Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага

Jul 01, 2014 20:42





Вялікае Княства Літоўскае у XIII - XVI ст.
  Павялічыць   →   http://fotki.yandex.ru/next/users/czeslaw2013/album/421357/fullscreen/885019m




→   Павялічыць    Вялікае Княства Літоўскае у XVI ст. (да Люблінскай уніі 1569 г.)

  1. Уступ
  2. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
  3. Унутры- і знешнепалітычнае становішча Вялікага Княства Літоўскага ў XIV - першай палове XVI ст.
  4. Развіццё феадальных адносін


Уступ

Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага здаўна прыцягвала ўвагу даследчыкаў мінуўшчыны. Ужо ў XVI ст. з'яўляюцца творы, што абапіраліся на беларуска-літоўскія летапісы і дакументальныя матэрыялы з дзяржаўнага і родавых магнацкіх архіваў. Пэўна самай значнай з падобных прац была "Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі" Мацея Стрыйкоўскага, выдадзеная ў Каралеўцы (сённяшні Калінінград) у 1582 г.

Але сістэматычнае, усебаковае вывучэнне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалося ў XIX ст. Афіцыйная гістарычная расійская школа гэтага часу разглядала развіццё Вялікага Княства з пункту гледжання агульнарускага адзінства. Некаторыя прадстаўнікі гэтай школы - М.Устралаў, М.Каяловіч, П Бранцаў - менавіта заходнерускім землям адводзілі галоўную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Княства да канца XIV ст. Але потым, калі Княства заключыла шэраг уній з Польшчай, на думку гэтых гісторыкаў, "рускія" землі трапілі пад іншаземна-каталіцкі прыгнёт і далейшая іх гісторыя развівалася пад знакам пастаяннага імкнення да аб'яднання з праваслаўнай Расіяй. Пры гэтым згаданыя даследчыкі не заўважалі на землях Русі, што сталі складовай часткай Вялікага Княства Літоўскага, працэсаў фарміравання асобных народаў - беларускага і ўкраінскага. Гэтыя народы з'яўляліся для іх не больш чым галінамі аднаго "рускага (мелася на ўвазе вялікарускага) народа, толькі з некаторымі адрозненнямі ў культуры і мове.

Пэўны адыход ад прыведзенай трактоўкі гістарычнага лёсу Вялікага Княства Літоўскага назіраўся ў працах гісторыкаў канца XIX - пачатку XX ст. - М Любаускага, Ф.Леантовіча, М.Доўнар-Запольскага, У.Пічэты. Яны разглядалі Вялікае Княства як дзяржаву федэратыўную, што ўзнікла ў працэсе галоўным чынам мірнага дагаворнага аб'яднання Літвы і Заходняй Русі. Прычым усходнеславянскія землі ў складзе гэтага дзяржаўнага арганізма адыгрывалі значную ролю на працягу ўсяе яе гісторыі, а не знаходзіліся з канца XVI ст. пад зверхнасцю заходніх суседзяў. У XV - XVI стст., згодна з высновамі М.Любаўскага, у "Літоўска-Рускай" дзяржаве (так ім вызначалася Вялікае Княства Літоўскае) усталяваўся палітычны лад, які меў значнае падабенства з сярэдневяковым заходнееўрапейскім феадалізмам.



Карта Вялікага Княства Літоўскага, складзеная ў 1562 г. Вацлавам Градэцкім.

Але ў савецкі час (прыкладна з 30-х гг.) у працах беларускіх і расійскіх гісторыкаў Вялікае Княства Літоўскае падавалася для беларусаў як чужародная дзяржава-прыгнятальніца. "Літоўска-польскае панаванне над беларускім народам" прыраўноўвалася да мангола-татарскага ярма для ўсходняй і паўднёвай Русі.

На нацыянальна-незалежніцкім грунце будуюць свае высновы беларускія гісторыкі, што працавалі і працуюць у гады адраджэння (10 - 20 гг. XX ст.), уздыму і ўвасаблення (канец 80-х -90гг. XX ст.) беларускай дзяржаўна-незалежніцкай ідэі, ці тыя, хто захоўваў яе, знаходзячыся ў эміграцыі (Вацлаў Ластоўскі, У.Ігнатоўскі, М.Доўнар-Запольскі, М.Ермаловіч, П.Урбан і інш.). У іх пункце гледжання на гісторыю Вялікага Княства Літоўскага пераважае думка, згодна з якой утварэнне гэтай дзяржавы адбывалася на сучасных беларускіх землях і па сваім змесце яна з'яўлялася адназначна беларускай (М.Ермаловіч). Унутраная і знешняя палітыка вярхоўнай улады Вялікага Княства Літоўскага, на думку П.Урбана, у асноўным адпавядала інтарэсам беларускага народа.

Больш узважана падыходзяць да ацэнкі дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага сучасныя беларускія даследчыкі, якія падкрэсліваюць яго федэралізм, поліэтнічнасць. Так, удзельнікі міжнароднага круглага стала "Беларусь у Вялікім Княстве Літоўскім" (1992 г.) прыйшлі да высновы, што "ўсе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага Княства, а найперш беларускі і літоўскі, з'яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы".

Ў 20 - 80-я гг. нашага стагоддзя ў беларускай гістарыяграфіі грунтоўна і плённа распрацоўваліся праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця Вялікага Княства Літоўскага. Гісторыі вялікакняжацкіх гарадоў прысвечаны даследаванні В.Дружчыца, З.Капыскага, В.Мялешкі, А.Грыцкевіча. Праблемы аграрнай гісторыі разглядаліся ў артыкулах і манаграфіях У.Пічэты, К.Кернажыцкага, Дз.Пахілевіча, М.Спірыдонава, П.Лойкі, В.Голубева. Ваенна-гістарычнай тэматыцы прысвяцілі свае працы М.Ткачоў, Г.Сагановіч. Гісторыю культуры і права распрацоўвалі ў сваіх даследаваннях Я.Юхо, С.Падокшын, С.Сокал, Г.Галенчанка і інш.



Літва. Гравюра XV ст. З "Сусветнай хронікі" Г.Шэдэля

У сваіх навуковых пошуках гісторыкі абапіраюцца на першакрыніцы. Менавіта яны дазваляюць нібы пабачыць мінулае сваімі вачыма, пабываць у ім, адчуць дух і атмасферу адышоўшых эпох, зразумець норавы, клопаты, памкненні прашчураў. Гэтыя пісьмовыя помнікі падзяляюцца на дакументальныя (актавыя матэрыялы, заканадаўства, матэрыялы справаводства) і апавядальныя, да якіх адносяцца летапісы і хронікі, літаратурныя і публіцыстычныя творы, мемуары.

Найбольш масавымі крыніцамі з'яўляюцца акты і граматы сацыяльна-эканамічнага і сацыяльна-палітычнага характару. Яны характарызуюць працэс фарміравання феадальнага землеўладання, стан гаспадаркі, саслоўную структуру насельніцтва і сацыяльную палітыку ўрада. Люстэркам свайго часу з'яўляюцца заканадаўчыя помнікі - Судзебнік Казіміра 1468 г. і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 г., Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Па іх можна ўявіць грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны, правасвядомасць, мараль і побыт, культуру і мову людзей XV - XVI стст.

Багацейшай крыніцай ведаў аб мінулым з'яўляецца справаводная дакументацыя, што адклалася ў вялікакняжацкай канцылярыі ў Вільні (Метрыка Вялікага Княства Літоўскага), у актавых кнігах судовых устаноў дзяржавы. Розныя бакі жыцця Беларусі адлюстроўваюць матэрыялы рэвізій гаспадарскіх уладанняў адміністратыўных раёнаў (старостваў, эканомій, валасцей, княстваў), інвентарныя апісанні феадальных уладанняў, гарадоў і мястэчак, мытныя кнігі. Гісторыя вайсковай справы знайшла адбітак у "попісах" (вопісах) войска Вялікага Княства Літоўскага 1528, 1565 і 1567 гг.

Значную цікавасць для гісторыка ўяўляюць дакументы вальных Соймаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, павятовых соймікаў, з'ездаў шляхты: спісы пытанняў для разгляду, інструкцыі, наказы дэпутатам ад шляхты, прамовы, паведамленні розных камісій, скаргі, пратаколы пасяджэнняў, універсалы, дэкларацыі, канстытуцыі (пастановы)і інш. Іх дапаўняюць "дыярыўшы" з апісаннем сеймавых падзей, выступленняў дэпутатаў, закулісных палітычных інтрыг.

Асобную групу крыніц складаюць перапіска вялікіх князёў літоўскіх з магнатамі Беларусі, Літвы, Ўкраіны, з кіраўнікамі суседніх дзяржаў, карэспандэнцыя паноў-рады, гаспадарскай канцылярыі, вышэйшых царкоўных іерархаў.



Вільня. Гравюра XVI ст.

Асноўным відам апавядальных крыніц з'яўляюцца летапісы. Падзеі XIII - XIV стст. знайшлі адлюстраванне ў галіцка-валынскім, наўгародскім, пскоўскім, уладзіміра-суздальскім летапісах XV - XVI стст. - у агульнарускіх летапісных зборах. Выдатнымі помнікамі агульнадзяржаунага летапісання Вялікага Княства Літоўскага з'яўляюцца Летапісец вялікіх князёў літоўскіх, Збор 1446 г., Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жмойцкага, Хроніка Быхаўца. Кожнае іх слова - важная крыніца для гісторыка. Палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ўдзялілі значную ўвагу польскія гісторыкі XV - XVI стст.: Я.Длугаш, Б.Вапоўскі, М.Кромер, М.Бельскі і інш. Асаблівую цікавасць уяўляе "Хроніка польская, літоўская і ўсяе Русі" Мацея Стрыйкоўскага.

Бурлівыя падзеі XVI-XVII стст. пакінулі вялікую колькасць мемуараў рознай гістарычнай, інфармацыйнай і мастацкай вартасці. Найбольш прыкметнымі з'яўляюцца "Гістарычныя запіскі" Ф.Еўлашоўскага і "Дыярыўш" А.Філіповіча.Фрагментарныя звесткі пра Беларусь палітычнага, геаграфічнага і бытавога характару сустракаюцца і ў запісках замежных дыпламатаў, вандроунікау, пісьменнікаў (С.Герберштэйна, А.Гваньіні, А.Пасевіна і інш.). Яны адлюстроўваюць погляды еўрапейцаў на нашу гісторыю.



Назвы раёнаў Вільні па-беларуску:

Аўтар-складальнік ©Czesław List

Назад   →   Гiсторыя Беларусi

История Беларуси, Беларусь, Библиотека

Previous post Next post
Up