Лісты курсантаў Беларускай Ахвіцэрскай школы

Dec 15, 2008 11:48


         Вініцкі Алесь. Матарыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў нямеччыне ў 1939-1951 гадох. Тэхналогія.-Мн., 1994.

Ніжэйпададзеныя лісты курсантаў Беларускай Ахвіцэрскай школы ў Менску да сваякоў і знаёмых зьяўляюцца праўдзівай ілюстрацыяй падзеяў у жыцьці школы.

1.                                                                            Добрага дня, Родныя!

Нашае падарожжа з гораду Н-ску ў Менск адбылося шчасліва. Прыехаўшы ў Менск, нас адвезьлі ў казармы, дзе жывём і цяпер. Кажны з нас атрымаў па дзве коўдры й прылады да ежы.

Першую ноч мы правялі вельмі трывожна. Некалькі разоў была падаваная трывога. Хутка адзяваліся й выходзілі ў бомбасховішча.

У нас у 6 гадзін раніцы пад’ём. Пасьля прапяяньня малітвы ідзем на сьнеданьне. Па сьнеданьні-заняткі, якія пакуль што ня цяжкія. У 12 гадзін дня добры абед. Пасьля абеду гадзіны чатыры будуем бамбасховішчы. У 9 гадзін вячэра, а пасьля вячэры да 10-й гадзіны вольны час. Па 10-й ідзем спаць.

Другая ноч была таксама трывожная: хаваліся ў бамбасховішчы. Нашыя казармы стаяць за горадам, і бамбаваньне нам не пагражае.

Дзядзька! Як будзеце ехаць у Менск, прывязеце, калі ласка, цыгарэтаў, бо курыць даюць мала. На гэтым ліст свой канчаю, бо няма калі пісаць. Гэты ліст пісаў на калене. Аставайцеся здаровы й ня тужэце па мне. Мне, як і ўсім нашым хлопцам, жывецца вельмі добра.

Бывайце !

Чэрвень 1944 г.                                                 Ваш Мікалай.

2.                                                        Славік!

Сёлета я выграў па лятэрыі лёс, якога не спадзяваўся і не хацеў бы, а мяноўна-дармовае падарожжа па Эўропе. Мей цярплівасьць і выслухай маё нуднае апавяданьне аб нашым падарожжы, бо гэтае падарожжа ўвойдзе ў гісторыю Беларусі. Гісторыя-гэта Гісторыя Ахвіцэрскай Школы Беларускай Краёвай Абароны.

I вось слухай: 27 чэрвеня 1944 году бачыўся я з тваім бацькам, бо мы ахоўвалі Беларускі тэатр, у якім адбываўся Кангрэс. На наступны дзень, гэта значыць 28 чэрвеня, была навука страляньня, а вечарам, як ужо паляглі спаць, зрабілі пад’ём і сказалі пакаваць самыя неабходныя рэчы. Мы даведаліся, што Школа пераводзіцца ў Горадню, бо пад Менск падсунуўся фронт і нам небясьпечна тут сядзець.

29 чэрвеня рана мы выйшлі зь Менску пад кіраўніцтвам нашых інструктараў-немцаў і капітана Мікулы. Усё сваё прыйшлося цягнуць на плячах. Сонца пякло моцна, мундзеры чорныя, на плячах пакункі, проста нязносна. Некаторыя сябры пачалі па дарозе млець.

Прайшлі мы 30 км за Менск, і капітан дазволіў сядаць на праходзячыя нямецкія машыны з умовай, каб бралі з сабою цяжкае аружжа. Я сеў таксама. Першую ноч начавалі мы недалёка ад Маладзечна. Другую прыйшлося начаваць за 14 км ад Вільні. Там разышліся мы па хутарох, шукаючы малака й хлеба, бо прадуктаў мы два дні не атрымлівалі.

З намі быў адзін немец, наш адзін лейтэнант і нас чалавек 50. Многія па дарозе, каму было недалёка, пайшлі дамоў. Раптам стрэлы. Трое з падахвіцэраў застрэлілі лейтэнанта й яшчэ аднаго і ўцяклі да легіёнаў, якіх там было мала.

Мы поцемку пагрузіліся на першыя спатканыя машыны й паехалі ў Вільню на зборны пункт, дзе сабралася нас ужо 200 чалавек, а раней было 300 чалавек. Там мы чакалі чатыры дні на нашыя абозы.

Але не дачакаўшыся іх, вымушаныя былі рушыць далей. Усе ўжо з вільні эвакуяваліся.

3 ліпеня ў абед мы пагрузіліся на цягнік і меліся ад'яжджаць, але нас вазілі, вазілі па станцыі, і мы да 10-й гадзіны вечара не змаглі выехаць. У 10 гадзін алярм. Мы прывыклі, што ў Менску зяніткі не давалі самалётам спусьціца, і нічуць не баяліся. Нават ніхто з вагону ня зьлез, бо вось-вось цягнік меў рушыць зь месца. Наляцелі самалёты. Хлонцы пасьпелі толькі схавацца паміж колаў суседніх вагонаў. Машыністы, замест выводзіць цягнік са станцыі, выскачыў з машыны і давай уцякаць. Яго застрэлілі.

Хлопцы не заахоўвалі ніякіх асьцярожнасьцяў, а самалёты навешалі ліхтароў і круцяцца. Раптам грукат ззаду ў нас. Пачалі гапасіць хвалямі, і гэтыя хвалі ўсё бліжэй да нас. Адны пралятаюць, налятаюць новыя й г.д.

Адазваліся толькі тры зэніткі й адзін пражэктар, а ня так, як мы думалі-500 пражэктараў і 100 зэнітак. Бамбілі нас нямецкімі бомбамі, якія, як толькі даткнуцца да зямлі-рвуцца.

Рабілася горача. Хваля даходзіла да нас. Адна бомба дала ў наш эшалён-у машыну. Другая загула-стала цяжка дыхаць-і не разарвалася. Яна ўпала пры самай галаве капітана Чабатарэвіча, які ляжаў з жонкай і сынам. Гэта быў кіраўнік нашае школы. Маё шчасьце. Раптам цяжка, цяжка дыхаць. Шалёны выбух, мяне падкінула ўверх, абсыпала пяском, пасьля пачаўся лямант і крык-крычалі раненыя. Я не верыў сабе, што жывы; і дзіўна мацаеш свае ногі й рукі й дзівісься, што цэлыя. А пад вагонамі крычаць, разьвітваюцца, даюць напамінкі.

У мяне было толькі зашарпнутае вуха, зь якога цякло шмат крыві, і абдзёртая рука, але ўжо на тым месцы й блізна мала значная. Я ляжаў на правай старане нашага эшалёну, а бомба ўпала на левай старане і, даткнуўшыся да вагону, адразу разарвалася, так што асколкі білі ў ніз і на бакі, словам, усюды.

Сябру Ражнёва так моцна раніла, што хацеў з свае вінтоўкі застрэліцца, а як вінтоўку адабралі, дык усё прасіў, каб дастрэлілі. Нага амаль адарваная, грудзі й рукі зусім пасечаныя. Таксама Гаворка з 4-й клясы. Пад тым вагонам было забіта чатыры чалавекі, прычым тры з нашай Сэмінарыі.

Бомбы сыпаліся й сыпаліся, на шчасьце, усё далей і далей. Налёт трываў дзьве гадзіны, у выніку чаго было забіта з нашага эшалёну (Школы) 6 чалавек і 25 паранена. Многія сябры былі абпаленыя фосфарам з запальных бомбаў.

Пасьля бамбаваньня страшно было глянуць. Што трэйці, чацьвёрты вагон гарэў. Гранаты, патроны, снарады рвуцца. Недалёка ад нас рваўся арсэнал. Мы, здаровыя, да рана 4 ліпеня тушылі вагоны, а пасля цэлы дзень усё перакочвалі вагоны, стараючыся сабраць ізноў эшалён. У той час рабочыя правілі чыгунку. Усе мы выглядалі страшна: ня спаўшыя, няўмытыя, няеўшыя, у пяску, у вугальлі, чорныя, вочы гараць гарачкай-страх !

Падвечар зноў стаімо зь цягніком пад параю, і ніяк не даюць нам дарогі. Пад 9 гадзін вечара апанавала ўсіх нецярпелівасць. Усе трывожна разглядаліся кругом і шукалі, куды ўцякаць. Каля нас праяжджалі ўсё цягнікі чырвонага крыжу. З аднаго нам махалі, відаць нехта з нашых раненых выяжджаў.

Ехалі мы так, што пад горку ўсе вылазілі з вагонаў і папіхалі эшалён. Да нашага эшалёну дачапілі доўгі эшалён, на які пагрузілі адзін Беларускі Піянерскі Батальлён. Ад'ехаўшы 30 км ад Вільні, сталі. На Вільню зноў налёт. Зэніткі зусім нябілі, а біліся зь імі паляўнічыя самалёты й зьбілі 6 штук, аднак глушылі добра. У той час наш абоз быў за 6 км ад Вільні. Абозныя пазьней гаварылі, што бомба бухнула якраз у ваенны лязарэт каля станцыі. Так што нашыя раненыя, калі іх ня вывезьлі, там загінулі.

Раніцою 5 ліпеня мы прыехалі ў Коўна, дзе прастаялі цэлы дзень. Пад вечар зноў неспакойна, але дзякуючы стараньням нямецкага нашага капітана Шнайдэра каля 9-й гадзіны вечара ад'яжджаем далей. Толькі даехалі мы да Нёмана-над Коўнам навешалі лямпачак.

Даехалі да Вірбалену (Вержбалова) на летувіска-нямецкай мяжы, дзе тыдзень чакалі нашых абозаў. Як прыехалі (яны чуць не трапілі каля Смаргоняў у рукі бальшавікоў), нам далі накіраваньне на Граева каля Горадні, дзе мы мелі працягваць навуку. Аднак нас павезьлі на Кэнігсбэрг, далей яго-у Коблёбудэн, дзе мы стаялі цэлы тыдзень. Адтуль мы паехалі зноў на Граева, але нас зноў ня пусьцілі туды, бо адтуль ужо эвакуяваліся. Нас затрымалі ў Лыку й накіравалі ў Шротэнбург (Плоцк). Там мы стаялі пару дзён, і нас мелі адправіць адтуль пад Ломжу, каб мець нагляд над шанцавымі работамі. Але чамусь ноччу паравозу не падчапілі, і мы не паехалі туды, а прастаялі ў вагонах яшчэ тыдзень. Адтуль паехалі на Варшаву, у Цеханова. Там мы стаялі некаторы час у маёнтку, а пасьля перавялі нас у вёску Казлоўку, дзе аб'явілі нам закрыцьцё нашай Ахвіцэрскай Школы. Там нас ужо была толькі адна рота-120 чалавек, бо рэшта ўцякла зь Вільні пасьля бамбаваньня...

Бывай здароў.

10.XI. 1944 г.
Previous post Next post
Up