Вершнікі Апакаліпсысу, альбо Магіляўскія Фэрмапілы

Feb 23, 2016 13:10

Originally posted by imbierac at Вершнікі Апакаліпсысу, альбо Магіляўскія Фэрмапілы


Крылатыя вершнікі Рэчы.


27 чэрвеня 1581 р., менш за 200 гусароў роты Марціна Казаноўскага на працягу сямі гадзін абаранялі Магілеў ад 30-тысячнага маскоўскага войска. Абаранялі не на сьцянах, але біліся ў чыстым полі! А калі на падмогу прыбыло яшчэ каля трох соцень вершнікоў лёккай кавалерыі, гусары увогуле прагналі ворага ад горада.

Эскадрон гусар лятучых(с)

Папераджальны ўдар

Рок 1581 вядомы ёсьць у гісторыі чарговай, трэцяй ужо, выправай войска пад начальствам Сьцяпана Батуры супроць Маскоўскага княства. Дзьве папярэдніх былі цалком пасьпяховымі. Былі вызвалены вялікалітоўскі Полацак і здабытыя Вялікія Лукі. Трэйцяя выправа была зькіраваная на Пскоў. Але яшчэ да таго, як войска Рэчы стала пад гэным месцам у канцы жніўня, войска маскавітаў у чэрвені ўварвалася ў Вялікалітву. Ягоны памер ацэньваецца па-рожнаму. Некаторыя сучасьнікі называюць лічбы сорак ці сорак пяць тысячаў "масквы й татараў", але найбольш верагодна, што колькасць ягоная сягала блізу 30.000. Гэную лічбу падаў нехта Маркоўскі, паручнік (леўтэнант) гусарскае роты (швадрона) Марціна Казаноўскага, польскі камандзер, які біўся з войскам каля брамы Магілева.

Войска агрэсора, хоць і было вельмі вялікім, не зьяўлялася высокавартасным. Складалася яно амаль цалком з кавалерыі татарскае, казацкае й маскоўскае. "Людзі нікчэмныя, дрэнныя" - так пра тое войска пісаў ксёндз Ян Пятроўскі, "Штодёньнік выправы Сьцяпана Батуры пад Пскоў" якога зьмяшчае апісаньне гэных падзеяў, пададзеныя згаданым вышэй паручніком Маркоўскім.

Такое войска ідэальна падыходзіла адно для рабаваньня безабаронных вёсак і прадмесьцяў. Аднак, нягледзячы на наяўнасць (некалькіх?) пушак, жоўнэры маскоўскія ня былі гатовыя да працяглай аблогі добра ўмацаваных і належным чыном абароненых фартэцаў і месцаў, хоць яны маглі й спрабавалі ўзяць іх зьнянацку, выкарыстаўшы ніскі маральны дух абаронцоў. У чыстым полі, дзякуючы сваім памерам, яны, натуральна, уяўлялі сабой сурыёзную пагрозу для Палякоў і Ліцьвіноў, таму што апошнія ня мелі ў раёне, ахопленым ўварваннем (фронт ад Дуброўны праз Воршу, Копысь, Шклоў да лініі Магілеў, Радомль, Мсціслаў) занадта шмат сіл, а тыя, якія месьціліся там раней (каля 1000 вершнікоў), былі ўжо расьсеяныя.

У лісце Стравінскага да польскага караля, напісаным ў Магілеве, пададзены быў сьпіс вайсковых камандзераў захопнікоў. Гэна былі:

"Старшыя вайскаводы: першы - Міхайла Пятровіч Кайцероў, другі - Андрэй Іванавіч Хварасьценін, трэйці - Ізмайлаў, чацьвёрты - Роман Дзьмітравіч Бутурлін, пяты - князь Міхайла Васілевіч Наздраваты, шосты - князь Іван Міхайлавіч Валхоўскі, сёмы - князь Марцулей Шчарбаты, восьмы - Іван Міхайлавіч Батуркін, дзевяты - Фёдар Фустоў, дзесяты - Міхайла Глебоў Салцікоў, адзінаццаты - князь Іван Барацінскі, дванаццаты - татарскі князь Іван Куланчук Чэрмікой, вартавы поўк татароў, трынаццаты - Уладзімер Галовіч, чатырнаццаты - Васілі Іаноў, вайскавода данскога казацтва, пятнаццаты - Ярмак Цімафеявіч, казачы атаман."

Тады Стравінскі вызначыў і склад гэных сіл:

"Гэна былі людзі, зь якімі татары, гэна цемнікоўскія, кадомскія, касімоўскія, ваемаскія, сьвяскія й чобасарскія таксама, і масква 45.000, стралкоў з Дону й масквы вершнікоў 1000."

Гэнае войска фарсіравала Дняпро й з 25 па 27 чэрвеня стаяла пад Магілевам.

Бітва ...

У аўторак 27 чэрвеня маскоўская армія ўдарыла па прадмесьцях Магілева. Спаліла іх, аб чым каралю паведаміў Стравінскі:

"Да сьценаў месца падыйсьці спрабавалі, каб замак выпаліць, на што мы з Божаю дапамогай стральбой з замка й вастрога, таксама маючы стралкоў з рушніцамі паміж платамі й дамамі, а таксама атакамі, абаранялі й іх не дапускалі, дзякуй дапамозе Божай і шчасьцю Вашай Вялікасьці. У прадмесьцях, вышэй названых, сотні дамоў спалілі, але ў людзях няма шкоды, і нікога не захапілі, толькі двох застрэлілі, але саме вялікую страту ў людзях з-за стральбы з вастрогу й замка, пры спробе захопу месца, мелі."

Адвагі не хапіла-б, аднак, калі-б месьцічом не прыйшлі на дапамогу спачатку гусары (рота Марціна Казаноўскага, колькасьцяй 200 вершнікоў), і празь 7 гадзін пасля таго, лёккія вершнікі (рота пяцігорская Цемрука Шымковіча, якая складалася з 164 казакоў, і рота Крыштопа Радзівіла пад начальством Галібека, якая складалася са 150 вершнікоў).

Падрабязнасьці сутыкненьня кавалерыі вядомыя дзякуючы апісаньню шляхціча Галоўчынскага, які са спаленага Галоўчына 30 чэрвеня 1581 р. паведамляў каралю:

"У Вашае Вялікасьці Магілеве й магілеўскіх прадмесьцях колькісот дамоў спаленыя, у Магілеве й замку людзей замала, адно з дапамогай Госпада й Вашае Вялікасьці жоўнэроў, ротаў Пана Троцкага [Крыштопа Радзівіла], Паноў Казаноўскага й Цемрука, якія ў той час былі сабраныя разом, адбілі іх і адбаранілі замак і месца, ды мелі бітву зь імі."

Апісаньне Галоўчынскага завершанае прыпіскай ксяндза Яна Пятровскага ад 11 ліпеня 1581 р., які ў ёй адзначыў наступнае:

"Сёння прыехаў сюды быў Маркоўскі, паручнік роты Казаноўскага, ён прынёс быў вестку, што 27 чэрвеня пад Магілеў, як ён кажа, масква й татары прыйшлі, каля 30.000 чалавек, людзі нікчэмныя, дрэнныя, што яны штурмавалі Магілеў, і рота Казаноўскага ў 200 вершнікоў без ротмістра (капітана), пачуўшы пра іх, прыйшла, пасля чаго пад Магілевам зь імі біліся на працягу дня, 7 гадзін, каб захоп прадухіліць. Потым рота Цемрука прыйшла [на дапамогу]. Масква, маючы шмат людзей, пачала ўцёкі й выйшла да Дняпра, пераправілася [на другі бок]. Нашыя на тае пераправе грамілі яе й на азначаным баку разагналі, схапіўшы частку ў палон, якія тут Маркоўскі - гэна ад нашае Kрушвіцы - каралю прывёў. Шкоду вялікую тая рота [Казаноўскага] у конях мела: масква ім усіх з лукоў і рушніцаў пастрэляла. Таксама параненых таварышоў і пахолкоў досыць; забітых, дзякуй Богу, [у роце] няма."

Хоць у роце гусароў Казаноўскага ніхто не загінуў, але не ў казачае, Кшыштопа Радзівіла, роце, дзе паручніком быў Галібек:

"Іншыя былі забітыя, і тры таварышы захопленыя жывымі: Гульскі, Зьбікоўскі й Кураед."

...і пасля бітвы

Магілеў ацалеў. Адыходзячыя маскоўскія войскі пайшлі праз Воршу, палячы на шляху некаторыя, але не вельмі шматлікія, вёскі. Ліцьвіны ў паніцы апісалі свае страты, перабольшыўшы іхнюю колькасьць да 2.000 спаленых вёсак, але на самой справе, гэныя страты былі не такія вялікія. "Шкоды ў вёсках няма там [каля Магілева] такей, як было сказанае." - пісаў ксёндз Пятроўскі, спасылаючыся на паручніка Маркоўскага. Дадаўшы: "Ліцьвінскія ўсе навіны непраўдзівыя." Між тым, "Дуброўна толькі ў страху й галава менскі [Іван Глябовіч], штопраўда, спалілі ягоную вёску, таксама і Галоўчынскаму, які пісаў каралю скаргу."

30.000-е маскоўскае войска, нарэшце, выйшла з Вялікалітвы, і ... больш як 200-тысячнае войска Рэчы ўвайшло ў Маскоўскае княства ды накіравалася ў Пскоў!

Паводле артыкулу Д-ра Радаслава Сікоры "200 гусароў супроць масквы".





Латы гусароў Рэчы Паспалітай.

Previous post Next post
Up