Oct 24, 2011 11:37
У прадмове да "Клясычнага беларускага правапісу" (2005) знаходзім:
У адпаведнасьці з традыцыяй, Збор мае кантрастыўны характар у дачыненьні адпаведных дакумэнтаў афіцыйнага правапісу. Працоўная група сьведама адмовілася ад асьвятленьня тых момантаў правапісу, якія не разыходзяцца ў клясычным і афіцыйным стандартах.
У "Клясычным беларускім правапісе" няма асвятлення праблемы правапісу канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне.
Гэта значыць, што ў гэтым пытанні два правапісы не разыходзяцца.
Гэта значыць, што, незалежна ад правапісу, які вы ўжываеце, правільна будзе: "наступнага года", "гэтага фестывалю", "доўгага канцэрта" - усе канчаткі звераныя з "Беларускім арфаграфічным слоўнікам" (2009).
І наогул, гэта азначае, што, хай бы хто і кіраваўся "Клясычным беларускім правапісам" на пісьме, - на здароўе - але пры напісанні канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне можна кіравацца афіцыйнымі слоўнікамі, напрыклад, "Беларускім арфаграфічным слоўнікам".
Няправільнае ўжыванне гэтых канчаткаў асабіста ў мяне выклікае раздражненне і пакідае ўражанне пэўнай неадукаванасці таго, хто піша. Гэта правіла досыць нелагічнае (бо канчатак залежыць ад семантыкі слова, а якая такая вялікая розніца вымушае нас пісаць розныя канчаткі для "канцэрта" і "фестывалю"?), але што зробіш? "Хто как хаціт, тот пусць так і гаварыт" - гэты прынцып шкодзіць нашай мове.
Так што, калі няма ў вас пэўнасці, калі які канчатак пісаць, - калі ласка, купіце слоўнік.