Ануфрыева: Царква і манастыр св. Ануфрыя

Oct 10, 2012 22:30


"За кіламетр ад Крычаўскага раёна, над Чорнай Натапай, непадалёк ад яе ўпадзення ў Сож, патанае пад высокімі дрэўнымі шатамі вёска Ануфрыева. І яшчэ здалёк відаць над ёю волатаву, стройную і зграбную, як сасновы ствол, пяціярусную званіцу.


Ануфрыеўскі манастыр заснаваны за тры гады да Грунвальда (1407) ягоным героем Лугвенам Сямёнам Мсціслаўскім. З тых часоў тут нічога не засталося. Але званіца і сабор гэта ўзорны класіцызм і ці не пачатак ХІХ стагоддзя. Будынкаў гэтага часу таксама мала. А будыніна гэтая велічная і прыгожая, і хаця моцна пабітая ў вайну кулямі і асколкамі - прыдатная для аднаўленя можа, нават, лягчэй, чым Мсціслаўскі Кармяліцкі касцёл."
У.Караткевіч. "Дыяментавы горад".




Нягледзячы на тое, што нават у перыяд свайго найбольшага росквіту (канец 18 - пачатак 19 стст) Ануфрыева заставалася сціплым гаспадарчым паселішчам пры манастыры, гісторыя вёскі багатая на падзеі і імёны.
Заснаваны, як слушна заўважае Уладзімір Караткевіч, славутым Лугвенам Сямёнам Мсціслаўскім на месцы цудоўнага збаўлення яго сына Юрыя (заблукалага падчас палявання юнака вывеў з гушчараў святы Ануфрый), праваслаўны Ануфрыеўскі манастыр напачатку 17 стагоддзя быў перададзены уніятам паводле загаду канцлера Льва Сапегі і тут пасяліліся манахі-базыліяне. Пасля Андрусаўскага міру паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай Ануфрыеўскі манастыр стаў месцам знаходжання смаленскіх уніяцкіх архіепіскапаў, бо амаль уся тэрыторыя іх епархіі апынулася ў складзе Маскоўскага царства. Фактычна ўлада смаленскага архіепіскапа абмяжоўвалася тэрыторыяй Ануфрыеўскага манастыра, бо землі Мсціслаўскага ваяводства па-ранейшаму ўваходзілі ў склад Полацкай архіепіскапіі. Сам манастыр быў драўляным, колкасць манахаў складала 8 чалавек.
Сітуацыя змянілася з далучэннем Мсціслаўшчыны да Расейскай імперыі ў 1772 годзе. У 1784 годзе архімандрыт Ануфрыеўскага манастыра Іраклій Лісоўскі прызначаецца полацкім уніяцкім архіепіскапам, а з 1806 года ён стаў уніяцкім мітрапалітам Расейскай імперыі. У той жа час ён працягваў заставацца ануфрыеўскім архімандрытам, што аўтаматычна рэзка ўзвысіла статус манастыра.
Менавіта пры Лісоўскім пачалося будаўніцтва мураваных царквы і манастырскіх карпусоў, скончанае ўжо пасля смерці мітрапаліта (памёр у 1809 годзе).


Пасля далучэння уніятаў да праваслаўнай царквы манастыр быў вернуты праваслаўным, у савецкія часы зачынены і часткова зруйнаваны.


Зойдзем у царкву св. Ануфрыя.


Візітная картка царквы - стромкая званіца, якая сваёй тэлескапічнай будовай выклікае ў памяці храмы часоў росквіту віленскага барока.


Заходзім.


Глядзім угору...


Па напаўзбітых сходах у таўшчыні сцяны ўздымаемся на другі ярус, глядзім уніз...


глядзім угору...


Узняцца вышэй немагчыма: лесвічны калодзеж захаваўся ў добрым стане, але ад самой лесвіцы засталіся толькі адтуліны ў муры.




Насупраць увахода на сходы на першым ярусе ў муры ніша, магчыма, для скульптуры.


Ідзем далей.


Алтарная частка: некалі тут адбываліся набажэнствы...


А цяпер гняздуюцца буслы...


Так зараз выглядаюць званіца і нартэкс (прытвор).


Як бачым, скляпенне цалкам абрынулася, захаваліся толькі дзве падпружныя аркі - у алтары і ў нартэксе.




Але сцены яшчэ досыць моцныя.


Абыдзем храм, каб зірнуць на апсіду.


З гэтага ракурса будынак уражвае сваёй масіўнасцю, угрунтаванасцю,


у той час як галоўны фасад, дзякуючы імклівай вертыкалі званіцы, здаецца, вось-вось адарвецца ад зямлі.


Ля ўвахода пасвіцца каларытны гусіны статак.


Побач з царквой захаваліся рэшткі гаспадарчага корпуса манастыра.


Калісьці тут знаходзіліся манастырскія кухня, камора, бібліятэка і архіў.


Як бачым, гэты корпус захаваўся ў значна горшым стане, чым царква.


Застаецца спадзявацца, што царква св. Ануфрыя паспее дачакацца рэстаўрацыі, перш чым таксама апынецца ў такім стане...

Previous post Next post
Up