Sep 24, 2008 23:43
У гэтым мясяцы спаўняецца роўна 10 год істотнай для мяне падзеі - у верасні 1998 г. я перайшоў на беларускую мову.
“Перайшоў на беларускую мову” - гэта значыцца пачаў думаць па-беларуску. І ў тыя далёкія часы і цяпер - думанне па-беларуску - ёсць для мяне асноўным і адзіным крэтэрам беларускасці (у найвышэйшым разуменні гэтага слова). Бо чалавек можа быць пастаўлены ў самыя розныя ўмовы і размаўляць па-расейску 80% свайго дня (напрыклад на працы і ў сям’і) і адводзіць душу толькі ў кампаніі сяброў, але калі ён думае па-беларуску, то значыцца ён перайшоў мяжу. І, наадварот, чалавек можа працаваць у якой-небудзь НГА, размаўляць з калегамі не па-маскальску, але калі ён думае па-расейску, значыцца … у яго яшчэ ўсё наперадзе. Бо размаўляць можна хоць на 10 мовах, але думаць ты будзеш толькі на адной. Адразу абумоўлюся, я не лічу расейскамоўных - небеларусамі ці нейкімі дрэннымі людзмі. Проста ёсць пэўная лінія, мяжа, кропка біфуркацыі (як заўгодна), якая праходзіць якраз па думанні. Перад ёй ты адзін беларус (савецкі, расейскі, тыповы, "як усе"), за ёй - проста беларус.
Я дарэчы, таксама вельмі доўга выводзіў са свайго ўжытку расейшчыну. Яшчэ некалькі год, у малавядомых кампаніях, па тэлефоне з незнаёмымі людзьмі, на лекцыях я казаў па-расейску. Але на сёння 95% майго маўлення - па-нашаму (больш і ня трэба, 100% будзе азначаць, што я зусім ня ведаю іншых моў:).
На беларускую мову перайшоў проста: бацька так размаўляў, колькі сябе памятаю. І хоць ён ніколі не насядаў з гэтым пытаннем, але дзіцячыя кніжкі на “самай мілагучнай” прыносіў дахаты спраўна. У школе карыстацца мовай саромеўся, бо быў адзін, але ведаў яе лепш за астатніх. Яшчэ памятаю - ў першым класе я быў у класе адзіным, хто адказаў як па-беларуску будзе “табак” (хоць з чаго гэтае слова ўсплыло ў першым класе ня памятаю).
У сёмым класе цэлы год хадзіў на падрыхтоўчыя курсы ў Ліцэй, і ўжо пачаў пераходзіць на Мову, але не паступіў і ўсё пайшло дымам.
А ў 10 класе нас аб’ядналі з паралельным класам, дзе было яшчэ 2 хворыя на вірус беларушчыны (толькі яны ўжо даўно размаўлялі). І я проста з моста перайшоў на беларускую. З’явілася кампанія і мне стала бяз розніцы меркаванне ўсяго класа. Бо перайсці я хацеў даўно, але не было з кім. Як той казаў, за кампанію і жыд павесіўся:.
Яшчэ варта дадаць, што пераход на іншую мову (асабліва родную) гэта канешне фантастычныя адчуванні! Але большасць тых хто гэта зараз чытае, ведае, пра што я, таму няма сэнсу распавядаць. Наша пакаленне мае афлігенную прэрагатыву самім сабе здабываць сваю мову. У змаганні і выпрабаваннях. Наступнае пакаленне, спадзяюся, гэтага выбару будзе пазбаўлена.
На сёння Мова - гэта не прынцып, не цікавостка, не спроба даказаць штосьці. Гэта проста апарат, адзін з органаў свядомасці. Часам яна канешне становіцца візітоўкай ці тэмай для размовы ці, раптам, лініяй фронта ў змаганні за свае прынцыпы. Але ўсё радзей і на гэта ўжо не звяртаеш асаблівай увагі.
Мова