Крыжы-абярэгі

Dec 10, 2008 02:41

Юля КАТАРЖЫНСКАЯ, t-styl.info

Ці звярталі вы калі-небудзь увагу на прыдарожныя крыжы, якія стаяць ля вёсак? Звычайна яны ўпрыгожаныя кветкамі, рушнікамі, на некаторых з іх вісяць абразы.
Адзін з такіх крыжоў я знайшла ў вёсцы Рошчыца Навагрудскага раёну. Шэры, заімшэлы, крыху пахілены, ён стаіць на раздарожжы і сустракае гасцей, якія едуць у вёску. Каля крыжа акуратна скошана трава, ляжаць свежыя кветкі. Відаць, для вяскоўцаў ён нешта значыць, калі да яго столькі ўвагі.
Жыхары лічаць, што “мода” на такія крыжы з’явілася ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Бомбы, падпаленыя хаты, кожная хвіліна пад пагрозай. Людзі стаміліся ад гэтай непрадказальнасці, таму і ставілі крыжы, просячы дапамогі ў Бога.

Вось што распавяла 74-гадовая жыхарка Надзея Камашыла:

- Было гэта падчас вайны. У нашу вёску прышоў ананімны ліст, які з хаты ў хату ўпотай перадавалі. У ім было напісана: каб скончылася вайна, за адну ноч трэба саткаць рушнікі, зрабіць крыжы і паставіць на ўсіх скрыжаваннях. Мне тады гадоў восем было. Памятаю, як усе жыхары вёскі ў адной хаце сабраліся. За адну ноч мужыкі зрабілі крыж, а жанчыны пралі, снавалі і ўрэшце саткалі рушнікі. Потым, пад раніцу, усе разам крыж гэты паставілі, і абразок на яго павесілі. Немец жа не забараняў. Нягледзячы на час, на партыйцаў, якіяў Бога не верылі - ні крыж, ніабразніхто не чапаў.

Загадчык кафедры археалогіі і этналогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Сяргей Піваварчык удакладніў: “На самой справе крыжы пры дарогах з’явіліся яшчэ ў дахрысціянскія часы як адлюстраванне культа татэмізма. Людзі пакланяліся некаторым рэчам, якія выступалі ў ролі абярэгаў, напрыклад, камяні, дубы. З распаўсюджаннем хрысціянства роля абярэга перайшла да крыжа. Крыж як сімвал, знак захавання свайго роду, сям’і, абшчыны, вёскі. Іх ставілі, каб уратавацца ад нягодаў, якія неслі эпідэміі, стыхіі, войны, пажары і іншыя навалы, якія закраналі ўсіх жыхароў вёскі”.


Такія крыжы вельмі шанаваліся. Лічылася: калі нешта здарыцца з крыжом, у вёску прыйдзе няшчасце.

Гады тры таму струхлявіў ды зваліўся наш крыж і справы да яго нікай не было. - кажа 78-гадовая жыхарка вёскі Камянка Вера Радзевіч, - Дык пасля гэтага вёска гарэць пачала, хата за хатай. Потым людзі паміраць. Старажылы прымусілі новы крыж паставіць, які зараз разам і даглядаем.

Беларуская вёска паступова губляе сваю традыцыйную культуру, але традыцыя шанавання прыдарожных крыжоў захоўваецца дагэтуль. Раз на год святар разам з жыхарамі моліцца ля крыжа за вёску і яе насельнікаў. Труну з нябожчыкам нясуць да крыжа, а пасля ўжо вязуць на могілкі. Ля крыжа спыняюцца маладыя падчас вясковага вяселля. Ад крыжа пачынаецца і ім сканчаецца вёска.

абярэгі, ручнік, крыжы

Previous post Next post
Up