Што такое Вялікае Княства Літоўскае?

Oct 14, 2014 13:28

Вялікае Княства Літоўскае - гэта сярэднявечная беларуская дзяржава, што паўстала ў ХІІІ стагоддзі на Новагародскай зямлі. Умацаваньне яе адбывалася на эканамічным і культурным грунце старадаўных беларускіх княстваў - Полацкага, Турава-Пінскага і Смаленскага.

Жамойты (або, як сёння яны сябе называюць, летувісы) да ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага не мелі ніякага дачыненьня. Утварэньне яго дыктавалася інтарэсамі беларускіх феадалаў, нашыя старажытныя землі складалі аснову эканамічнай і вайсковай магутнасці Княства, панавальнае месца ў ім займала беларуская мова і культура, а дзяржаўнае заканадаўства развівалася з традыцыйнага (звычаёвага) права старажытных славянскіх народаў. Такім чынам, азначэнне гэтай дзяржавы як беларускай мае пад сабой усе падставы.

Вялiкае Княства Лiтоўскае (беларускае), рускае (украiнскае) i жамойцкае (цяперешняя Летува) - дзяржава сярэднявечча. Прэтэнзii сучасных летувiсаў (у мiнулым жамойтаў) апраўдаць цяперашнюю назву сваёй краiны спасылкай на тое, што ў назве ВКЛ «лiтоўскае» належыць да iх народу, зусiм неабгрунтаваны, паколькi  жамойты ў культурным, вайскова-палiтычным разьвіцьці не апярэджвалi лiтвiнаў-беларусаў i ўкраiнцаў, а па колькасьцi насельнiцтва складалі ня больш за 20% насельнiцтва Княства. Таксама неверагодна, каб у федэратыўнай дзяржаве адзiн народ называўся дзвюма назвамi (i лiтоўцамi, i жамойтамi), а два другiх народы з доляй насельнiцтва ў 80% называлiся адной назвай - рускiмi. I гэта не адзiныя аргументы за тое, што гiстарычная Лiтва - гэта ёсьць сучасная Беларусь.

У сваім развіцці Вялікае Княства прайшло тры асноўныя этапы: станаўленьня і ўмацаваньня - ХІІІ-ХІV стагоддзі; росквіту і найвышэйшай магутнасці - ХV першая палова ХVІІ стагоддзя; паступовага аслабленьня і заняпаду - другая палова ХVІІ стагоддзя - канец ХVІІІ стагоддзя.

Усё насельнiцтва, якое жыло за заходняй мяжой Масковii, якая ў сваю чаргу знаходзілася ў 100-300 км ад Масквы, называлася лiтоўцамi або лiтвiнамi. Нiякiх беларусаў тады не iснавала. У сярэднявеччы термiнамi “рускi” або “русiнскi” на неафіцыйным узроўні ў ВКЛ называлi насельнiцтва ўнiяцкага або праваслаўнага веравызнаньня, або славянскай мовы, або якое ў пiсьме карысталася кiрылiцай.

Пачатковы этап станаўленьня новай Беларускай дзяржавы характарызаваўся моцнымі цэнтралізацыйнымі тэндэнцыямі Новагародка, ягонай зацятай барацьбой з Жамойцяй, Галіцка-Валынскай зямлёй, а гэтаксама з крыжакамі - Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі. Вялікае Княства няспынна імкнулася да пашырэння сваіх межаў шляхам заваёваў у часы Альгерда (1345-1347) і Вітаўта (1392-1430). Абшары гаспадарства павялічваліся і шляхам мірнага пераходу пад ягоную юрысдыкцыю суседніх дзяржаваў, яскравы прыклад чаго - добраахвотнае далучэнне да Княства ў 1559-1560 гадах Інфлянтаў, якія шукалі паратунку ад Маскоўшчыны.

Экспансіянісцкая палітыка Вялікага Княства, уваходжанне ў яго склад велізарных абшараў Усходняй Эўропы надавала нашай дзяржаве характар імперыі. Асабліва гэта датычыць часоў Вітаўта, калі ўлада манарха была неабмежаванаю, межы гаспадарства сягалі Балтыйскага і Чорнага мораў, а пад яго пратэктаратам знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Разань.

Дый пазней Княства абвяшчала свае прэтэнзіі на першынства ў славянскім свеце і не толькі ў ім, напрыклад у перыяд княжання Сцяпана Батуры, калі нават паўстаў плян крыжовага паходу "праз Маскву на Турэччыну". Але сказанае, вядома, меньш за ўсё датычыць другой паловы ХVІІ-ХVІІІ стагоддзя, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывала глыбокі заняпад і паступова страчвала свае землі.

У залежнасці ад дзяржаўна-палітычных межаў краіны ўдакладняўся і яе афіцыйны назоў. У ХІІІ-ХІV стагоддзях яна называлася Вялікае Княства Літоўскае, а часцей за ўсё проста Літва, пасля далучэння ўкраінскіх земляў гаспадарства атрымала найменне Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. Затым, з уваходжаннем у яго склад Жамойці, а пазней Інфлянтаў ды іншых тэрыторыяў яго пачалі менаваць Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае, Інфлянцкае ды інш. Гэтакім чынам, назоў дзяржавы адлюстроўваў не федэратыўную будову, як гэта часта сцвярджаюць, а тэрытарыяльныя валоданьні вялікага князя.

Палітычны ляд Вялікага Княства Літоўскага - тыповая абмежаваная феадальная манархія на чале з вялікім князем. Ролю найвышэйшага заканадаўчага органа выконваў Галоўны з'езд (Сойм) шляхты, на які дэпутатаў абіралі праз дэмакратычныя выбары.

Паводле прынцыпаў дзяржаўнага і адміністрацыйнага ўпарадкаваньня Вялікае Княства з'яўлялася ўнітарнай краінай. Усялякія сепаратныя памкненні земляў, ваяводстваў, паветаў ці проста асобных моцных феадалаў расцэньваліся як парушэнне закону, дзяржаўнае злачынства і таму жорстка пераследваліся. Своеасаблівы феадальны "федэралізм" меў месца толькі на пачатку ўваходжання новых земляў у склад гаспадарства, у пэўны "пераходны перыяд", калі далучаныя абшары "асвойваліся". Але ён, як правіла, з часам разбураўся пад націскам агульнай унітарнай тэндэнцыі, што панавала ў Беларускай дзяржаве, асабліва з канца ХІV стагоддзя, калі Вітаўт на працягу 1392-1396 гадоў дарэшты зліквідаваў сістэму мясцовага (удзельнага) княжаньня. З другой паловы ХV стагоддзя цэнтралізацыйныя працэсы яшчэ больш паскорыліся, бо набылі вагу агульнагаспадарскія законы.

Такім чынам, Вялікае Княства Літоўскае - гэта спецыфічнае дзяржаўнае ўтварэньне, што існавала ў ХІІІ-ХVІІІ стагоддзях у геаграфічным цэнтры Эўропы, пераемніцай якога - пасля працяглага знаходжання нашых земляў у складзе Расейскай імперыі - была Беларуская Народная Рэспубліка, абвешчаная 25 сакавіка 1918 года, у пэўнай меры ўтвораная ў 1919-1920 гадах Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і, нарэшце, сёння пераемніцай гістарычных і культурных традыцый Вялікага Княства Літоўскага з'яўляецца суверэнная Рэспубліка Беларусь.

Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. 22.09.2007



Па тэме:

Мапы Вялікага Княства Літоўскага - Рэчы Паспалітай - Беларусі (By, Ru)
150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі
Вялікае рассяленне і утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага
Утварэнне Вялікага княства Літоўскага
Гісторыя пад знакам Пагоні. Вітаўт
Гісторыя пад знакам Пагоні. Ягайла
Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае - комплекс панарам, зробленых на аснове навуковых даследваньняў
Мапа Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Сэўттера (выдавалася з 1730 па 1740 гады ў Аўгсбургу)

Аўтар-складальнік ©Časłaŭ List

Назад   →   Гiсторыя Беларусi

История Беларуси

Previous post Next post
Up