Аляксандр Шаблоўскі. Беларуская лексічная экзотыка (2/2)

Apr 10, 2013 07:53



Уласна працяг:
[Чалавек]
* Аббруіцца, зак. [Звычайна пра дзіця: справіць малую патрэбу сабе ў штаны, спадніцу, пасцель; мачыцца пад сябе.] Аббруіўся дзіцёнык па самыя рукі і ляжыць мокрый. Узіла яго на рукі, а ён мяне ўсю аббруіў, а што ж ты надзелыў, га? (Бялькевіч) - Мсцісл. Семантычна блізкія словы: абмачыцца.

* Абірацца, незак. Знімаць з цела, адзення парушынкі ў стане непрытомнасці. Чалавек перат смерцю абіраецца. Абіраецца, ужо ён памрэ (СПЗБ) - Шчуч.

* Аблунець, зак. Зрабіцца ненармальным. [Гэта не значыць ‘з’ехаць з глузду’. Гаворка ідзе, на нашу думку, пра больш складаны псіхічны стан нейкай заклапочанасці, суму, тугі ці засяроджанасці на чым-небудзь, калі чалавек у сваіх паводзінах пачынае кіравацца не зусім зразумелымі для іншых людзей матывамі.] І разумны чалавек аблунеіць, калі будуць на яго казаць, што ён ніякі. // Куры бес пітуха аблунелі (СПЗБ) - Паст. Аблуцтва, н. Бязглуздзіца. Пляцець аблуцтва якоя, а добрага не скажыць (СПЗБ) - В.-Дзв. Лунь, ж. [Пра тое, што здаецца, здань]. Лунь ходзіць - начная цень. Цень - гэта табе здалося, гэта лунь ішла (СПЗБ) - Чэрв. Аб-лун-ець - прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад лунь ‘разумова недаразвіты чалавек’. У такім значэнні назоўнік лунь зафіксаваны на поўначы і паўночным захадзе Беларусі - Верхнядзвінскі, Браслаўскі, Глыбоцкі, Пастаўскі раёны. Калі ўлічыць яшчэ і той факт, што з лунём даволі часта параўноўваюць абыякавых да жыцця старых людзей, то слова лунь больш дакладна ўспрымаецца ў значэнні ‘прыбіты, зацюканы, прыгнечаны чалавек’. Менавіта таму Ю. Мацкевіч [НЛ, С. 165, 167] суадносіць семантыку назоўніка лунь з Месяцам (Луной) праз прамежкавую ступень луннік ‘лунацік’. Такім супастаўленнем вельмі пераканаўча, на наш погляд, тлумачыцца метафорыка словазлучэння хадзіць як лунь ‘як лунацік, як ненармальны, як здань, пасоўвацца ў маўчанні, у змярцвеласці’ [Ты ходзіш з кутка ў куток, як лунь (НЛ) - Глыб., Паст.] Семантычна блізкія словы: адурманіцца; адурнець, адурэць, здурнець; звар’яцець; змаркатнець.

* Абравіта, прысл. Гаворыцца ў дачыненні да дзеяння, якое павінна адбыцца ў любым выпадку. Абравіта ўсё будзіць зьдзелына, кылі я скызаў (Бялькевіч) - Клім. Семантычна блізкія словы: абавязкова; безагаворачна і безумоўна; немінуча; няўхільна.

* Абноч, прысл. [На працягу адной ночы.] Абноч назад пасьпелі (Каспяровіч) - Віц.

* Абудзён, прысл. [На працягу аднаго дня.] Із горада абудзён вырнуўся (Каспяровіч) - Віц. Структурна тоесныя прыслоўі, утвораныя пры дапамозе прыстаўкі аб- / абу- ад назоўнікаў ноч ‘частка сутак ад заходу да ўсходу сонца, з вечара да раніцы’ і будзень ‘будны, не святочны дзень’. У беларускай мове ім адпавядаюць выразы: у тую самую ноч, у той самы дзень ці за ноч, за дзень.

* Агледзець, зак.; у выразе: на сабе агледзець. Перажыць, зазнаць тое, чаго жадаеш другім. Клялі мяне, а цяпер на сабе агледзялі (Мат. мін.-мал.) - Пух.

* Адграміць, зак., экспр. Адстаяць з боем. Хуць з крыкам, з гвалтам, але ж атграмілі сабе тый лог, што хацелі (Бялькевіч) - Мсцісл. Параўнайце таксама экспрэсіўнае награміць ‘набраць, накласці звыш меры’: Нагроміла поўну сетку хлеба, чуць несе (ТС) - Жытк. Семантычна блізкія словы: адваяваць.

* Адзінец, м. Адзіны сын у сям’і. У одзінца не п’юць вінца, а колі п’юць, то не дзякуючы йдуць (прымаўка, адзінец жыве адзінай гаспадаркай з бацькамі, ён сам - не гаспадар). // Одзінец одно плеўку есць (ТС) - Стол., Жытк.

* Адзініца, ж. Адзіная дачка ў сям’і. Хлопец - одзінец, а дзеўка - одзініца. З ёй важко говорыць, вона вусоко несе себе (ТС) - Жытк.

* Адквіціць, зак., безас. [Пра ежу: не падабаецца, не выклікаць апетыту.] Дзіва што дзіця атквіціць ад гэтай манкі, ты яму давай, што ўсе ядуць (Сл. Гродз.) - Слон. У літаратурнай мове найбольш блізкімі па значэнні дзеяслову адквіціць з’яўляюцца два фразеалагізмы - вярнуць нос, з душы верне.

* Аказіць, зак. Наслаць гора. То ж трэба чоловека так окозіць, таке горо! (ТС) - Жытк.

* Амяга, ж. Стомленасць, слабасць ад гарачыні. Нейкыя ны мяне амяга ныпала, проста ног ні пацягніш (Бялькевіч) - Зах.-Бран. А-мяг-а. У гаворцы бяссуфікснае ўтварэнне ад амягнуць ‘стаміцца, аслабець ад гарачыні’, якое часткова адпавядае беларускім літаратурным сасмагнуць і сасмягнуць. Семантычна блізкія словы: змога; зморанасць, знямога і знямогласць; слабасць; стома, стомленасць.

* Анадое, прысл. За два дні да таго моманту, калі вядзецца гаворка. А што вы думаеце, мы анадое і ў Мінск з канцэртам ездзілі (Мат. мін.-мал.) - Нясв.

* Анодась, прысл. Не вельмі даўно, калісьці. Анодась і Параска наша была маладой (СЦБ) - Бярэз.

* Апяшалы, прым. [Пра юнака, мужчыну, які не ведае, як паводзіць сябе ў прысутнасці жанчыны, губляецца.] Віцька йіх зусім апяшалы, ні з воднай дзеўчынай пагаварыць ні можа (Сл. Гродз.) - Смарг. Семантычна блізкія словы: баязлівы; збянтэжаны; нясмелы; разгублены; сарамлівы.

* Асмакоўвацца, незак. наганяць апетыт.

* От булак мне хочацца, а ў нас німа ў магазіні.

* На во, укусі, кап хаця ні памерла.

* А німа чаго асмакоўвацца. Каб добра паеў, а то трошкі ўкусіш (СЦБ) - Лаг.

* Ачуціць, зак. Прывесці да прытомнасці. Яны раскідалі гэты амбар - і зваліўсё. Казалі, іскусцьвяно жыханё рабілі, прыводзілі ў чуства - ачуцілі (СЦБ) - Стаўб.

* Баба́й, м. Той, хто нарадзіўся каля печы, як маці паліла печ. Бабай - пад печ галавой радзіўся (СПЗБ) - Паст.

* Бабе́ць, незак.; пабабе́ць, зак. Пакрывацца (пакрыцца) зморшчынамі (пра скуру). Бабеюць рукі от воды да морхлые робяцца (ТС) - Стол. Семантычна блізкія словы: зморшчыцца ‘ сабрацца ў маршчыны, складкі’ (ТСБМ).

* Бабі́ч, м. Жанападобны мужчына. Чаго ты ходзіш, як бабіч (Бялькевіч) - Краснап. Бабкава́ты, прым. Падобны да бабы. Ну й чоловек, бабковаты, як баба // Бабковаты нейкі стаў, зогнуўся, не йдзе, а сунецца - ці то от беды екое, ці то от хворобу (ТС) - Стол. Жытк.

* Ба́ценька, м.; та́тачка, м. Ласкальныя звароты да дзяцей. Ой, мой баценька, хорошэнькі ты мой, ходзі спаткі (ТС) - Стол. А мой унучак, мой татачка прыехаў (Мат. апыт.) - Б.-Каш. Бац-ен-я. Памяншальна-ласкальнае да бацька, што паходзіць з прасл. *bata, *batja. Магчыма, такія звароты матывуюцца ўсцешным для бацькоў падабенствам дзіцяці да свайго бацькі.

* Блізні́цца, незак. Падвойвацца, памнажацца. Я пометаю, баба моя шчэ дзержала тые орэшкі-блізнюкі ў кошэльку, шчоб грошы блізніліся, шчоб не зводзіліся (ТС) - Стол. Жытк. Аднакаранёвыя словы: блізніца ‘разм. адна з блізнят жаночага полу’ (ТСБМ).

* Бро́зкі, прым. Пухкі, нездаровы. У цебе від [твар] брозкі от сну (ТС) - Жытк. Семантычна блізкія словы: заспаны ‘са слядамі нядаўняга сну, сонны’ (ТСБМ)

* Бяззы́скна, прысл. [Не патрабуючы вярнуць.] Даў яму пяцёрку бяззыскна, а ён яшчэ ніздаволін (Бялькевіч) - Мсцісл. Семантычна блізкія словы: бескарысліва, бясплатна.

* Ва́гам, прысл. Няспешна. Воўкі ідуць вагом, не так, ек собакі (ТС) - Стол. Жытк. Вытворнае ад ва́га з першасным значэннем 'сіла прыцягнення цела да зямлі', якое патрапіла ў беларускую мову, магчыма, праз польскае пасрэдніцтва, са ст.-в.-ням. wāga 'шалі, вагі', што звязана нов.-в.-ням. wägen 'узважваць', Wágen 'воз, экіпаж; вагон', Weg 'дарога', ст.-в.-ням. wegan 'рухаць; несці; важыць'. Слова вагам 'на вагу' (Гарэцкі) → 'раўнамерна, з вытрымкай' (Гарэцкі) → 'няспешна' набыло абстрактную семантыку, якая назіраецца таксама ў іншых вытворных ад вага: разважліва, паважна і пад. Семантычна блізкія словы: павольна.

* Варні́каць, незак. [Слязьмі ці іншым чынам выказваць сваю незадаволенасць (пра дзіця)] (ТС) - Стол. Семантычна блізкія словы: капрызіць; ныць, нюніць; румзаць.

* Ва́ртны, прым. [Пра чалавека, які вылучаецца сваёй гаспадарлівасцю, які жыве па-людску] Яе мужык - вартны чалавек // Нашы хлопцы вартнейшыя за вас (Мат. мін.-мал.) - Уздз. Семантычна блізкія словы: гаспадарлівы; самавіты; самастойны.

* Вашава́ць, незак. Інтэнсіўна і напружана працаваць на цяжкай рабоце. Вашаваў цэлы дзень // Вашаваць - цяжка работаць, перакладаць што-н. // Цэла лета вашуя і вашуя адна, кап хто памог (СПЗБ) - Вілейск., Дзятл., Паст., Шчуч., Маст., Пух.; (НС) - Вілейск.; (Сл. Гродз.) - Вор., Смарг. З матэрыялаў СПЗБ вынікае, што ў розных выпадках да цяжкой работы адносяцца наступныя віды дзейнасці: 1) Выцягваць бярвенне з вады на бераг ракі (Паедзем вашаваць лес) - Вілейск., Шчуч., Пух. 2) Насіць, варочыць каменне (Цяшко майстрам, як каменя вашуюць) - Маст. 3) Насіць, падымаць ваду, сена, бульбу і інш. (Вашуя ваду паліваць гарот. // Сена вашавалі на вос [накладалі на вос]) - Астр., Іўеў., Вілейск., Шчуч., Лід., Воран., Ваўк., Драг. 4) Палоць (Баба во колькі град вывашавала) - Бярэз. 5) Калыхаць дзіця (Аберучкі вашую дзіця - і не спіць. // Гэто дзіця вашуй і вашуй) - Пух., Маст., Драг. Гл. таксама петавацца, сяртоліцца.

* Ве́дацца, незак. Падтрымліваць знаёмства. Мы ведаямся даўно (Мат. мін.-мал.) - Пух. У ТСБМ з паметай разм. Семантычна блізкія словы: знацца.

* Віда́ты, прым. З вялікім тварам, круглатвары. Поўна да така відата жонка (ТС) - Жытк. Даўгавіды, прым. З доўгім тварам. От ідзе доўговіды, від [твар] доўгі, як зелезняк (ТС) - Жытк.

* Вы́дзіктаваны, прым. Прывучаны да строгага парадку. Такія ўжо выдзіктаваныя твае дзеці, як ні ў кога (СЦБ) - Пух. Семантычна блізкія словы: ветлівы; вымуштраваны; выхаваны; выдрэсіраваны; вышкалены; дысцыплінаваны.

* Вы́мерхацца, зак.; вы́хартавацца, зак. Адчуць моцны голад. Што ж ты хочаш, такей дзень: чаму ня выхыртыісься (Юрчанка) - Мсцісл.; (Каспяровіч) - Віц.; (НС) - Ушац. Во вымерхаўся! А мой ты дзіцёнак, і сала старое з'еў (Мат. Гом., Мат. апыт.) - Б.-Каш., Чач.; (Янкоўскі) - Глуск. Семантычна блізкія словы: выгаладацца; прагаладацца.

* Выпра́віны, мн. Вечарынка з прычыны адыходу ў армію. Нашаго Ваціка былі выправіны, калі ён ішоў у армію (Мат. мін.-мал.) - Стаўб. Семантычна блізкія словы: провады 'развітанне з тым, хто ад'язджае, адыходзіць'.

* Вы́саіць, зак. Пракарміць дзіця пэўны перыяд грудным малаком. Мая дачка высаіла дваіх дзяцей (СПЗБ). - Лід. Аднакаранёвыя словы: вы́ссаць 'выцягнуць ссаннем; высмактаць'. Семантычна блізкія словы: выкарміць.

* Вытро́пваць, незак. Танцаваць з выкрунтасамі. Польку некаторыя ў нас так вытропваюць нагамі, што дзіву даесься (Мат. мін.-мал.) - Ашм.

* Вяльме́нна, прысл., экспр. [У надзвычай высокай ступені, так, што далей няма куды.] Вельменна змерз! (Янкова) - Лоеў. Вяльм-енн-а. Ад вельмі 'у высокай ступені' паводле той сама мадэлі, што і страшэнна.

* Вяро́тны, прым. Вельмі падобны, выліты. Дзяўчынка - вяротны бацька, а хлопчык - вяротна маці (СПЗБ) - Ваўк.; (Сл. Гродз.) - Гродз. Семантычна блізкія словы: аднолькавы.

* Гімо́рыць, незак. Капрызнічаць. Гімо́ры, мн. Капрызы. Ну што ты тут мне ставіш свае гіморы (Мат. мін.-мал.) - Круп.; Чач. (Мат. апыт.). Гімо́рнік, м. Пра капрызнага чалавека. З пэўнай доляй верагоднасці звязваюць з рус. кикимора 'пачвара'.

* Гнетану́ць, зак. [Прывесці ў стан крайняга фізічнага напружання.] Гнёты, мн. Патугі. От у ее началі там гнёты, дык ена гэ-гэ, дак ено як гнетанула ее, і раділа девачку (Янкова) - Лоеў.

* Даву́тка, ж. Старая дзеўка. Яна - давутка, ня йдзе замуш, ніхто ня ўзяў (СПЗБ) - Вілен. Параўн. польск. dewotka, літ. davatka 'багамолка'.

* Дака́злівы, прым. Які нагаворвае, даносіць. Я не была даказлівая (СПЗБ). - Паст. Даказ-лів-ы. Утворана ад дыялектнага даказаць 'данесці, падказаць'. Слова адзначана на Смаргоншчыне: Асталіся чатыры сям'і яўрэяў, так удалося, ні даказалі фашыстам (СПЗБ).

* Дамава́ць, незак. Быць дома. Што, домуеш? Я бачу, што ты дома робіш. // Хворэю, то от домую (ТС) - Стол., Жытк. Дамо́ўка, ж. Уласная хата, жыллё, родны кут. Сёраўно скучно по домоўцы, хоць і пісьма. У ТСБМ адзначана з паметай абл. у значэнні 'хата, дом, прытулак, гаспадарка', а таксама 'труна, дамавін'. Дамоўкі, прысл. Дадому. Я заведу цебе домоўкі (ТС) - Стол., Жытк.

* Дапэўніцца, зак. Дамовіцца напэўна. Допеўніўся точно з ім (ТС) - Стол.

* Дарэшціць, зак. [Скарыстаць тое, што засталося.] Што свіні нэ зіелі, то собака дорэштів (СПЗБ) - Беластоц. Семантычна блізкія словы: дакончыць.

* Даўлосу, прысл. [З непакрытай галавой.] Яны ходзяць даўлосу летам, хустак ні носяць (Мат. мін.-мал.) - Уздз.

* Даўніць, незак. Зацягваць якую-небудзь справу. Падумаць толькі, і чаму гэта яны даўняць яго лячыць? (Мат. мін.-мал.) - Мядз. Удоўніць, зак. Зацягнуць (пра справу, хваробу і да т. п.). Адразу ідзі да доктара, а то ўдоўніш хваробу і нічога ні паможа (НС) - Вілейск. Задоўнены, прым. [Які ўжо цяжка ці немагчыма вылечыць.] Потым пайшоў да доктара з вушамы, а ён сказаў, што ўсё так задоўнена, што нічога не паможа (Мат. мін.-мал.) - Валож.

* Дахаванец, м. Спадчыннік, які даглядаў да смерці таго чалавека, ад якога атрымаў спадчыну (НЛ) - Стол.

* Длякацца, незак. Дарма бавіць час. Зайдзе да будзе длякацца там (ТС) - Стол.

* Дзейкаць, незак. [Казаць пра нешта няпэўнае, імавернае.] Дэйкають людэ, а чы то правда? // Не знаюць, так ці не, але большай часці людзі дзейкаюць на яго (СПЗБ) - Драг., Чэрв., Вілейск. У ТСБМ даецца з паметай абл. Семантычна блізкія словы: пляткарыць.

* Дзейка, ж. [Няпэўная навіна.] Пусьцяць дзейку, што я паміраць буду (Мат. мін.-мал.) - Уздз. (СПЗБ). Семантычна блізкія словы: пагалоска; чутка.

* Драгвіцца, незак. Рабіцца пухлым, вадзяністым (пра цела). Драгвіцца ўсё цело (ТС) - Стол. Гл. таксама брозкі.

* Жаданачка, ж.; жаданчык, м. Пра адно дзіця ў сям’і (дачку ці сына), якое мае ўсё, чаго жадае (да якога бацькі ставяцца з асаблівай пяшчотай). Яна ж у іх адна - жаданачка. // Хай расьце вялікі жаданчык (Янкоўскі) - Глуск. Семантычна блізкія словы: пястун.

* Жалубаць, незак. Есці патроху цэлы дзень. Мой сусед жалубаіць увесь дзень хоць што: то гарох, то семічкі, і на рабоці, і ў нядзелю (Мат. мін.-мал.) - Чэрв.; (НЛ) - Стаўб.; (НС) - Вілейск. Семантычна блізкія словы: перакусваць.

* Жушчэць, незак. Хрусцець на зубах. Хлеп, як з мякіны, ня будзіць так скора есца; я напратала мякіны, абы болі было, насушыла яе, у ступцы стаўкла, на рэшата прасеіла, іна, як мука, жоўценька і хлеп жоўты, але як еш, то жушчыць (СПЗБ) - Глыб.

* Заедна, прысл. У выразе: есці заедна - есці ўсё па парадку, не выбіраючы лепшага, смачнейшага. Еш заедна, ні барляйся па місцы. (НС) - Круп.

* Закаімісты, прым. Маўклівы, скрытны. Закаімісты чалавек не гавора, як зазлаваўся - ні добра, ні блага (СПЗБ) - Паст.

* Закалясіць, зак. Занесці на ўхабе. Заколёсіло воз, ой, мамонькі, і вілкі злецелі (ТС) - Жытк.

* Залатвіць, зак. [Схіліць да сябе патрэбнага чалавека, зрабіўшы які-небудзь падарунак.] Там залатвіш на пошце (СПЗБ) - Вілейск. Семантычна блізкія словы: задобрыць; улагодзіць.

* Замяльнуць, зак. Падштурхнуць языком. Зварылі мы ўчора верашчаку з качкі. Селі есьці. Як я там ела, як я яе замяльнула - праглынула костачку качыную, стала ў горлі і стаіць (Мат. мін.-мал.) - Стаўб.

* Захвослівы, прым. Тонкі, пасечаны (пра валасы). Захвослівыя косы зрабіліся (СПЗБ) - Ашм.

* Зацаніцца, зак. Запрасіць высокую цану. Паўло зацаніўся, хацеў картоплю па два с палавінай рублі продаць, ніхто ні бярэ (НС) - Старадар.

* Зашабуняць, зак.; зашабунець, зак. [Пачаць жвава і з ахвотай весці гутарку.] Як вып’юць, тады зашабуняюць, разгавор знайдзіцца. Выпілі і зашабунелі бабы і мушчыны (СПЗБ) - В.-Дзв. Шабуняць, незак. Прыхільна, паціху размаўляць (пра старых людзей). Баба з дзедам шабуняюць, нічога не бачаць (НС) - Мядз.

* Зашмаргам, прысл. Моцным вузлом. Я бачу, шо ена нача зашмаргам заўзяна (Янкова) - Лоеў.

* Знехтаваць, зак. Зняславіць. Хіба вон буў такім? Гэто вы ёго знехтовалі (ТС) - Стол.

* Знябожыцца, зак. [Моцна перажываючы, давесці сябе да хваравітага стану.] Она ўжэ так знебожылася, шчо ні есць, ні п’е (ТС) - Стол. Семантычна блізкія словы: змаркоціцца.

* Знябыцца, зак. Засумаваць па доме, па сваіх. Забірай ты яго, дачка, дахаты, а то так за тыдзянь знябыўся, што ні пазнаць хлопца - да мамы просіцца і хоць ты што (НЛ) - Слон. З-ня-бы-цца. Ад быць ‘знаходзіцца, наведваць’. Калі ўтварыць па стандартнай мадэлі абстрактны назоўнік ад гэтага дзеяслова - знябыцце, то, на нашу думку, мы атрымаем дакладны аналаг літаратурнаму настальгія.

* Зубаваць, незак. Выпрабоўваць моцнасць зубамі. Трэба зубаваць яйцо, ці моцнае яно (СПЗБ) - Лях.

* Імкі, прым. Востры. Мая каса імкая, добра косіць. Нош мой ні імкі, тачу-тачу, нічога ні палучаіцца. Асялком як завядзеш - сільна імкая жалеза, тапор, нош імкі, усё будзіць імкая, як сялку наточыш (СПЗБ) - Брасл. Імкасць, ж. Вастрыня. Як паточаш тапор, нош, асялок даець імкасць (СПЗБ) - Брасл.

* Казючка, ж. Ямачка, дзірачка. [Усякая няроўнасць, дробнае пашкоджанне на якой-небудзь паверхні.] Глядзі, коб нідзе ніякое козючкі на фанерцы не було (ТС).

* Канпетавацца, незак. [Старацца есці.] Канпетуйцесь, ато ж вы йшчэ нічога ня елі (Бялькевіч) - Мсцісл. Семантычна блізкія словы: сілкавацца; харчавацца; частавацца.

* Капаваць, незак., іран. Мець, пражыць шэсцьдзесят гадоў. Ужо мабыць я капавала, як да Дзвінска хадзіла (СПЗБ) - Смарг. Кап-ава-ць. Ад капа ‘ўкладка з шасцідзесяці снапоў’, а таксама ‘даўнейшая адзінка лічэння: шэсцьдзесят штук чаго-небудзь’ (ТСБМ).

* Карачык, м. Вялікі палец на назе. А маё ты дзіцятка, дзе ш ты зьбіла карачык? Ідзі, я дам табе трапачку, прамый, а ў бутэляццы ёт ё, зальём (Мат. мін.-мал.) - Чэрв.; (СЦБ)

* Карбежыцца, незак. Рабіцца ў складкі. Нітка карбежыцца, не лезе ў голку (ТС) - Стол. Карбежыць, незак. Рабіць у складкі. Валя, не корбеж лоба! (ТС) - Жытк.

* Карністы, прым. Пераборлівы. Карністы чалавек не ўсё есць: то бліноў ня любя, то другога не ўжывая (СПЗБ) - Воран. Карн-іст-ы - верагодна, запазычанне з літоўскай мовы (параўн. літоўскае karnus з тым самым значэннем).

* Кірмашовік, м. Пярэдні зуб. Што ты паказваец свае кірмашовікі [смяешся], адзін жа вываліўся ў цябе кірмашовік (Сл. Гродз.) - Смарг. Хутчэй за ўсё, другаснае, асацыятыўнае (нейкай строгай метафары тут няма) найменне ад кірмашовік ‘той, хто прыехаў на свята ў вёску’. Не апошнюю ролю ў такой асацыяцыі адыграў фразеалагізм прадаваць зубы ‘шырока ўсміхацца, смяяцца’. А кірмаш - якраз тое месца, дзе гэта прыстойна рабіць. Зразумела, што калі чалавек усміхаецца, то ён паказвае менавіта пярэднія зубы.

* Крэўнік, м. Стрыечны брат. Это ёго крэўнік, этого чоловека (ТС) - Жытк.

* Кнырыць, незак. Выглядаць, вышукваць. Чаго ты кнырыш па заўгольлю (НС) - Мёр. Кныр-ыць. Метафарычнае ад кныр ‘самец свінні’. Семантычна блізкія словы: віжаваць; пільнаваць.

* Крапацца, незак. [Блытацца ва ўласных думках і ўласным маўленні.] Гады бальшыя, я крапаюся ўжо ў разгаворы (СПЗБ) - В.-Дзв. Семантычна блізкія словы: загаворвацца.

* Красляк, м. Зуб мудрасці. Самы кутні красляк баліць (Сл. Гродз.) - Смарг. Адзін з варыянтаў рагавік (Мат. Гродз.) - Вор. Гл. таксама кірмашовік, хлебнічак.

* Круміць, незак. Прагна і многа есці. Во пычаў круміць, усё роўна як тры дні нічога не еў (Бялькевіч) - Мсцісл. Гл. таксама жалубаць.


[Крыніцы]Бялькевіч - Бялькевіч І. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. - Мінск, 1970; Гарэцкі - Гарэцкі М. Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік. - Выд. 2. - Вільня, 1921; ЖС - Жывое слова. - Мінск, 1952; Каспяровіч - Каспяровіч М. Віцебскі краёвы слоўнік. - Мінск, 1927; Мат.апыт. - Матэрыялы, сабраныя ў час спецыяльных экспедыцыйных выездаў, у выніку апытанняў прадстаўнікоў гаворак і інш.; Мат. Гродз. - Сцяшковіч Т. Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці. - Мінск, 1972; Мат. Гом. - Матэрыялы да дыялектнага слоўніка Гомельшчыны // Беларуская мова і мовазнаўства. - Вып. 3 - 1. - Мінск, 1975; Мат. мін.-мал. - Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак. Вып. 1 - 3. - Мінск, 1970 - 1977; НЛ - Народная лексіка. - Мінск, 1977; НС - Народнае слова. - Мінск, 1976; Растаргуеў - Расторгуев П. Словарь народных говоров Западной Брянщины. - Минск, 1973; Сл. Гродз - Сцяшковіч Т. Слоўнік Гродзенскай вобласці. - Мінск, 1983; СПЗБ - Слоўнік гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: У 5 т. - Мінск, 1979 - 1986; СЦБ - Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі: У 2 т. Т. 1. - Мінск, 1990; ТС - Тураўскі слоўнік: У 5 т. - Мінск, 1982 - 1987; ТСБМ - Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5 т. - Мінск, 1977 - 1984; Юрчанка - Юрчанка Г. Дыялектны слоўнік (з гаворак Мсціслаўшчыны). - Мінск, 1966; Юрчанка Г. Народная сінаніміка. - Мінск, 1969; Юрчанка Г. Сучаснае народнае слова: З гаворкі Мсціслаўшчыны: Слоўнік: А - Н. - Мінск, 1993; Янкова - Янкова Т. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны. - Мінск, 1982; Янкоўскі - Янкоўскі Ф. Дыялектны слоўнік. Вып. 1 - 3. - Мінск, 1959 - 1970.
Previous post Next post
Up