Юрай, Юр’я, Ягорый - старажытнае сьвята ў гонар Сьв. Георгія-пераможца - заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы. У хрысьціянскія часы яму былі нададзеныя рысы і функцыі язычніцкага бога Ярылы.
Юр’я сьвяты, бяры ключы, ды віно ж маё зеляное!
Бяры ключы, адмыкай зямлю, ды віно ж маё зеляное!
Адмыкай зямлю, выпускай расу, ды віно ж маё зеляное!
Ды ўжо пара зямлю пахаць, ды віно ж маё зеляное!
Зямлю пахаць, гарох сеяць, ды віно ж маё зеляное!
Гарох-пшаніцу, усякую пашніцу, ды віно ж маё зеляное!
Веснавы Юр’я сьвяткуецца 6-га траўня (23 красавіка па старым стылі) і сымбалізуе сабою сапраўдны пачатак вясны.
У ноч на Юр'я выганялі коней на начлег а ўдзень упершыню выганялі на пашу ("запасвалі") гаўяда, выконваючы пры гэтым шэраг магічных дзей: абыходзілі жывёлу з грамнічнай сьвечкай, апырсквалі сьвятой вадою і абкурвалі сьвятаянскімі зёлкамі. Скаціну выганялі з хлява, пасьцёбваючы пасьвенчанымі галінкамі вярбы, якія потым уторквалі ў сьцены хлява, каб абараніцца ад злых духаў. У варотах хлява клалі велікоднае яйка, каб каровы былі такія ж круглыя і поўныя.
Юр’я - сьвята пастухоў. Кожны гаспадар імкнуўся падрыхтаваць пастуху добрыя закускі, зь якіх потым пастухі ладзілі сабе ў поле пачастунак. Яны таксама выконвалі пэўныя абрады, накіраваныя на захаваньне скаціны ад драпежнікаў, бо лічылася, што Юр’я замыкае пашчы ваўкам.
У гэты дзень гаспадар абавязкова абыходзіў свае палеткі, “мераў” караваем вышыню жыта, варажыў па надвор’і на ўраджай. Качаліся па расе, што мусіла надаць здароўя і моцы на ўвесь год. Сьпяваліся песьні, вадзілі карагоды.
Вашай увазе прапануецца сучасны варыянт сьвяткаваньня Юр’я ;))
Юр’я лепш за ўсё сьвяткаваць загадзя. Пачынаць лепей зь вечара. Запрасіце сяброў. Абавяжыце іх прынесьці рытуальныя стравы і напоі. Хай сябры пасьпяшаюцца: рытульныя напоі пасьля адзінаццаці не прадаюць.
Сьвяткуйце: сьпявайце песьні, вадзіце карагоды. Калі гадзінкі ў тры ночы прыйдзе суседка з ніжняга паверху, ведайце: гэтая ведзьма прыйшла красьці малако ў вашай каровы. Што з таго, што ў вас няма каровы, усё адно выганіце ведзьму... пакуль тэлек ня зьнесла!
Раным-рана ўстаньце, пабудзіце сваю скаціну (ну якая ў каго ёсьць) і выганяйце яе ў двор, папярэдне адлупцаваўшы за адсутнасьцю вярбы галінкамі хатняга фікусу і абкурыўшы ў пад’ездзе якойсьці чароўнай зёлкай (беларускія цыгарэткі павінны падысьці - ад іх любыя нячысьцікі зьбягуць). Можаце пакласьці яйкі ў варотах хлява (а менавіта яго будзе нагадваць вашая кватэра) і крыху адпачыць.
Потым выходзьце ў двор. Пакачайцеся ў расе на газоне ля пад’езда. Калі вам пашэнціць і вы не патрапіце ў сабачае ***но, то будзе вам шчасьце і здароўе.
Павітайце пастухоў, калі сустрэнеце - ў іх прафэсыйнае сьвята. Павітайце жывёл - у іх таксама. Павітайце патрульных міліцыянтаў - вам ужо ўсё адно, а ім прыемна.
Са сьвятам вас! :)