Страчаны беларускі "дзявочы легіён"

Jun 05, 2011 23:41





Ня ўсе беларускія дзяўчаты пасьледвалі словам вядомага вершу Ларысы Геніюш аб выключна працоўнай падтрымцы ваеннага высілку, які ім падаваўся слушным.
         Адной з даволі цьмяных старонак гісторыі „беларускай“ ІІ Сусьветнай вайны застаецца лёс беларускіх жаночых супрацьпаветраных фармаваньняў Люфтваффэ, т.зв. „дапаможнай лятунскай службы СС“, і іх жаўнерак-„дружыньніц“.
         Напрыканцы 1943 году кіраўніцтва нацыстоўскай Нямеччыны, здаючы сабе справу з усьцяж вастрэйшай нястачы жывой сілы пасьля вялікіх стратаў на ўсходнім фронце ды ў Паўночнай Афрыцы, пры выключна разбуральным штодзённым/штоночным бамбаваньні англа-амэрыканскай авіяцыяй нямецкіх гарадоў, вайсковых, транспартных і прамысловых аб'ектаў, пачала камплектаваць адзьдзелы супрацьпаветранай абароны з падлеткаў дапрызыўнага ўзросту; у адным з такіх адзьдзелаў пачынаў службу малады Ёзэф Ратцынґэр. Набіралі служыць туды таксама дабраахвотніц-дзяўчат. 
          Пэўны паказчык скрайняга зьнякроўленьня ІІІ Райху можна ўгледзіць у рашэньні дзесьці напачатку 1944 г. паклікаць на службу ў супрацьпаветранай абароне таксама і моладзь з акупаваных „усходніх абшараў“. Гэтую кампанію, якая ў Беларусі была даручана СБМ, у некалькіх прапагандовых артыкулах асьвячала бэрлінская беларуская газэта „Раніца“. Паводле „Раніцы“, на гэткую службу было адпраўлена, маўляў, больш за 3,000 асобаў.
          Адтуль між інш. дазнаемся, што была сьпэцыяльная адозва з адзьдзела прапаганды СС да беларускіх дзяўчат і жанчын (паводле ўдакладненьня іншае абвесткі, 15-20 гадовых), і што пэўная колькасьць адгукнулася на гэты заклік. Адна такая дзяўчына паказана на фотаздымку вышэй зправа незразумела, ці торба зь бліскучай скуры ёсьць часткаю ўніформы.
         Далейшае пакрыта змрокам невядомасьці. Колькі паступіла на тую службу беларускіх дзяўчат, невядома (каля 200 дзяўчат паводле некаторых крыніцаў). Незразумела ўвогуле, ці сапраўды зь беларусак ствараўся асобны беларускі адзьдзел (ці адзьдзелы), ці то, магчыма, фармаваліся ў Нямеччыне разам з нп. украінкамі і расейкамі агульныя „ўсходніх народаў“ (хоць СС-аўская адозва абяцае, што беларускі не апынуцца асобна ад іншых беларусак). Незразумела нават, ці прыймалі дзяўчатаў на службу непасрэдна зь Беларусі, ці толькі тых, хто ўжо знаходзіўся на працах у Нямеччыне альбо апынуўся там пасьля ўцёкаў лета 1944. 
         Урэшце ствараецца ўражаньне, што ніводнае вэтэранкі тых адзьдзелаў на эміграцыі не фіксуецца ў эміграцыйнай мэмуарыстыцы, або й увогуле вядома не было. Гэта досыць дзіўна, нават калі-бы лічба іх у 1944 не перавышала пары дзясяткаў. Не падаецца імаверным, каб такое мінулае-бы кімсьці наўмысна хавалася: калі бо не хавалі асабліва нп. службу ў паліцыі, у якасьці перакладчыцы, або нават у якасьці радысткі-выведчыцы-дывэрсанткі ў „Дальвіцы“ (Ю. Брэчка-Найдзюк). - Адно з тлумачэньняў, пачутае ад пэўнай прадстаўніцы паваеннай беларускай эміграцыі, можа быць у тым, што нібыта беларускія „зэнітчыцы“ служылі ў абароне Кёніґсбэргу, ды пры эвакуацыі ў апошнія дні маўляў іх транспарт пайшоў на дно Балтыкі, так, што ніводная не ўратавалася. У прынцыпе, той факт, што, паводле „Раніцы“, беларускія хлопцы дыслякаваліся ў Сілезіі, „кёніґсбэрскае вэрсіі“ не выключае, бо жаночыя адзьдзелы былі асобныя і маглі быць накіраваныя ва Ўсх. Прусію. З другога боку, ніякіх пацьверджаньняў такой масавай пагібелі ў прэсе ці мэмуарах таксама не сустракаецца. Гэтак, уся справа застаецца крыху загадкавай. Пэўна, адказы аб гэтай малавядомай (і, можна падазраваць, трагічнай) гісторыі чакаюць будучых дасьледчыкаў/дасьледчыц у вайсковых архівах ІІ Сусьветнай вайны.
         Ніжэй пад катам гл. відыё ўрывак з тагачасных нямецкіх навінаў, што распавядае аб службе такога супрацьпаветнага адзьдзела. Не спрабуйце пазнаць там маладога будучага Папу Рымскага: гэта дзявочы адзьдзел :) - А таксама некалькі датычных пытаньня матэрыялаў з „Раніцы“ за 1944 год.

image Click to view







Агульная адозва да беларускай моладзі



Зь лісту зацікаўленай дзяўчыны (калі верыць аўтарам):



Мужчынскі варыянт беларускай уніформы згаданых супрацьпаветраных фармаваньняў, NB шэўрон з рунамі СС:



Кіраўнік СБМ Ганько рапартуе аб посьпеху кампаніі, нажаль ня згадвае пра дзяўчат:



Іншы ўрывак навінаў на тую-ж тэму:

image Click to view

відэа, фота, дыскусія, пытаньне, Нямеччына, крыніцы, Беларусь

Previous post Next post
Up