ды яшчэ такія, якія неверагодна падыйшлі вам да сэрца, ды яшчэ такія, якіх зусім не чакаеш. І што дзіўна, часта атрымліваецца так, што ў грашовым эквіваленце гэтыя падарункі выходзяць танней, а памятаеш іх потым доўгія гады.
Вось успамінаецца мне мая аднакласніца, у якой трагічна памёр бацька, маці не здолела справіцца з бядой, пачала піць, і на плечы нашай сяброўкі лягла і гаспадарка, і малы брат, і хата. Мы вырашылі зрабіць ёй свята на дзень нараджэння. Цішком запрасілі прыйсці больш за сорак чалавек, дамовіліся з яе маці, каб дазволіла арганізаваць у іх дома свята. Заказалі торт кілаграмаў на пяць з асабістым надпісам (гэта ў Слуцку ў канцы 1990-х была рэдкая рэдкасць), накупілі падарункаў, зладзілі і канічныя каптуркі, і рознакаляровыя безалкагольныя кактэйлі. Мяне папрасілі адцягнуць яе ўвагу пасля школы на некалькі гадзін, а потым я ледзь не сілай настойліва пайшла яе правесці дадому (а яна супраціўлялася, ох). І колькі было шчасця, колькі радасці, у мяне некалькі фотак захавалася, мы былі шчаслівейшыя за яе саму, што ўсё так выдатна атрымалася.
Ці іншае ўспамінаецца, як ну зусім грошай не было, а вельмі хацелася свайму сябру прыемнае зрабіць і я купіла маленькую скрыначку нібы пад кольцы, з кардону і з банцікам, а ў яе запакавала звычайную адну невялічкую шакаладную цукерку, а ён так узрадаваўся. Даўно гэта было, а дасюль ад успамінаў нешта цяплее ў вачах.
А ў мінулую пятніцу патэлефанавала сястрычка і кажа, што хочацца аж не можацца ёй нейкай творчасці. Пытала дазволу мяне пафатаграфаваць цяжарную. А я што, мяне хлебам не кармі, дай перад аб'ектывам пакрасавацца. У суботу зладзілі дзявочнік. Сястра з камерай, мы з Гануськай мадэлькамі. Фоткі яшчэ не ўсе апрацаваныя, некалькі ў ФБ выклала, але сюды ўжо пазней дадам, асобным постам, бо сёння і не пра гэта. Уся гэта ідэя каштавала маёй Наташцы вагону вольнага часу, але яна мяне так падтрымала ў складаны момант, калі ўсё балела, цяжарнасць стала крытычна цяжкай, а тут я на экране, прыгожа падфарбаваная, прычасаная, любімая з усіх бакоў. І я зноў поўная сіл, лётаю і лёгка чакаю, калі пузікі-гарбузікі будуць гатовыя з'явіцца на свет.
Адорвайце сваіх блізкіх сюрпрызамі. Гатуйце ім аладкі нядзельным ранкам, малюйце смайлікі на люстэрках у ванным пакоі, праводзьце з імі час. Не чакайце зручных момантаў, стварайце іх самі кожны дзень, каб вакол вас з'яўляліся ўсмешкі і добры настрой панаваў у жыцці.
А жаночую частку планеты Зямля з надыходзячымі веснавымі прыемнасцямі :).