Не дайце знішчыць спадчыну Казіміра!

May 23, 2011 21:07



Самай сенсацыйнай падзеяй 2006 года для Светлагорскага раёна стала інфармацыя аб тым, што на месцы вёскі Каралёва Слабада-2 ў XVII стагоддзі стаяў горад Казімір, які меў магдэбургскае права. Аўтар адкрыцця доктар гістарычных навук прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага техналагічнага ўніверсітэта Сяргей Рассадзін адказвае на мае пытанні.


Фота: www.expressnews.by
- Сяргей Яўгенавіч, першы сезон раскопак у вёсцы Каралёва Слабада-2 Светлагорскага раёна, дзе, як мяркуецца, знаходзiўся горад Казiмiр, завяршыўся. Што хацелася б паведаміць жыхарам раёна ў першую чаргу?

- З задавальненнем інфармую жыхароў Светлагоршчыны аб праведзеных раскопках. На вышы пытанні я адкажу з асаблівай ахвотай і вось чаму: вы адны з першых шчыра ўспрынялі маю гіпотэзу аб знаходжанні старажытнага горада Казіміра на месцы сучаснай вёскі Каралёва Слабадзе-2. Даволi доўга не давалі спакою маім светлагорскім сябрам, каб тыя, нарэшце, выманілі мяне з Мінска, адарвалі ад рукапісу чарговай кніжкі. І не дарэмна. У першай жа паездцы літаральна на бульбяным полі аднаго з жыхароў Каралёва Слабады-2 я знайшоў кавалкі кафлі і фрагменты шклянога посуду XVII стагоддзя. Такім чынам, у адкрыцці Казіміра ёсць, безумоўна, і ваш уклад.

- Дзякуй, Сяргей Яўгенавіч за добрыя словы ў мой адрас! Можна лічыць, што горад Казімір знойдзены?

- Канешне, прычым быў адшуканы двойчы. Першы раз у 2001 годзе, калі ў архіве старажытных актаў Польшчы я знайшоў прывілей ад 1643 года на магдэбургскае права гораду Казіміру Бабруйскага староства, а другое яго нараджэнне -  2006 год. Дарэчы, на правядзенне далейшых даследванняў на месцы існавання горада Казіміра Нацыянальнай Акадэміяй навук Беларусі на 2007 год выдзелена 12,5 млн. рублёў.

- Гэта значыць, што адкрыццё Казіміра вельмі каштоўнае для беларускай гістарычнай навукі?

- Мяркуйце самі: прывілеі на магдэбургскае права мелі ўсяго два дзесятка беларускіх гарадоў. І раптам высвятляецца, што знойдзены яшчэ адзін такі раней невядомы беларускім вучоным горад, ды яшчэ які існаваў у XVII стагоддзі. Думаю, што для кожнага гісторыка такая знаходка - мара ўсяго жыцця. Гэта як археолаг Генрых Шліман спачатку вычытаў аб Троі ў Гамэра, а потым знайшоў яе на мясцовасці... З адкрыццём горада Казіміра Светлагоршчына набыла вялікую гістарычую спадчыну. Сёння я магу смела сказаць, што ў Каралёва Слабадзе быў адкрыты беларускі варыянт еўрапейскай цывілізацыі XVII стагоддзя. Знойдзены ювелірныя вырабы ў стылі барока, цудоўныя прадметы з шклу мясцовых майстроў і іншае.

- Мы перайшлі да пытання аб знаходках на месцы горада Казіміра. Якія з іх, на ваш погляд, самыя цікавыя?

- У археолага самыя цікавыя знаходкі гэта, канешне ж, тыя, што яшчэ чакаюць яго наперадзе. І я таксама веру, што наступны сезон раскопак Казіміра будзе больш “ураджайным”. Хаця і атрыманыя ўжо калекцыі, скажам так, уражваюць. Я не кажу аб фрагменце нейкага каштоўнага кубка з манаграмай “VIP”. Але важна, калі гэтакія адметныя дэталі не застаюцца ізаляванымі, а ўтвараюць пэўнаю шматкаляроваю карціну. Напрыклад, шматлікія рэшткі кафлі з Казіміра ў асноўнай сваёй масе належылі, мусіць, да адной і той жа мураванай печы. Ёй абаграваўся драўляны, але зусім нябедны дом. Жытло згарэла, печ абрынулася крыху пазней, як гэта звычайна бывае пры падобных сумных абставінах. Такім чынам, відавочна, як узрастае каштоўнасць археалагічных знаходак. У дадзеным выпадку яны з’яўляюцца рэчывымі доказамі сапраўднасці адной гістарычнай і, на жаль, вельмі трагічнай старонкі ў гісторыі горада Казіміра. І гаворка аб ёй ў нас яшчэ наперадзе.

- Гэта праўда, што на раскопках Казіміра была знойдзена кафля з выявай

герба ў выглядзе двухгаловага арла?

- I што цiкава, ані эмаллю, ані рознакаляровай паліваю гэтая кафля аздоблена не была. Хутчэй за ўсё, яна не прывазная, а мясцовага, казіміраўскага вырабу. Гэта пацвердзілі таксама зробленыя побач даволі шматлікія знаходкі дробных кавалкаў іншых кафляў, адціснутых у той жа самай форме. Безумоўна, сярод іх самай цікавай з’яўляецца кафля з выявай двухгаловага гербавага арла. На першы погляд, падумаеш, двухгаловы арол. Літаральна да 1917 года на кожнай капейцы Маскоўскай дзяржавы чаканілі такіх. Такіх, ды не гэтакіх! Царскія расійскія арлы каранаваныя (з каронамі на галавах арла - заўв. аўт.), а казіміраўскія - не. Такім чынам, з маскоўскаю каронаю арол з нашага Казіміра ніяк не звязаны. Іншая справа - карона імператараў Аўстрыі. Дарэчы, двухгаловы імперскі арол ў якасці аўстрыйскага дзяржаўнага герба дзейнічае па сенняшні дзень.

- Якое дачыненне Казімір з Бабруйскага староства меў да Аўстрыі?

- Можна сказаць, непасрэднае, нягледзячы на тое, што быў пабудаваны па-над Бярэзінай. Прыгадаем, што яго заснавала Цэцылія Рэната - жонка караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава ІV Вазы, якая да шлюбу з ім насіла тытул аўстрыйскай прынцэсы з роду Габсбургаў. Вось адтуль і прыйшоў да нас двухгаловы арол. А родавым гербам Габсбургаў быў чырвоны ў залатым полі леў. Становіцца зразумела, чаму каралева Цэцылія Рэната даравала гораду Казіміру “люстэркавы” варыянт родавага герба: толькі леў стаў залатым, а поле - чырвоным. У той час, як і цяпер, ужыванне афіцыйнага гарадскога сімвала патрабавала спецыяльнага дазволу. А вось герб адной з замежных краінаў, у дадзеным выпадку радзімы Цэцыліі Рэнаты, можна было тыражаваць без падобных абмежаванняў. Вось нашы казімірцы гэта і рабілі, мусіць, ушаноўваючы, такім чынам, сваю добрую каралеву.

- Сяргей Яўгенавіч, чаму горад Казімір не дажыў да нашых дзён, не патрапіў на геаграфічныя мапы?

- Цэцілія Рэната дачка аўстрыйскага імператара Фердынанда ІІ заснавала у Бабруйскім старостве спачатку слабаду, у якой гандлёва-рамесніцкае насельніцтва вызвалялася ад падаткаў. Слабада называлася каралеўскай, альбо Каралёва Слабада. Потым на гэтым месцы ў 1643 годзе ўзнік горад Казімір, названы так у гонар юнага прынца Сігізмунда-Казіміра - сына Цэціліі Рэнаты і Уладзіслава ІV Вазы. На жаль, Сігізмунд-Казімір памёр у шаснаццацігадовым узросце, не паспеўшы стаць чарговым польскім каралём. А горад загінуў у 1655 годзе, праз дванаццаць год апасля атрымання магдэбургскага права. Яго разрабавалі і спалілі падчас вайны паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай, якая пачалася ў 1654 годзе. Гэта зрабіў атрад казацкага гетмана Івана Залатарэнкі па загаду русскага цара Аляксея Міхайлавіча. У тыя смутныя часіны паплечнік Багдана Хмяльніцкага Залатарэнка прывёў з тэрыторыі сучаснай Украіны ў Рэч Паспалітую атрад рабаўнікоў і забойцаў, сярод якіх, я думаю, былі і беларусы незадаволеныя ўладаю. У адным з сваіх данясенняў гетман Іван Залатарэнка пісаў рускаму цару Аляксею Міхайлавічу: «А тыя городы, которые нам шкоды чинили, сожжены и под меч пущены». Спалены Бабруйск пасля вайны адрадзіўся, а вось Казімір (Каралёва Слабада) загінуў беззваротна, і праз два стагоддзя яго імя зусім было забыта.

- І вы ў выніку археалагічных раскопак знайшлі гэтаму доказы?

- Аб гэтым сведчаць адшуканыя наканечнікі татарскіх стрэлаў. Ях вядома, правадыр крымскіх татараў хан Гірэй быў саюзнікам гетмана Хмяльніцкага і ваяваў супраць Рэчы Паспалітай. Знойдзены таксама арбалетныя бранябойныя наканечнікі стрэлаў, якімі карысталіся па ўсёй Еўропе. Так што хеўра Залатарэнкі была даволі інтэрнацыянальнай. І няхай чытачоў не здзіўляе, што гэтакая архаічная зброя ўжывалася ў сярэдзіне XVII ст. Аж да канца ХІХ стагоддзя рэкорд хуткастрэльнасці належыў менавіта луку і арбалету.

- А што было потым на месцы Казіміра?

- Канечне, знішчыць ўсе насельніцтва Казіміра атрад Залатарэнкі не мог. Частка насельніцтва разбеглася па найбліжэйшых населенных пунктах. Таму я ўпэўнены, што сярод цяперашніх светлагорцаў ёсць нашчадкі жыхароў горада Казіміра...  Я знайшоў дакументы, з якіх вынікае, што ў 1887 годзе рускія стараабрадцы з Ковенскай губерні (сучасны Каўнас у Літве - заўв. аўт.) купілі землі колішняй слабады і пасяліліся тут. Гэта і ёсць тая вёсачка на трыццаць двароў, якая сёння вядома нам як Каралёва Слабада.

- Сяргей Яўгенавіч, жыхароў раёна цікавіць далейшы лёс адшуканых знаходак. Яны застануцца ў Мінску?

- Ёсць прынцыпіяльная дамоўленасць, што ўсе знаходкі з раскопак горада Казіміра будуць перададзены ў Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей. Дарэчы, частка экспанатаў ужо знаходзіцца там.

- Не баіцеся, што ў Каралеўскую Слабаду рынуцца “чорныя капальнікі”?

- Я спадзяюся, што старшыня Светлагорскага райваканкама, старшыня Краснаўскага сельскага Савета, міліцыя, жыхары горада і раёна не дадуць варварам яшчэ раз знішчыць спадчыну горада Казіміра.

Віктар Раманцоў
2007 г.

Сяргей Рассадзін: “Не дайце знішчыць спадчыну Казіміра”//Ранак-плюс.2007. №3. С.4.

Спасылка на iнтэрнэт: http://ranak.by/plus/viewrp.php?id=1898
Previous post Next post
Up