БелЭльба 3-5 траўня'08

May 06, 2008 23:23

Калі ў лесе вас вітаюць словамі “А вы автостопщики? А что, сейчас правда подбирают?” то ёсьць верагоднасьць, што вы трапілі не проста ў лес, а на Эльбу. Эльба - гэта месца, дзе зьбіраецца вольны падарожны люд, яны паляць вогнішчы, жывуць у намётах ды частуюць адзін аднаго стопніцкімі байкамі. І не толькі))
На Эльбе засынаеш сівым ранкам пад гукі тамтамаў, а прачынаешся апоўдні ад слова “тушенка”) Насоўваеш ліхтарык на лоб і ўсё адно дашчэнту брудзіш кеды ў мясцовым балоце. Не заўважаеш, як жарт становіцца нормай жыцьця, і разумееш, што камунізм усё ж існуе - няхай у форме агульнага посуду і ежы, і ... мыла)) Гэта - пазітыў, гэта - бескарысьлівасьць, гэта - узаемадапамога. Бо кожны з прысутных хоць аднойчы падчас сваіх прыгод на трасах і ў гарадох уцяміў сапраўдную істотнасьць гэтых рэчыў.
На Эльбе можна гуляць цэлую ноч у асацыяцыі і ў кракадзіла. Сьмяяцца да болю ў сківіцах. І піць фірмовы эльбійскі кактэйль пад назовай “дэбашыр”, асноўныя складнікі якога - згушчонае малако, кава і гарэлка. Дарэчы, ідэя была нахабна скрадзена ў альпіністаў - яны такім сродкам грэліся))
Можна знаёміцца з новымі людзьмі, кожны зь якіх - мех цікавостак. Даведацца, што кенні бываюць макаронамі. Спрачацца і згаджацца, пускацца ў сьцёб і самыя сур’ёзныя развагі, набрыняць рознай-рознай інфой!! Аж пакуль не адчуеш перагруз мозгу людзьмі, іх сутнасьцямі..
Можна слухаць гітары, сьпяваць, сьпяваць і к заканчэньню другога дня зразумець, што рукі і ногі больш не могуць не адбіваць гэты дзіўны рытм - музыкі сусьвету)
А яшчэ можна хадзіць басанож па сакавітай траўцы, сядзець у дзьмухаўцах, хаваць вялікае марозіва сушкамі і ляжаць на гарачым асфальце, адчуваючы сапраўдную еднасьць з дарогай)
А аўтаспын - ён заўсёды велічны! І насамрэч кайфова падараваць кіроўцу фуры дыск з беларускай музыкай і ўвесь шлях, ад аршанскага скрыжаваньня Е30 і Е95 слухаць сьпевы Вольскага й Варашкевіча - аж пакуль не настане час скочыць у абдымкі шэрага Менску.















вандроўкі

Previous post Next post
Up