Шануем гісторыю?

Nov 03, 2013 12:12

На выходныя з сям’ёй зладзілі вандроўку на Ашмяншчыну. Склаўшы папярэдні спіс таго, што хочацца паглядзець за кароткі светавы восеньскі дзень, пазначыла ў ім і наведванне сядзібы ў Будзёнаўцы каля Ашмян. І ведаеце… пасля такіх вось вандровак і пабачанага апускаюцца рукі і ў душы застаецца нямы крык аб дапамозе.



Які, на жаль, ніхто і не пачуе, бо большасць нашага народа і не хоча яго пачуць. Гляжу я на гэты шматпакутны будынак і не магу зразумець, чаму нашы людзі настолькі абыякавы да сябе? Мы кажам, што ва ўсім, што адбываецца ў краіне, вінаваты толькі адзін чалавек, яе кіраўнік. Але калі глянуць менавіта на гэты будынак, дык ён жа не прыклаў тут руку. Ён нават не ведае пра яго існаванне, бо яму проста гэта не цікава, як не цікавы лёс іншых гістарычных помнікаў краіны, а што казаць пра гэты будынак, які ў спіс гэты і не патрапіў. Але ёсць жа абласныя, гарадскія ды раённыя кіраўнікі. Куды глядзяць яны ў дадзенай сітуацыі? Куды глядзіць кіраўнік калгаса, якому непасрэдна падпарадкоўваецца вёска? Чаму яны не разумеюць, што цікавасць да іх мясцовасці можа быць звязана менавіта з гістарычнымі аб’ектамі. Людзей прыцягваюць не звычайныя шматпавярховыя дамы, не дарогі ды аўтастрады, іх прыцягвае гісторыя.


Няўжо ўсіх нармалёвых людзей у нашай краіне проста вырвалі з гэтай зямлі з каранямі. Вы толькі задумайцеся колькі пакаленняў нашых продкаў, якія мелі гонар за сваю гісторыю, былі знішчаны. Пачынаем лічыць? Існуе краіна, яе дзеляць у тры прыёмы, як навагодні торт. Патрыёты падымаюць паўстанне 1794 года. Вынік - паўстанне разбіта. Праходзіць 8 год, падрастаюць дзеці тых хто ўдзельнічаў у спробе аднаўлення краіны - надыходзіць 1812 год і зараз ужо яны бачыць у гэтым шанец вяртання незалежнасці. Заканчваецца гэтая спроба правалам. Праходзіць амаль 20 год, падрастае новае пакаленне, якое арганізоўвае паўстанне 1831-1832 гг. Новае пакаленне з новымі спадзяваннямі. Вынік - турмы, ссылкі, канфіскацыя маёмасці, растрэлы. Праходзіць 30 год. Новае пакаленне і паўстанне 1863 года. Вынік - турмы, канфіскацыя маёмасці, зняволенні, растрэлы, перадача будынкаў касцёлаў іншай канфесіі. І зноўку выхоўваецца новае пакаленне - праз 40 год - літаратурныя, культурніцкія, рэвалюцыйныя накірункі. Пакаленне да нейкага каардынальнага кроку спее доўга, спее яшчэ 10 год, пакуль не настане 1918 год. Стварэнне БНР. Спадзяванне на лепшае і аднаўленне незалежнасці, аб якой ужо так доўга мараць. Вынік - эміграцыя, канфіскацыя маёмасці. Хто быў нікім - той стане ўсім. А за ўсім гэтым ідуць крайнасці - спробы, дзякуючы войнам, вяртання канфіскаванай маёмасці, але ўсё дарэмна… нічога не магчыма вярнуць, усё ўжо вырашана і без нас. Краіна ідзе развівацца двума шляхамі - усходнім (рэпрэсіі, растрэлы, канфіскацыя і поўнае знішчэнне) і заходнім (маламальская кансервацыя больш стабільнага былога ўклада жыцця). Праходзіць 20 год, наступае 1939 - аб’яднанне беларускіх земляў. Вынік - канфіскацыя, растрэлы, раскулачванне, запужванне, эміграцыя. Праходзіць 2 гады - 1941 год - спробы, дзякуючы захопнікам, знайсці нарэшце для краіны незалежнасць. Вынік - дваякае стаўленне ўсіх у краіне да такой сітуацыі, растрэлы, эміграцыя. Пасля 1945 года праходзіць 8 год, па краіне ўсёроўна дзе-нідзе ўзнікаюць новыя групоўкі, якія выступаюць супраць бальшавіцкай ўлады. Вынік - растрэлы, ссылкі. Насельніцтва запужана, расповяды пра сваякоў, якіх саслалі ў лагеры, пра катаванні, пра цяжкасці перадаюцца адзін да аднога і ўзнікае выраз, які зараз скажа любая бабуля ў незалежнай Беларусі - “Абы не было вайны”. Гэты выраз стане самым галоўным аргументам ва ўсіх апраўданнях ўлады на працягу наступных 50 год. Але ж падрастае новае пакаленне. Якое шукае, спрабуе знайсці сябе… і з 70-х гадоў вядзе цяжкую, патаемную, амаль масонскую культурніцкую дзейнасць. Вынік? Некаторых з іх прыбіраюць, ужо не растрэламі, а так… ціха… нібыта няшчасныя выпадкі могуць здарыцца з кожным. Але прыбіраюць лідараў руху. Трэба яшчэ 10 год, каб нешта пачало змяняцца, але не нашымі рукамі, а чужымі, а мы толькі назіраем за падзеямі. Мы самыя апошнія праводзім рэферэндум аб незалежнасці. Мы самыя апошнія адмаўляемся ад былой агульнай грашовай адзінкі. Мы самыя апошнія… і відаць гэтым усё сказана. Праходзіць 4 гады і мы зноўку ўсё губляем. І паслухмяна паўтараем запаветныя словы нашых бабуль “абы не было вайны”.


Праходзіць яшчэ амаль 20 год. Падрастае новае пакаленне… якім ужо ўсёроўна ў якой краіне жыць. Чаму? Таму што гісторыя пачынаецца з 1945 года. Таму што ў музеях кожнага раёна вы знойдзе прылады працы сялян, вы знойдзеце выгляды сялянкіх хат, якія мы і так бачылі ў кожнай бабулі са свайго дзяцінства. Вы знойдзеце пераробленыя касцёлы з залатымі цыбулінамі - “ну так жа багацей глядзіцца”. І вы ніколі не пачуеце ад гэтага “новага пакалення”, што ў нас былі Празоры, Чапскія, Рэйтаны, Бохвіцы, Наркевіч-Ёдка, Ельскія, Ашторпы… да і спіс можна працягваць яшчэ доўга. Адзінае каго ўзгадае “новае пакаленне” ў генах, якіх цячэ кроў змагароў, гэта Купалу, Коласа, Радзівілаў ды Сапегу. Яны будуць чуць прозвішча Манюшка, але не будуць лічыць яго за свайго, яны будуць праходзяць у школе “Дуброўскага” Пушкіна і не будуць ведаць, што прататыпам быў беларус, яны замежную мову будуць у школе вучыць часцей чым родную. Яны будуць захапляцца чужымі святамі, і зусім забудуцца на спрадвечных “дзядоў”. І мне ад гэтага цяжка. Так цяжка, што хочацца галасіць як на пахаванні галасілі па памерлых, як галосяць, калі хаваюць блізкіх сваякоў, якіх ужо не вярнуць. Дык хто ж вінаваты ў той сітуацыі, якую мы з вамі маем зараз?


Вінаватыя толькі мы самі. У нашых душах пасялілася нейкае чарноцце, якое не дае нам наталіць смагу багацця. Нам трэба ўсё ды адразу, і мы гатовыя грабсці ўсё, нават тое, што нам не належыць. Нам трэба бярвенне? Дык чаму не пайсці і не выпілаваць сядзібны парк. Нам трэба лесвіца на лецішча, дык якраз побач ёсць будынак, які нікім не даглядаецца. Нам трэба бляха, цэгла, кафля…. усё, усё побач знаходзіцца. Прыходзь ды бяры. Чаму, наш народ, клапоціцца толькі пра сваю сям’ю, і не задумваецца пра краіну. Чаму такі зразумелы раней лозунг “Жыццё кароткая, краіна вечная” стаў нічога не вартым у галовах нашых людзей? Вядома гэта доўгае філасофскае, палітычнае, эканамічнае, псіхалагічнае… да якое захочаце дапішыце пытанне, але толькі не пытанне самаго чалавека. Мы выхоўваем краіну абыякавых людзей. Наш народ ведае толькі святы, якія пачыналіся з 1917 года, а яшчэ лепей з 1941 як самай чорнай даты ў гісторыі Беларусі і 1945 года, як самай светлай і саграваючай падзеі. Для нашага народа гісторыя пачалася толькі з Другой сусветнай вайны. А ўсе астатнія гады, нават не міт, бо мітам людзі могуць жыць і спадзявацца на лепшае, гэта проста НІШТО, дакладней пустэча, якая нічога не вартая. А значыцца ў краіне не павінна застацца нічога, што б магло нагадаць нам пра нашу з вамі вельмі гераічную, пакутную, цудоўную гісторыю.


гэтага ільва вы ўжо не знойдзеце ў сядзібе. як і шмат чаго яшчэ.

Чытаючы гэтая мае словы, кожны можа сказаць, што я нічым не магу дапамагчы, я не маю такіх сродкаў, каб нешта наладзіць… Але ж гэта не галоўнае! Як вы не разумееце! Грошы не галоўнае, галоўнае тое, што знаходзіцца ўнутры нас. Мы можам абыякава паглядзець на руіны, а можам прыйсці і прыбраць іх. Проста склаўшы ў пакет смецце, выкасіўшы траву, прыбраўшы дрэвы, якія так шчыльнымі радамі растуць на гэтых некалі велічных маёнтках і тым самым разбураюць іх. Думаю гэта пад сілу кожнага з нас. Так, яны не дастануцца нам з вамі, але яны дачакаюцца тых людзей, якія будуць любіць і шанаваць нашу з вамі гісторыю, якія здолеюць аднавіць іх. Якія зрабілі галоўным лозунгам свайго жыцця словы, высечаныя на камне ў Крошыне - “Жыццё кароткая, радзіма вечная!”. І гэтыя людзі ўжо ніколі не будуць рабіць склады ў намоленых сценах, ніколі не вырубяць стогадовыя дрэвы, бо так бліжэй да печкі, ніколі не адаб’юць барыльеф сядзібы, бо ўсёроўна ж разбурыцца. Яны будуць шанаваць усё гэта. І толькі ад нас з вамі залежыць, якім пакаленнем з’явяцца гэтыя людзі. І самае галоўнае, што мы пакінем ім у спадчыну.

P.S. У канцы 2011 года ў будынку збіраліся зрабіць рамонт і адчыніць базу адпачынку. Але ні пашпарта аб’екта, ні якой іншай інфармацыя на прыканцы 2013 года мы не знайшлі каля былой сядзібы. І калі праца аднаўлення будынку заключалася ў тым каб адбіць штукатурку, то гэта зроблена. А будынак зараз стаіць і разбураецца далей.

І думаю гэта інфармацыя будзе да тэмы: mi-ku-apx http://mi-ku-apx.livejournal.com/89972.html

Расповяд пра сядзібу будзе пазней.
Previous post Next post
Up