Заява грамадзкай арганізацыі беларусаў .....

Nov 21, 2012 23:22


  Заява грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі “Пагоня” з нагоды так званага “Першага сходу беларускіх аб’яднаньняў Чэхіі”

Мы, Рада грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі “Пагоня”, чуемся ў абавязку выказаць нашую пазыцыю з нагоды так званага “Першага сходу беларускіх аб’яднаньняў Чэхіі” (далей - “Сход”) і асьвятленьня гэтай падзеі журналістам Франкам Вячоркам на сайце беларускай рэдакцыі “Радыё “Свабода” ў артыкуле “У Празе створаць “альтэрнатыўную Амбасаду Беларусі”.  

Так званы “Першы сход беларускіх аб’яднаньняў Чэхіі”, што адбыўся 20 лістапада 2012 года ў канфэрэнц-залa праскага кінатэатру “Люцэрна” і сабраў прадстаўнікоў шасьці грамадскіх аб’яднанняў ёсьць нічым іншым як тэатральна-паказушнай пастаноўкай, зрэжысаванай палітычным уцекачом Аляксеем Міхалевічам. Відавочнай мэтай гэтай пастаноўкі была чарговая спроба паказаць спадара Міхалевіча ў якасьці аб’яднальніка і лідэра беларускай супольнасьці ў Чэхіі.

З шасьці зарэгістраваных у Чэхіі арганізацыяў, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на гэтак званым “Сходзе”, пяць - гэта альбо арганізацыі, што дзеяць па-за межамі Чэскай Рэспублікі (“Разам” і “Наш дом”), альбо камэрцыйныя ці адмыслова “адроджаныя” групоўкі, неабходныя Міхалевічу дзеля легітымізацыі “лідэрскага” статусу сябе і ягонай “Асацыяцыі “За мадэрнізацыю”. Зазвычай, іх дзейнасьць абмяжоўваецца выключна палітычнымі ці палітызаванымі акцыямі, зьвязанымі з падзеямі ў Беларусі ці вакол яе. На падставе вышэй апісанага, мы ўважаем, што ніводная з гэтых пяцёх арганізацыяў не займаецца захаваньнем і разьвіцьцём беларускай мовы, культуры і традыцыяў у Чэхіі, што не дазваляе ім прамаўляць ад імя беларускай грамады ў Чэскай Рэспубліцы і выступаць у якасьці яе прадстаўнікоў.

Сярод удзельнікаў так званага “Сходу” толькі грамадзкая суполка “Пагоня” займаецца культурна-асьветнай дзейнасьцю, скіраванай на захаваньне беларускай мовы, культуры і традыцыяў сярод беларускай супольнасьці ў Чэхіі і азнаямленьня зь ёй шырэйшай чэскай супольнасьці, што ня толькі спрычыняецца да пашырэньня ўсебаковых (а ня толькі палітычных) ведаў пра Беларусь у чэскім грамадзтве, але і спрыяе інтэграцыі беларусаў у грамадзтва Чэскай Рэспублікі. Суполкай “Пагоня” выдаецца культурна-асьветная газэта “Крывія”, утрымліваецца Беларуская бібліятэка ў Празе, якая рэгулярна папаўняецца дзякуючы нашым сталым кантактам з партнэрамі як у Беларусі, так і па-за яе межамі, ладзяцца розныя культурна-асьветныя мерапрыемствы і заняткі па інтарэсах. Менавіта чальцы суполкі “Пагоня” больш за два гады таму ініцыявалі і актыўна займаюцца працэсам прызнаньня беларусаў у якасьці нацыянальнай меншасьці ў Чэскай Рэспубліцы з мэтай таго, каб грамадзка-культурніцкая дзейнасьць сярод беларусаў Чэхіі была эфэктыўнейшай. Менавіта гэтыя акалічнасьці дзейнасьці “Пагоні” і агучыў наш прадстаўнік у часе так званага “Сходу”.

Журналіст Франак Вячорка “сэнсацыйным” загалоўкам свайго рэпартажу “У Празе створаць “альтэрнатыўную Амбасаду Беларусі” спрычыніўся да шырокай дэзінфармацыі грамадзтва, заявіўшы, што нібыта “шэсьць беларускіх арганізацыяў у Чэхіі дамовіліся пра супольны плян дзеяньняў”, у тым ліку пра так званы “Беларускі дом у Празе”. Мы лічым прапагандысцкай дэзінфармацыяй з боку Франка Вячоркі заяву наконт нейкай дамоўленасьці пра “супольны плян дзеяньняў”, бо прыняцьця якога-кольвек супольнага пляну дзеяньняў усімі шасьцю арганізацыямі не адбылося. Акрамя таго, мы лічым пражэкт так званага “Беларускага дому ў Празе” вельмі сумнеўным і ўважаем, што сярод шырэйшай публікі ён выкліча шмат пытаньняў датычна сродкаў і спосабаў ягонага фінансаваньня, магчымай залежнасьці ад чыёйсьці падтрымкі і таго, хто ўзначаліць гэты “Беларускі дом”.

Мы падкрэсьліваем, што нашае меркаваньне наконт асьвятленьня гэтай падзеі журналістам Франкам Вячоркам на сайце беларускай рэдакцыі “Радыё “Свабода” тычыцца выключна канкрэтнага журналіста і канкрэтнага матэрыялу. Наша меркаваньне пра канкрэтны матэрыял аніякім чынам не распаўсюджваецца на шанаваную намі беларускую рэдакцыю “Радыё “Свабода” і іншых яе супрацоўнікаў.

Зыходзячы з усяго згаданага вышэй, мы, Рада грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі “Пагоня”, заяўляем, што:
  • і надалей уся дзейнасьць нашай арганізацыі будзе праходзіць выключна ў грамадзка-культурніцкім рэчышчы, скіраваным найперш на захаваньне беларускай мовы, культуры і традыцыяў сярод беларускай супольнасьці ў Чэхіі, а таксама на кансалідацыю беларускай супольнасьці ў Чэхіі;
  • які-кольвек фармальны удзел нашай арганізацыі ў любой палітычнай ці палітызаванай дзейнасьці (у тым ліку падтрымка палітычных акцыяў, дзейнасьці паасобных палітыкаў, удзел у палітычна-матываваных задзіночаньнях арганізацыяў і г.д.) супярэчыць нашаму Статуту і мэтам нашай дзейнасьці. Гэта, аднак, не выключае магчымасьці ўдзелу паасобных чальцоў нашай арганізацыі ў такой дзейнасьці, што ёсьць іх індывідуальным выбарам, які ня можа разглядацца як дзейнасьць ад імя “Пагоні”;
  • мы надалей адкрытыя да супрацы з усімі грамадзка-культурніцкімі непалітычнымі і палітычна незаангажаванымі арганізацыямі, што прадстаўляюць беларускую супольнасьць у Чэскай Рэспубліцы і па-за яе межамі ў грамадзка-культурнай і асьветніцкай сфэрах з мэтай пашырэньня ўсебаковых ведаў пра Беларусь, яе гісторыю, нацыянальную культуру, нацыянальныя традыцыі і нацыянальную мову ў грамадзтве Чэскай Рэспублікі, эфэктыўнай інтэграцыі ў яго беларусаў, што жывуць у Чэскай Рэспубліцы, а таксама дэпалітызацыі і дэстэрэатыпізацыі іміджу беларусаў у чэскім грамадзтве.

у Празе, 21.11.2012    Рада грамадзкай арганізацыі беларусаў Чэхіі “Пагоня”

http://www.thepointjournal.com/output/index.php?art_id=172&spr_change=bel

Previous post Next post
Up