Вандроўка па Баранавiцкiм раёне (справаздача)

Nov 21, 2011 17:16

17 лістапада я са сваім сябрам Сяржуком вандравалі па поўначы і паўночным-усходзе Баранавіцкага раёну. Маршрут быў такі: Гарадзішча - Карчова - Мітрапольшчына - Паланэчка - Шчэрбавічы - Вольна - Стайкі - Сталавічы.


У 8:00 раніцы мы на аўтобусе Калінінград - Баранавічы даехалі да Гарадзішча. Першае што мы пабачылі, гэта помнік Леніну каля школы. Потым падыходзячы да касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў мяне адарвалася шлейка заплечніка. Пашанцавала, што каля касцёла быў «Дом-Быта», дзе мне хутка яе зашылі.
Касцёл пабудаваны ў XVIII ст. з цэглы на месцы заснаванага ў 1640 (1632) г. полацкім ваяводам Янам Камінскім манастыра базыльян, пераведзенага сюды з Монтэ-Касіна. Папярэдні драўляны касцёл пабудаваны ў 1494 г. Некрашам Валадковічам. У 1866 г. касцёл закрыты. 25 красавіка 1867 г. у сувязі з пераводам большасці насельніцтва ў праваслаўе намаганнямі прыхільніка рускай праваслаўнай царквы навагрудскага спраўніка Е.А. Леслі перададзены ў валоданне праваслаўнага духавенства паводле загаду губернскага начальства. У 1919 г. царква зноў ператворана ў касцёл, у 1930 г. касцёл перабудаваны. У пасляваенны час выкарыстоўваўся пад мэблевы склад.







Каля касцёла пабачылі світанак



Таксама зайшлі на мясцовыя могілкі. Пры канцы могілак адкрываецца выгляд на вёску Калдычэва. Там у гады Вялікай Айчыннай вайны гітлераўцы арганізавалі канцэнтрацыйны лагер, які дзейнічаў да ліпеня 1944 г. Існуе меркаванне, што ў лагеры дзейнічалі беларускія калабаранты.

Помнік ахвярам тэрору



Выгляд на вёску Калдычэва



Потым пешшу дайшлі да канца Гарадзішча, і пачалі лавіць папутку. Не прастаялі мы і 10 хвілінаў, як спыніўся аўтамабіль які ехаў у Карчова, куды нам і трэба было. Кіроўца быў мужчына гадоў пяцідзесяці, разам з ім ехала бабулька, напэўна яго маці, якая падумала, што мы школьнікі якія дабіраюцца да школы. Мне і Сяржуку па 24 гады, напэўна мы добра выглядаем.

У Карчове мы хацелі пабычыць Камень філарэтаў, ён адзін з найбольш буйных на тэрыторыі Беларусі валуноў. Каля яго спаткаліся Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Францішак Малеўскі і Ігнаці Дамейка. Патрацілі шмат часу шукаючы яго, трэба было ісці прама, а мы павярнулі на лева у лес, там пабачылі акопы  часоў  Першай Сусветнай вайны. Потым , прайшоўшы па кругу, выйшлі на ту самую дарогу, і ў рэшце рэшт мы яго знайшлі.



Добра, што каля камня быў "грыбок", пад якім мы і паснедалі.












Ідучы па вёсцы пабачылі "індыкоў-спевакоў", відэа з імі можна паглядзець тут.



Спачатку падумалі што гэта катапульта), але гэта рэшткі ад старога трактара, так сказаць першага пакалення.




Жылая хата перабудавана ў праваслаўную царкву



Наступнай кропкай нашага візіту стаў прысядзібны парк пры былой сядзібе Верашчакаў (Туганавіцкі парк). У сам парк мы не заходзілі, так як патрацілі шмат часу на пошукі каменя філарэтаў.






Цяпер нам трэба было прарабіць доўгі шлях да вёскі Паланэчка, адразу скажу, што прайшлі мы яго пешшу, нават крыху заблукалі, і нават апынуліся за мяжой Брэсцкай вобласці.



Шукаючы Дарогу на Паланэчка мы пабывалі ў двух вёсках, Рудашы i Трацавiчы, якiя адсутнiчалi ў нашым маршруце. Прыкладна на аднолькавай адлегласці ад гэтых вёсак, паміж імі, знаходзіцца вёска Мiтрапольшчына, ад якой ідзе прамая пясчаная дарога на Паланэчка. Калі верыць мапе гугла, то адлегласць ад Мiтропольшчыны да Паланэчка складае 9.2 км.

Сажалка ў Мiтрапольшчыне



Мiтрапольшчына - Паланэчка



Краявiд



Вось такія драўляныя трысьціны дапамагалі нам прайсьці гэтыя амаль 10 км. Скажу што з імі нашмат прасцей ісці, не такая нагрузка на ногі і хуткасць перамяшчэння павялічваецца.






На шляху ўбачылі вось такое мілае месца для адпачынку. Нажаль другi прывал на гэтай дарозе мы ўжо зрабiлi.



Нарэшце мы прыйшлі ў Паланэчка, і ў першую чаргу адправіліся да касцёла Святога Юр'я. На жаль ва ўнутр мы не патрапілі, касцёл быў зачынены.

Папярэдні касцёл быў пабудаваны ў 1751 г. з дрэва па фундацыі біскупа Жалкоўскага ў цэнтры вёскі на пагорку, непадалёк ад палаца Радзівілаў. У касцёле хрысцілі Iгната Дамейку. На месцы старога будынка ў 1899 г. ўзведзены новы храм паводле праекта 1895 г. варшаўскага архітэктара К.Вайцяхоўскага. Унутры зала перакрыта бэлечнай столлю. Пры ўваходзе на 6 слупах хоры з арганам, выкананым віленскім майстрам Ф. Астрамецкім у 1897 г. 2-ярусны драўляны алтар фланкіраваны карынфскімі калонамі. Яго бакавыя абразы і прафіляваны цокаль дэкарыраваны пышным віццём аканту. У алтары 2 чыгунныя мемарыяльныя дошкі 1829 г. і 1836 г., прысвечаныя роду Радзівілаў.

Справа плябанія (двор ксяндза).



Касцёл атрымаў рысы неаготыкі і мадэрна. Прамавугольны ў плане асноўны аб'ём з 5-граннай апсідай, да якой сіметрычна далучаны 2 нізкія сакрысціі пад 1-схільнымі дахамі, накрыты 2-схільным дахам з прагінам і завершаны над апсідай меньшым 2-схільным дашкам з крыжам. Апсіда мае гранёнае вальмавае пакрыццё. Галоўны заходні фасад фланкіраваны 2 чацверыковымі шатровымі вежамі, паміж якімі франтон з акном-ружай.




Уваход аформлены 2-слуповым ганкам пад 2-схільным навесам. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. У дэкоры выкарыстаны накладны геаметрычны арнамент, які апяразвае карніз на дэнтыкулах, фігурная шалёўка, гатычныя пераплёты вокнаў.




Справа ад касцёла званіца, пабудаваная ў 1855 г, далей капліца пачатку 20 стагоддзя.






Што тут было раней мы так і не зразумелі. Можа якi склад.



Пасля касцёла мы адправіліся да палаца Радзiвiлаў



Землі маёнтка належалі ў 1428 г. Ульяне Гальшанскай, жонцы вялікага князя ВКЛ Вітаўта, затым - роду Рудамінаў-Душацкіх, а з 2-й паловы XVIII ст. да 1939 г. Паланэчка была ва ўласнасці Радзівілаў.
Першым гаспадаром яе стаў князь Мацей Радзівіл (1749-1800), кашталян віленскі, знакаміты паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч і гарачы патрыёт ВКЛ, павенчаны з Альжбетай з заможнага роду Хадкевічаў. Затым Паланэчкай валодалі сын Мацея Канстанцый, потым яго ўнук, таксама Мацей, і сын Мацея Альберт Станіслаў (1858-1927), які выехаў у Амерыку, перапісаўшы сядзібу брату Уладзіславу Радзівілу (1909), павенчанаму з князёўнай Ганнай Марыяй Чартарыйскай. Яны былі апошнімі гаспадарамі Паланэчкі.




Галоўны ўваход






Перад палацам былі ўязныя вароты з вазамі ў стылі ампір. Палац - характэрны ўзор забудовы сядзібна-паркавага ансамбля з рысамі архітэктуры позняга класіцызму. Унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Пасля вайны 1939-45 гг. у ім была размешчана сярэдняя школа.




Выгляд з другога боку



Вядома, што ў 1777 г. у гасцях у Мацея Радзівіла ў Паланэчцы пабываў расейскі сенатар і знакаміты сатырык Д.Фанвізін, аўтар вядомага «Недаростка». Аб чым гаварылі тады госць з гаспадаром - невядома, але можна дапусціць, што Мацей Радзівіл як элітарная асоба беларускага гаспадарства, выхаваны ў лепшых традыцыях еўрапейскай культуры, ад шчырага сэрца пачаставаў госця багатым абедам і, безумоўна, пазнаёміў з мелодыямі сваіх музычных твораў, якія ўвайшлі ў класіку сусветнага музычнага мастацтва.

Палац на здымку пач. 20 ст.(radzima.org)



Палац на малюнку Н. Орды (1876 г.). Выгляд з боку пад'езда (radzima.org)



Палац унутры





















Падстрэшша палаца



Падвал палаца






Па насценным надпісам відаць, што палац наведвае моладзь з рознымi поглядамi i густамi, але ўсе надпісы зробленыя толькi адной чырвонай фарбай.












Актавая зала. Тут мы зрабілі трэці прывал.






Драўляная падлога радзiвiлаўскiх часоў. Толькi без пустых бутэляк ад пiва)



З праглядам культурна-гістарычных месцаў вёсцы Паланэчка скончана, i мы пайшлі на дарогу лавіць папуткi, каб даехаць да вёскі Стайкі. Нам не шанцавала, машыны ездзілі вельмі рэдка, і ніхто не хацеў нас браць. Пешшу мы прайшлі ад Паланэчка да вёскі Шчэрбавiчы (2.5 км) і потым прыкладна столькі ж, пакуль нас не падвезлі да вёскі Вольна. У Вольне знаходзiцца царква Святой Тройцы i прысядзібны парк пры былой сядзібе Слізняў. Але мы туды не трапiлi, бо  ўжо цямнела, а нам трэбы было паспець даехаць да Сталавiч, каб там сесцi на апошнi аўтобус Баранавiчы - Навагрудак, i яшчэ па шляху паспець трапiць у Стайкi дзе знаходзiцца палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў. У Вольне мы толькi зайшлi ў краму, купілі шакаладку і па глазураванаму сырку.

Толькі выйшаўшы з крамы нас падабраў аўтамабіль. За рулём ехала жанчына гадоў 45-50, побач сядзела яе аднагодка. Жанчына-кіроўца спачатку ў нас пыталася, куды і ад куль мы едзем, чым займаемся. Калі яе размова плаўна перайшла на тэму Бога і веры мы з Сяргеем зразумелі хто гэта такія. Жанчыны былі евангельскія хрысціяне, паслядоўнікі пяцідзясятніцтва, аднаго з напрамкаў пратэстантызму. Мы вялі размову пра Навагрудскую царкву "Новае жыццё", сябрам царквы быў былы Сяргееў аднакласнiк. Пажадаўшы  нам усяго добрага, жанчына спыніла машыну і мы выйшаўшы  на дарогу пайшлi  ў бок вёскi Стайкi. У мясцовых жыхароў спыталі як дайсці да былога палаца Лашкевічаў. Ішлі прыкладна 30 хвілін. Калі прыйшлі было ўжо зусім цёмна, і фатаграфаваць не было амаль ніякага сэнсу (фатаздымкi палаца на сайце globus.tut.by).

У 1563 г. Гусэйн Малікбаш, прадстаўнік татарскага княжаскага роду, аседлага на Літве, "... в немалые и долги попал и не маючи чым тых долговъ платити, спустил и на вечность есми продал пану Богушу Олекъсеевичу Овъсянику двурец мой Стайский... з селидбою дворною, с огороды овощовыми, з навозы, полми, сеножатми, з болоты, з гаи, з лесы... и со... дворными, з бояры путными и усими людми тягълыми и з их детьми...". У 1571 г. стайкаўскі двор стаў уласнасцю Яўстафія Валовіча, падканцлера ВКЛ, старосты берасьцейскага й кобрынскага. У 18 ст. Стайкі - уладанне Лопацей. У 1787 г. маёнтак Зарас ці Стайкі ў Міхала Лопаця набыў староста карпецкі Тамаш Здань Пушкін. Першае згадванне аб Пушкіных на тэрыторыі сучаснай Беларусі адносіцца да 1514 г.: "Пушкин Тимофей Михайлович. Москвичь вязень, въ Слонимъ въ княтствъ...". Верагодна, палонены ў знакамітую Аршанскую бітву Цімафей Пушкін вырашыў застацца на Літве. Гэтыя Пушкіны з адной галін роду, да якога належыў і расейскі паэт А.С. Пушкін.




Пасля 1876 г. Стайкі перайшлі да Лашкевічаў. Род Лашкевічаў паходзіць ад Івана Ляшко, які атрымаў па прывілею Жыгімонта Аўгуста зямлю ў Чачэрскім старостве. Адгалінаванні роду Лашкевічаў валодалі маёнткамі на Барысаўшчыне, Аршаншчыне, Бабруйшчыне. У апошнюю чвэрць 19 ст. Лашкевічы з'явіліся ў Навагрудзкім павеце. У 1911 г. маёнтак Стайкі належыў Адольфу Іосіфавічу, у 1914 г. - Наталле Грацыанаўне. На пачатку 20 ст. Лашкевічы перабудавалі старую сядзібу Пушкіных. Ад старых пабудоў засталіся толькі некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Новы двор уключаў сядзібны дом, стары парк, сад, сыраварню, ляднік, жылыя флігелі, цагельны завод, гаспадарчы двор.




Пасля перасялення школы ў новы будынак палац знаходзіцца ў занядбаным стане. Некалькі гадоў таму камісія з Берасьця не знайшла палац вартым уключэння ў спіс архітэктурных помнікаў, і пакінула яго на руйнаванне часам.




Пабыўшы каля палаца не больш за пяць хвілін мы пайшлі назад, на дарозе дзе нас высадзілі быў аўтобусны прыпынак, аўтобус на Сталавічы сыходзіў праз 25 хвілін, трэба было спяшацца. Паспеўшы на аўтобус, купiўшы  квіткі мы даехалі да Сталавiч. У нас заставалася яшчэ две гадзіны да аўтобуса на Наваградак. У Сталавічах каля прыпынку, праз дарогу знаходзіцца царква св. Аляксандра Неўскага ( Царква Успення Прасвятой Багародзіцы).

Адзіны ў Беларусі храм рыцараў Мальтыйскага ордэна. Быў узведзены уладальнікам мястэчка камандорам Мальтыйскага ордэна М. Дамброўскім па праекце вядомых архітэктараў І. Фантана III і І. Глаўбіца як касцёл Іаана Хрысціцеля. Першапачаткова на гэтым месцы па загадзе М. Радзівіла Сіроткі для яго сына Жыгімонта Караля ў 1610 г. быў пабудаваны драўляны касцёл св. Марыі і Іаана Хрысціцеля, прызначаны для рыцарскага мальтыйскага ордэна і прывезенай з Італіі скульптуры Божай Маці.

Раней гарызантальныя ярусы фасада, вылучаныя моцна крапаванымі антаблементамі на ўзроўні карнізаў бакавых і цэнтральнага нефаў, завяршаліся ажурнымі тэлескапічнымі вежамі і фігурным франтонам, страчанымі пры перабудове касцёла пад праваслаўную царкву ў 1863-1866 гг. ( фатаздымкi храма на сайце globus.tut.by)




Так як да аўтобуса заставалася дзве гадзiны, мы рашылi даехаць да Наваградка аўтаспынам. Праз хвілін пяць, спынілася машына, кіроўца якой як раз ехаў прама ў Наваградак. Што сказаць, пашанцавала!

P.S. Шкада, што ў Паланэчка не паглядзелі на руіны вадзянога млына 1819 пабудовы, а ў Сталавічах на касцёл Сэрца Ісуса пачатку 20 стагоддзя.

Калі прыкінуць на вока, то я з Сяргеем прайшлі 25-30 км. пешшу. Мой асабісты рэкорд за дзень.

Апісанне аб'ектаў ўзята з сайтаў www.radzima.org i www.globus.tut.by

Вандроўкі па Беларусі, Барановичский район

Previous post Next post
Up