У суботу 14 красавіка, згубіў амаль гадзіну, але ж такі знайшоў! Пакуль няма ліствы на дрэвах. На праваслаўных могілках вёскі Калдычэва маецца вось такі цікавы, але напалову зруйнаваны помнік.
На жаль даведацца пра яго цяжка. Зьбітыя ўсе словы, што некалі былі на помніку. Зразумела адно, што гэта мэмарыял нямецкім жаўнерам, якія загінулі тут пад час Першай Сусьветнай вайны.
Хутчэй за ўсё, будавалі яго немцы за часамі міжваеннай Польшчы, калі аднаўлялі і ўпарадкавалі магілы сваіх жаўнераў.
Пазьней, за савецкім часам, помніку адбілі галаву і зьбілі літары.
Паламаныя ў некаторых месцах лавачкі, якія цягнуцца вакол бэтоннай агароджы.
Хутчэй за ўсё помнік усталявалі на месцы братэрскай магілы. Аднак цяпер ваколя яго і каля яго зьявіліся новыя пахаваньні.
Помнік знаходзіцца на ўзвышшы могілак, недалёка ад дарогі Баранавічы-Наваградак.