У паэзіі - палітык, у палітыцы - паэт.

Oct 07, 2010 13:42

Учора кандыдат у кандыдаты ў прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў зладзіў сустрэчу з блогерамі. Гэты новы палітычны жанр, які прыходзіць на зьмену сустрэчам з «прадстаўнікамі працоўных калектываў», занесла ў нашыя лясы з постіндустрыяльных, інфармацыйных грамадзтваў, дзе імідж - усё, а грамадзкая думка мае нейкае значэньне. Або, калі мець на ўвазе Расею, адтуль, дзе іміджавыя гульні - гэта ўсё, што засталося ад палітыкі, у астатнім вытраўленай.

З блогерамі сустракаліся Джордж Буш і Барак Абама, Дзьмітры Мядзьведзеў, галоўны блогер усяе Расеі, даваў чыноўнікам наказ «лічыцца з блогасфэрай» - «энэргетычна насычаным асяродзьдзем, якое ламае палітычныя стэрэатыпы», Уладзімер Пуцін асабіста адказваў на гнеўны зварот блогера, нават выслаў яму патрабаваную рынду, Віктар Януковіч «працягваў руку» блогерам - «актыўным і сьмелым рабятам, якія вельмі хутка рэагуюць на памылкі ўлады». Ды што там палітыкі-аднадзёнкі, калі нават вялікі і жудасны Яўген Петрасян, валадар тэлевізійнага прайм-тайма, усёмагутны інжынэр чалавечых душаў, і той сустракаўся з блогерамі, каб іх залагодзіць!



Беларусь, у асобе дзейнага прэзыдэнта, усімі сіламі імкнецца затармазіць працэс пераходу грамадзтва ў стан інфармацыйнага. Блог прэзыдэнт заводзіць не жадае, лічачы гэта «паказухай», ніхто з афіцыйных асобаў нават ня думае зьбіраць блогераў на сустрэчы, а ў дзяржаўнай прэсе друкуюцца заклікі простых хатніх гаспадыняў «навесьці парадак у інтэрнэт-памыйніцы».

Напэўна, дзяржаўныя ідэолягі маглі б сказаць, што для прэзыдэнта прыярытэтнай застаецца «сапраўдная рэчаіснасьць», прэзыдэнт на справе, а не на словах пацьвярджае свой імідж і арыентуецца на «просты народ», якому няма калі блынды ў інтэрнэце правіць, паколькі ён стварае матэрыяльныя даброты, ад чаго гэтак стамляецца, што прыходзіць дахаты і плюхаецца бязь сілаў на канапу перад тэлевізарам. А блогеры - гэта хто? Шумавіньне, пражыгацелі жыцьця. Мізэрная і нікчэмная частка грамадзтва, ня вартая ўвагі, пятая нага сабакі.

Самае сьмешнае, што беларускія блогеры збольшага згодныя з такой ацэнкай. Ня ведаю, у чым тут справа: у адэкватным успрыманьні саміх сябе, сьціпласьці, самапрыніжэньні? Ці то яны купіліся на дзяржпрапаганду, засвоілі яе палажэньні, паводле якіх зь меншасьцю неабавязкова лічыцца?

«Блін, ну блогеры - гэта ж няшчасныя 0,002% выбарнікаў», - разгублена піша paranoekk у журнале Ўладзімера Някляева, падразумяваючы бессэнсоўнасьць кантактаў зь імі.

І непасрэдна падчас сустрэчы прадстаўнікоў гэтых «0,002% выбарнікаў» больш за ўсё цікавіла тое, як кандыдат у кандыдаты здолее спадабацца ня ім самім, а таму самаму «простаму народу». Падхапіўшы словы Някляева аб літаратуры - «гэта найперш "як", а ня "што"», блогер biespartyjny упікнуў кандыдата ў кандыдаты за тое, быццам у ягонай кампаніі аж залішне «як» - «усялякіх там фінціфлюшак», пры яўным недахопе «што» - зьмястоўнага, несупярэчлівага і рацыянальна, а ня толькі эмацыйна прывабнага напаўненьня.

Някляеў сядзеў не перад блогерамі, як Раманчук на аналягічнай сустрэчы - не раўнуючы як начальнік на нарадзе, а недзе з боку і нібыта на ўзровень ніжэй за астатніх прысутных. Ён яўна быў зьбянтэжаны і крыху пакрыўджаны. Бо пачынаў размову з камплімэнтаў блогерам за ажыўленьне і разнастайваньне грамадзка-інтэлектуальнага жыцьця, уліваньне ў яго новага струменю, і ўсё такое. Хто ж як не яны зможа па заслугах ацаніць крэатыўныя навацыі ягонай кампаніі, такія яркія на агульным бляклым і зьнежывелым фоне беларускай палітыкі? А яны, бач ты, аказаліся ўпартымі сухарамі-прагматыкамі - падавай ім пераможную стратэгію без прыкрас, каб люд паспаліты ачмурыць. Ён, маўляў, усіх гэтых куншцюкоў усё роўна не зразумее. З народам па-прастому трэба.

Аднак калі Ўладзімер Пракопавіч пачынаў раптам рэзаць па-прастому, па-народнаму, з моцным слоўцам («падла такая», «чмо балотнае» і г.д.), сія-тыя блогеры адразу нос варочалі: фі, як можна, што за мужыцкая мова! Непатрэбны нам яшчэ адзін хамула ва ўладзе!

Някляеў (відавочна, загараючыся) кажа пра нейкія калялітаратурныя пытаньні, на што атрымлівае зьедлівае: бачна, што пра літаратуру вам цікавей размаўляць, чым пра палітыку. А мы тут не літаратара сабраліся паслухаць. Ці чыталі мы цалкам драму «Армагэдон»? Ага, трымай кішэнь, нават і ня думалі!

Ліпковіч нязлосна пакепліваў, просячы гучна і з выражэньнем прачытаць прывітальны верш XXV-му зьезду КПСС (і прачытаў, і прызнаўся, што ў кватэры Булата Акуджавы яму за той верш адмовілі ў гарбаце), Сяргей Чалы настойліва і жорстка дапытваўся, няўжо праславутая прарасейскасьць - сапраўды толькі міф, створаны ў сеціве (менавіта гэта сьцьвярджаў Някляеў падчас сустрэчы), а дзейнасьць самой кампаніі тут наогул ні пры чым, зусім-зусім?

Пытаньні пра эміграцыю, стасункі з Лукашэнкам, грошы, маўчаньне з нагоды рэпрэсіяў супраць палітычных актывістаў, распачатых пасьля цёмнай атакі на расейскую амбасаду ды інш. Адным словам, гэтая сустрэча зусім ня стала ані бэнэфісам паэта, ані маналягічным выступам палітыка. Блогеры, як і мае быць, прыйшлі не абменьвацца пагладжваньнямі, а выпрабоўваць гаспадара сустрэчы на трываласьць.

Трэба аддаць гаспадару належнае, выпрабаваньне ён вытрымаў. Вядома, я не магу быць аб'ектыўным пасьля таго, як выпіў на дурніцу кавы (+ чатыры кавалка цукру ў выглядзе сэрцайкаў) зь печывам, паласаваўся вінаградам, мандарынамі і бананамі, прыхапіўшы сёе-тое дахаты. Але цяпер не магу не сказаць, хаця мяне папярэджвалі: будзеш хваліць Някляева - галаву адкруцім, і ад прамаскоўскага кандыдата, у прынцыпе, можна было б чакаць шампанскага і цыганаў зь мядзьведзямі, а не эўрапейскай вітамінавай дыеты, што кандыдат у кандыдаты зрабіў на мяне вельмі станоўчае ўражаньне, бо гэта чыстая праўда.

Чамусьці я ішоў на гэтую сустрэчу, каб моцна расчаравацца. Здалёк Някляеў мне падаваўся «крыўлякай» і хітраванам, круцялём і шэльмай, падманшчыкам і шалахвостам, карацей, досыць тыповым беларускім палітыкам. Ён жа аказаўся менш за ўсё палітыкам. Палітыкі вершаў услых не чытаюць. Спакойная пажылая жанчына з разумнымі і цёплымі вачыма, Навумава Сьвятлана Андрэеўна, якая сядзела і пячатала штосьці адным пальцам на ноўтбуку, ажывілася толькі тады, калі Някляеву зрабілі заўвагу пра лаянку: я яму столькі разоў казала! Хіба так бывае на палітычных сустрэчах?

Калі б на сустрэчы не было Андрэя Дзьмітрыева, эфэктыўнага мэнэджара бяз страху і папроку - вось гэта праўдзівы палітык, нібы не чалавек перад табой сядзіць, а тэлевізар уключаны з палітычнымі навінамі, дык на сустрэчы палітыкай нават і ня пахла б. Парадаксальным (а можа заканамерным) чынам Някляеў якраз у паэзіі - палітык, то бок не зусім паэт, а вось у палітыцы - паэт, то бок зусім не палітык. І гэтыя дзьве душы, «якія прагнуць разьдзяленьня», робяць яго чалавекам - істотай наогул незавершанай, супярэчлівай і дзіўнай. Палітык жа ня можа дазволіць сабе раскошы быць чалавекам. Як на мой погляд, гэта такая адмысловая разнавіднасьць біяробатаў.

Таму дзякую за арганізаваную сустрэчу, Уладзімер Пракопавіч. Гэта бясцэнны досьвед для мяне. І за вітаміны з кафеінам таксама, канечне.
Previous post Next post
Up