Вёска Мураванка атрымала сваю назву ад мураванай царквы, пабудаванай тут у пачатку ХVI ст. Цікава, што дакладнай даты пабудовы няма ў гісторыкаў, ёсць толькі дакументы, якія дазваляюць казаць, што царква была пабудавана паміж 1516-1542 гадамі.
Гісторыя бадаўніцтва напрамую звязана з фальваркам Малае Мажэйкава, аб якой я распавядала тут
http://azarkinm.livejournal.com/148607.html .
Сядзіба ў Малым Мажэйкава
Спачатку тэрыторыя, на якой зараз месціцца царква, належыла Гагіну, які валодаў Мажэйкаўскім дваром і навакольнымі землямі, але за ўдзел у паўстанні Глінскіх быў пазбаўлены надзелаў. Новым уладаром у 1508 годзе становіцца кіеўскі баярын Тышкевіч, але і ён уладарыў тут нядоўга, праз паўгады землі ў яго былі канфіскаваны. Трэцці раз за год Мажэйкаўскі двор мяняе ўладара. Князь Васіль Палубенскі, трэцці ўладар Мажэйкава, праз год быў заўважаны ў незразумелых стасунках са здраднікамі Глінскімі і пакараны годам турмы. Пакуль князь сядзеў, яго землі падзялілі. Ад Мажэйкава ў 1511 годзе быў адрэзаны значны кавалак і перададзены Шымке Мацковічу. З’явіўся фальварак Малае Мажайкава, які належыў Шымке, а Вялікае Мажэйкава засталося за Васілём Палубенскім.
Дык вось менавіта Шымка вырашыў на месцы драўлянай капліцы Вітаўта (па паданні ён тут хаваўся, калі збёг з Крэўскай турмы ад Ягайлы) пабудаваць мураваны храм.
У 1541 годзе пасля смерці, Шымку, як галоўнага фундатара царквы, пахавалі ў скляпеннях храма.
Царква ў Мураванцы належыла ўладарам двара Малае Мажэйкава і перадавалася разам з усімі землямі ў спадчыну. Нарушэвічы, Гутэн-Чапскія, Хадкевічы і Кастравіцкія валодалі Малым Мажэйкавым да ХІХ стагоддзя.
Грунтоўныя пашкоджанні сценам былі нанесены у ХУІІ ст падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Пасля кожнай вайны царква аднаўлялася, а з аднаўленнем прыносіліся і новыя аздабленні будынка.
Калі вы паходзіце вакол царквы, то адчуеце ўсю веліч шматгадовай гісторыі. Вы толькі ўявіце, што калісьці тут хаваліся ад захопнікаў людзі, з абразур глядзела зброя, і раздаваліся гукі стрэлаў, а на званніцы знаходзіўся дазорны. У царкве над уваходам гісторыкі ад вапны адкрылі старажытную кладку, якая не перастае ўражваць. Маглі ж пабудаваць проста звычайную прамую сцяну, але вырашылі аздобіць яе вось такім уваходам.
Да ХІХ стагоддзя ў сценах існавалі патаемныя хады для хуткага перамяшчэння па абарончаму будынку.
У 1782 г. памёр граф Ян-Мікалай Хадкевіч, уладар навакольных земляў, пасля праз кароткі час - у 1784 годзе - яго старэйшы сын Вацлаў. Гэтыя дзве смерці моцна пахіснулі фінансавы стан Хадкевічаў, і ўдава прымае рашэнне аб продажы фальварка Малае Мажэйкава з навакольнымі вёскамі.
Мураванка становіцца ўласнасцю будучага актыўнага ўдзельніка паўстання 1794 года Казіміра Кастравіцкага (…-1826).
Пры Кастравіцкім адбываецца капітальны рамонт храма. Ёсць паданне, што святар царквы знайшоў у труне першага фундатара Мураванкі Шымкі Мацковіча шмат залатых грошай (узнікае пытанне - чаму ён палез у труну да Шымкі). Калі Кастравіцкі даведаўся пра скарб, то катаваннямі выцягнуў ад служкі, дзе знаходзяцца грошы. На гэтыя залатыя манеты і была праведзена рэстаўрацыя храма. У царкве у скляпеннях зараз знаходзяцца дзве мармуровыя пліты, пастаўленыя Казімірам. Адна - над магілай Шымкі, а іншая - над магілай самога Казіміра Кастравіцкага. Усе дакументы па гісторыі Мураванкі знаходзіліся ў сядзібе Казіміра Кастравіцкага, але архіў загінуў падчас пажара XVIII ст.
Католікі і ўніяты валодалі будынкам храма напрацягу ўсяго яго існавання. У 1864 годзе пасля паўстання Каліноўскага мураванка была перададзена праваслаўным. З гэтага года тут дзейнічала таксама і царкоўна-прыхадская школа.
У 1871-72 гадах праваслаўная царква робіць рамонт храма і знаходзіць у скляпеннях людскія рэшткі і надмагільныя пліты, на адной з якіх выбіта дата - 1469 г. А гэта яшчэ раз пацвярджае, што храм быў пабудаваны на месцы раней існуючага храма.
Пасля падзелу беларускіх зямель Мураванка апынулася пад Польшчай і да 1939 года належыла католікам. Пасля Другой сусветнай вайны будынак быў перададзены калгасу пад зернесховішча, пакуль у 1989 годзе не вярнулі вернікам.
На дадзены момант гэта царква Нараджэння Багародзіцы, пры якой дзейнічае нядзельная школа. Але прыхажан тут мала, і асноўны прыбытак царква мае ад ахвяраванняў турыстаў.