Троху пра Львоў

Jan 30, 2013 20:08

У пачатку снежня 2012 г. давялося ўпершыню пабываць у Львове. Каб мы прыехалі на тыдзень пазней, то я бы мог сказаць, што мы шпацыравалі па перадкаляднаму гораду. Калі былі мы, то дух Раства толькі-толькі пачынаў насычаць паветра. Хоць дзе-нідзе ўжо можна было ўбачыць і Святога Мікалая і Дзеда Мароза..




..і слаўнага рыцара ў даспехах вось у такім галаўным уборы.



Хочаце пабываць бяз візы ў сучасным эўрапейскім горадзе? Тады вам дарога ў Львоў! Львоў ніяк не вяжацца з прадстаўленнем тыповага ўкраінскага горада. Дзякуючы таму, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай горад апынуўся ў складзе Аўстра-Вугоршчыны, а не Расейскай імперыі, горад захаваў цудоўную эўрапейскую архітэктуру. З 1921 па 1939 гады Львоў быў у складзе Польшчы. Гістарычнае аблічча цяпер ужо ўкраінскага Львова створана архітэктарамі і мастакамі менавіта гэтых дзяржаваў. З 1939 па 1941 і з 1944 па 1991 - у складзе СССР. Толькі паўстагоддзя Львоў знаходзіўся ў складзе Савецкай-Расейскай імперыі.



Калі мы выйшлі з вакзалу, было яшчэ зусім цёмна, недзе каля 6 гадзін раніцы. Але горад ужо прачынаўся. Мы пешшу рушылі ў бок цэнтра.


Герой для шматлікіх украінцаў, асабліва заходніх. Як там кажуць - "Бандера прийде - порядок наведе!"


Вуліца імя Бандэры.


Як аказалася потым, аўтамабілі на тратуарах - гэта нармальная з'ява для Львова.


Асобная тэма - гэта львоўскія пад'езды. Людзі жывуць у будынках якім каля 200 і больш гадоў.


Лесвіцы і поручні. Верагодна кватэры ў такіх дамах вельмі халодныя..і з паталка цячэ.


Нехта выходзіць папаліць вось на такі гаўбец.


Калі вуліцы запоўніліся людзьмі, адразу стала зразумела, што мы зусім не ў Беларусі. Вакол была чутна толькі ўкраінская мова. Хоць мова і падобная на беларускую, але ўсё роўна розніца адчуваецца.(Асобным пастом напішу пра тое, як украінцы ва Львове рэагавалі на беларускую мову)

Больш міліцыянтаў мы не бачылі.


Нельга напэўна ўбачыць той самы Львоў, не пабываўшы на цэнтральнай Гандлёвай плошчы. Гістарычны музей, музей пошты, шакаладу, аптэка-музей і музей шкла, гарадская ратуша - і гэта далёка не ўсё, што можна там паглядзець.

Ратуша першай паловы 19 ст. На яе месцы раней стаяла іншая, перад якой стаяў слуп пакарання. У 1564 годзе тут былі пакараны малдаўскі гаспадар Томша, а ў 1578 - правадыр казацка-сялянскага паўстання Іван Падкова.
У цёплую пару года, можна падняцца на ратушу, адкуль напэўна адкрываецца вельмі прыгожы від на ўсю старую частку Львова.


Па кутах Гандлёвай плошчы ўсталяваныя 4 скульптуры-фантана антычных багоў: Няптуна, Адоніса, Амфітрыты і Дыяна.
Фантан "Няптун". Усталяваны ў самым канцы 18 ст.


Помнік Івану Падкове(каля праспекта Свабоды).


Праспект Свабоды - цэнтральная вуліца Львова, адна з самых прыгожых і прэстыжных у горадзе, цэнтр дзелавога і культурнага жыцця. Там знаходзіцца помнік Тарасу Шаўчэнка.
У мяне толькі ён са спіны)


Там жа знаходзіцца львоўскай опера. Пабудавана ў 1897-1900 г.




Адзіны ў цэнтры недагледжаны будынак, які мы бачылі.


Недзе чуў такі выраз - "Львоў - горад касцёлаў і кавярняў". Што тычыцца кавярняў, то гэта так. Самыя папулярныя сярод турыстаў гэта канешне ў першую чаргу знакамітая "Криївка"(назва ад спецыяльна абсталяваных памяшканняў, якія выкарыстоўваліся войскамі УПА ў якасці ўкрыцця); кавярня-піцэрыя "Веліка тарілка"(Вялікая талерка), дзе магчыма замовіць мятровую піцу; Гасова лампа(Газавая лямпа), у якой вы даведаецеся, што керасінка была вынайдзеная ў Львове ў 1853 годзе. На трох паверхах рэстарана сабрана каля 200 экспанатаў, а каля ўваходу можна пасядзець разам з бронзавым вынаходнікам Янам Зегам. Напоі тут падаюць у прабірках і колбах, а на зарэзерваваныя столікі замест таблічак ставяць каністры.



Цікавае месца, напэўна, - "Мазох-кафэ". Сябар сказаў, што ўсіх наведвальнікаў кавярні пры ўваходзе б'юць бізуном! Вось па гэтай прычыне мы і не заходзілі ўнутр). А трэба было! Інтэр'ер кафэ абвешаны мазахісцкімі прадметамі - бізунамі, ланцугамі, наручнікамі. Гэта ўсё зроблена ў гонар Леапольда фон Захер-Мазоха, пісьменніка які нарадзіўся ў Львове і пісаў эратычныя раманы і навэлы. У 1886 годзе псіхіятр і неўролаг Рыхард фон Крафт-Эбінгам увёў новае паняцце ў псіхіятрыі і сексапатолагіі, звязанае з творчасцю пісьменніка - мазахізм.

Помнік Захер-Мазаху каля ўвахода ў кавярню. Калі верыць Вікіпедыі, то калі засунуць руку ў левую кішэню можна намацаць палавы чэлес пісьменніка!.. Я засоўваў, не памятаю, каб намацаў)).


Яшчэ можна пакаштаваць львоўскага піва вось у такім трамваі.


Наконт касцёлаў, то іх вельмі шмат, дзесяць дакладна ёсць. Шмат ўніяцкіх цэркваў. А вось з праваслаўем тут, як і ва ўсёй Украіне, не так усё проста.
Тут сустракаюцца храмы Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (кананічны статус і ўзаемаадносіны УАПЦ з іншымі праваслаўнымі цэрквамі застаюцца неўрэгуляванымі). Таксама Львоў з'яўляецца цэнтрам малалікай некананічнай Украінскай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Праваслаўныя цэрквы яшчэ дзеляцца на тыя, якія адносяцца да Маскоўскага патрыярхата (іх называюць "Рускімі цэрквамі") і тыя якія да Кіеўскага. Таксама ў Львове ёсць пратэстанскія храмы і храмы Армянскай апостальскай царквы.

Некалькі здымкаў:

Армянская царква. Памятаеце гэты момант у "мушкецёрах"?


Бернардзінскі касцёл.


Дзве вежы - касцёльная і абарончая.


Дамініканскі сабор і кляштар - культавае збудаванне ў Львове, адзін з самых значных помнікаў архітэктуры барока ў горадзе.


Помнік кнігадрукару Івану Фёдараву каля сабора.




Львоўскія вуліцы - яны цудоўныя. Каб яшчэ без аўтамабіляў.





Працяг будзе..

Падарожжы па Ўкраіне, Львоў

Previous post Next post
Up