Гарачыя спрэчкі пра беларускую лацінку пачаліся пасля з'яўлення схем мінскага метро, дзе беларускія назвы дублююцца варыянтамі ў транслітарацыі. Мяркуючы па ўсцешаных загалоўках у нацыянальна-арыентаваных СМІ, яны напісаныя менавіта на беларускай лацінцы! Маўляў, іх з'яўленне, сведчыць пра адраджэнне беларускай лацінкі. Ці правільна было б атаясамляць яе з беларускай лацінкай - гэтае пытанне будзе разгледжанае ў гэтым артыкуле. (Тут не будзе разглядацца пытанне большай ці меншай прыдатнасці гэтай транслітарацыі для перадачы беларускіх назваў замежнікам, гэта розныя тэмы.)
Што такое беларуская лацінка, было вядома даўно. Правілы беларускай лацінкі былі вядомыя таксама. Іх можна паглядзець тут:
http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Лацінка,
http://be.wikipedia.org/wiki/Беларускі_лацінскі_алфавіт,
http://kamunikat.org/halounaja.html?pubid=22325. Гэта алфавіт, якім у пэўны перыяд часу рэальна карысталіся беларусы і які ўнармоўвалі мовазнаўцы. Гэта гістарычная спадчына.
Беларускую лацінку можна разглядаць і як асобны правапіс (хаця ёсць пэўныя ўмоўнасці, пра якія - пазней) побач з (кірылічным) афіцыйным і (таксама кірылічнай) тарашкевіцай, якую нармалізавалі ў 2005-м годзе і пра якую фармальна заявілі як пра асобны правапіс у пары двух правапісаў.
Таму, пабачыўшы на схеме метро такія назвы, як Slucki Hasciniec (Слуцкі Гасцінец), Park Čaliuskincaŭ (Парк Чалюскінцаў), Instytut kuĺtury (Інстытут культуры), разумееш: гэта не беларуская лацінка. На беларускай лацінцы было б Park Čaluskincaŭ, Instytut kultury, Słucki Haściniec. Гэта нешта іншае.
Што ж гэта такое іншае, не даводзіцца доўга шукаць. Артыкул у НН:
http://nn.by/?c=ar&i=83353:
“Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту» - гэта метад запісу лацінскім пісьмом (раманізацыі) беларускага кірылічнага тэксту (у геаграфічных назвах), ухвалены пастановай Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 года). Апошнія змены ў гэты дакумент ўносіліся 11 чэрвеня 2007 года. Інструкцыя была ўхваленая Працоўнай групай ААН па раманізацыях Групы экспертаў ААН па геаграфічных назвах (UNGEGN).” Там жа: “Варта адзначыць, што норму лацінічнай транскрыпцыі беларускай мовы зацвердзіла Акадэмія навук.”
Але блытанне трансліту з беларускай лацінкай - не нейкая памылка журналістаў, як можа здацца. Бо ў тым жа артыкуле робіцца знак роўнасці паміж гэтай сістэмай раманізацыі і беларускай лацінкай, бо ў гэтым рэчышчы выказваюцца і мовазнаўцы, у тым ліку тыя, якія спрыялі зацвярджэнню гэтай сістэмы і распаўсюджванню яе на тых жа схемах метро. Паказваецца, нібыта гэтая сістэма раманізацыі і ёсць працягам, развіццём, мадыфікацыяй беларускай лацінкі як графічнай сістэмы, як правапісу. Больш за тое, сярод прыхільнікаў гэтага трансліту ёсць тэндэнцыя пісаць у картаграфічнай транслітарацыі імёны і прозвішчы, хаця гэта не геаграфічныя назвы. Значыць, гэтую транслітарацыю імкнуцца прызнаць менавіта працягам беларускай лацінкі.
Давайце раскладзем па палічках. Апошняя змена правілаў афіцыйнага правапісу была зацверджаная Законам ад 2008 г. (Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі), імі займаліся мовазнаўчыя ўстановы. Апошняя змена правілаў тарашкевіцы была зацверджаная канферэнцыяй 2005 г. з удзелам славутых мовазнаўцаў і адпаведным даведнікам БКП-2005 г. А што можна лічыць апошняй зменай правілаў беларускай лацінкі? Па ідэі, гэта мусіла б адбыцца таксама пад эгідай мовазнаўцаў, у якасці мэтаў і прадмета абмеркавання мусіў бы быць сам правапіс, сама графічная сістэма. Але ж Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь, наколькі я разумею беларускую мову, не мовазнаўчая установа, яго мэты пры стварэнні гэтай інструкцыі не звязаныя з развіццём беларускай лацінкі як графічнай сістэмы і як правапісу. Мэтамі, аналагічнымі заяўленым у той інструкцыі, кіруюцца і іншыя стандарты транслітарацыі: розныя ISO, ГОСТ, бібліятэчныя і г.д. сістэмы транслітарацый, але ніхто не абвяшчае іх працягам беларускай лацінкі, хаця нават у іх можна адшукаць тое-сёе падабенства. Таму, увёўшы сістэму раманізацыі, якая адрозніваецца ад беларускай лацінкі, Камітэт не змяніў беларускую лацінку, а стварыў новую сістэму. Прынамсі, ні Камітэт, ні Акадэмія Навук не рабілі і, бадай, не зробяць ніякіх заяў, што гэтую сістэму яны стваралі з мэтай змяніць правілы беларускай лацінкі або хоць неяк працягнуць яе традыцыю.
Паводле артыкулаў Вікіпедыі, апошнія змены датуюцца 60-мі гадамі мінулага стагоддзя. "У 1962 годзе Ян Станкевіч прапанаваў цалкам іншы выклад беларускага лацінскага алфавіту." Там зменены парадак літар у алфавіце аналагічна парадку, які можна ўбачыць у яго (кірылічным) Беларуска-расійскім слоўніку. Яшчэ адна мадыфікацыя: "У 1964 годзе ў выдавецтве «Заранка» ў Нью-Ёрку выйшаў беларускі лемантар. [... ] У лемантары выкарыстоўваецца варыянт лацінкі, вельмі моцна набліжаны да сучаснага, розьніца, бадай што, толькі ў перадачы спалучэньня гукаў [ji], які ў лемантары перададзены ў адпаведнасьці з вымаўленьнем спалучэньнем літараў «ji», што характэрна большасьці заакіянскіх выданьнях па-беларуску лацінкай, а ня проста «i», як гэта было на тэрыторыі Беларусі." Гэтыя змены можна лічыць эпізадычнымі, прыватнымі ініцыятывамі без наступстваў і развіцця. Апошняя змена, якая сапраўды шырока ўсталявалася, была раней: "У 1937-1941 гадох Ян Станкевіч прапанаваў варыянт лацінкі, у выглядзе якога яна і дайшла да нашых дзён", у прыватнасці, тады і з'явілася літара "v" замест "w".
Які ж статус мела беларуская лацінка менавіта ў мовазнаўчых рамках? У "Беларускай граматыцы для школ" Тарашкевіча яна разглядалася нароўні з кірыліцай як адзін з алфавітаў беларускай мовы. У згаданым лемантары 1964 г. - таксама. У Савецкай Беларусі, пачынаючы 20-х гадоў афіцыйна ў правілах беларускай мовы прызнавалася толькі кірыліца, лацінка была па-за полем зроку. У сучасных правілах 2008 г. лацінка таксама не мае ніякага законнага статуса ў якасці алфавіта беларускай мовы. Дык з якой жа нагоды сістэма раманізацыі, прынятая нямоўнай установай, павінна лічыцца алфавітам беларускай мовы, калі яе не прызнае адпаведная моўная ўстанова? Дык якраз-такі з ніякай! Скажу болей, яе мэта - перадаваць беларускія назвы так, каб было зразумела небеларусам у свеце, то-бок, прызначэнне гэтай сістэмы для ўнутрыбеларускіх мэт ўскосна адмаўляюць самі картографы.
Калі разглядаць беларускую лацінку як асобны правапіс і неафіцыйны правапіс, то цікавым будзе параўнанне з (кірылічнай) тарашкевіцай. Па-першае, дзяржава прадпісвае ўжываць у беларускай мове менавіта афіцыйны правапіс, зацверджаны законам 2008 г., супрацьдзейнічаючы (нават кірылічнай) тарашкевіцы. Дык як жа дзяржава, у выглядзе сваіх устаноў, можа адраджаць лацінку і развіваць яе? Таму справы картографаў не звязаныя з развіццём лацінкі. Але ж і Акадэмія Навук удзельнічала, а не проста картографы? Так, але зацвердзіла яна нормы лацінічнай транслітарацыі беларускай мовы, а не нормы лацінкі як самастойнага алфавіта. Інакш кажучы, зацвердзіла трансліт, які існуе ў прывязцы да кірыліцы як асноўнага алфавіта. Па-другое, каб змяніць правілы тарашкевіцы, якая не была прызнаная афіцыйна, слынныя мовазнаўцы сабралі ў 2005 г. канферэнцыю і абвясцілі пра змену правілаў тарашкевіцы і ўсталяванне дэ-факта двух правапісаў. З таго часу гэтая падзея і адпаведны дакумент лічацца асноватворнымі для карыстальнікаў тарашкевіцы (прынамсі, закліканыя быць асноватворнымі). Чагось падобнага ў дачыненні да лацінкі чамусь ніхто не рабіў. Дык, значыць, і змен у лацінцы ніхто не зацвярджаў. Па-трэцяе, у адрозненне ад "Граматыкі для школ" Тарашкевіча, у правілах БКП-2005 лацінка не разглядаецца як адзін з алфавітаў беларускай мовы. Таму гэта азначае адно з двух: 1) беларуская лацінка - усё ж не проста алфавіт, але асобны правапіс, таму ён не разглядаўся, або 2) стваральнікі БКП-2005 выключылі лацінку з алфавітаў беларускай мовы.
Нагадаю назву: "Інструкцыя па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь"... У чым адрозненне транслітарацыі ад проста алфавіта? У тым, што транслітарацыя - другасная адносна асноўнага алфавіта, у тым, што на алфавіце проста пішуць і ствараюць, а на трансліце перарабляюць. Беларуская лацінка - не трансліт, гістарычна яна абслугоўвала патрэбы тых, хто не ведаў кірыліцу, бо старабеларуская пісьмовая традыцыя перапынілася. Вернемся да назвы Slucki Hasciniec. Для тых, хто думае катэгорыямі трансліту, праблем ніякіх - цудоўна транслітараваны Слуцкі Гасцінец. Тыя, хто аперуе беларускай лацінкай як самадастатковай графічнай сістэмай, заўважыць не проста розніцу ў спосабах перадачы "л" і "ль": у слове Hasciniec цвёрдае s. Мяккае ś новая сістэма не скасоўвала, чаму б не напісаць яго, бо фанетычна там мяккае ś, калі грунтавацца на тым, што гэта не проста трансліт, а працяг беларускай лацінкі?.. Я разумею, што ў 1933 годзе была рэформа, але яна не закранала лацінку, тая была па-за полем зроку афіцыйных моўных устаноў, жыла сваім жыццём. Не ж, нельга, бо гэта насамрэч не больш, чым трансліт. Людзі, якія кляймяць ганьбай рэформу 1933 года за скасаванне мяккіх знакаў на пісьме, якія потым зніклі і ў маўленні, аказваюцца надзіва лагоднымі да аналагічнай змены ў нібыта-беларускай-лацінцы, якую ўводзіць тая самая дзяржава, што працягвае ўціскаць "ь". Дык чаму б ім тады не прызнаць адразу правілы 2008 года ў і не тлуміць галаву, калі мяккасць для гэтых мовазнаўцаў не мае значэння ці мае толькі сімвалічнае значэнне? Па вялікім лагічным рахунку, калі рашэнні геадэзістаў-картографаў можна лічыць рэформай лацінкі, то чаму б не лічыць закон 2008 г. рэформай БКП-2005?
Калі нават актыўныя прыхільнікі лацінкі і ініцыятары яе адраджэння не бачаць сутнаснай розніцы паміж транслітарацыяй з кірыліцы і асобным алфавітам, то гэта сведчыць, што іх захапленне лацінкай - проста гульня. У такім выпадку сутнасці лацінкі яны не зразумелі і займаюцца павярхоўнай імітацыяй, перайманнем знешніх прыкмет.
Беларуская лацінка для мяне - неад'емная частка нашай спадчыны, без якой цяжка зразумець многія перыпетыі беларускай мовы. І мне прыкра бачыць, як нібыта разумныя людзі хочуць выдаць сучасную пераробку, створаную пабочнымі людзьмі для іншых мэтаў, за гістарычны артэфакт. Крытыкуецца разбурэнне Верхняга Горада і муляжы Траецкага прадмесця, пластыкавыя дзверы і вокны ў храмах - і пры гэтым рэкламуюцца муляжы моўнай спадчыны. Калі гэта гістарычны артэфакт, забяспечце яго захаванасць. Калі ж для вас гэта жывая сучаснасць - зрабіце гэта належным чынам, склікайце яшчэ нейкую канферэнцыю і зацвердзіце гэтыя змены, забяспечце пераемнасць развіцця. Я не гарачы прыхільнік мноства правапісаў, і выглядала б сапраўды дзіўна, калі б адны і тыя ж людзі культывавалі адначасова розныя правапісы. (Удакладню. Тарашкевіч у рамках развіцця правапісу займаўся і кірыліцай, і лацінкай, але рабіў ён гэта з разлікам на розныя часткі карыстальнікаў мовы, якія валодалі - пераважна ці выключна - альбо лацінкай, альбо кірыліцай. У нас жа, хто можа карыстацца лацінкай, можа карыстацца і тарашкевіцай. Таму і атрымлівалася б усталяванне некалькіх правапісаў для адных і тых жа людзей.) Але калі яны, не склікаўшы такой канферэнцыі, будуць шчыраваць у пераконванні мас, што прадукт картографаў - гэта і ёсць аўтэнтычная спадчына, то іх дзейнасць можна будзе параўнаць з вандалізмам. Альбо трэба зрабіць фармальную рэформу, альбо пакінуць ў спакоі і не займацца прафанацыяй гістарычных каштоўнасцяў. (Лепш другое, бо правапіснага гармідару у нас і так хапае.)
Я разумею, што першапачатковай задачай стваральнікаў трансліту было прасунуць кананічную беларускую лацінку ў якасці стандарту транслітарацыі. Калі б так здарылася, гэта і было б свайго кшталту яе адраджэнне. Але гэта не ўдалося, міжнародныя структуры пастанавілі інакш, папрасілі перарабіць, каб захаваць пэўную сістэмнасць. З гэтага моманту гэта і перастала быць адраджэннем беларускай лацінкі. Усцешаныя артыкулы, пераможныя рэляцыі ў прэсе - яны б прыдаліся пры сапраўднай удачы, а як давялося пайсці на кампраміс і прыняць штось іншае - ну не прападаць жа здаўна пешчанай радасці і адукацыйным артыкулам пра лацінку як адроджаны элемент беларушчыны, асвячоны да таго ж дзяржаўным зацвярджэннем.
Сучасны картаграфічны трансліт - не беларуская лацінка. Каб ён ёй адпавядаў, спачатку варта было зацвердзіць змены ў беларускую лацінку як такую. Ініцыятары і стваральнікі ўвядзення гэтай сістэму транслітарацыі маюць усе падставы радавацца наяўнай няпоўнай інтэграцыі ў яе элементаў беларушчыны - але чаму б не цешыцца імі, прызнаючы толькі рэальныя поспехі, чаму б не называюць рэчы сваімі імёнамі?