Аргентына - вельмі падобная да нашых краінаў. Асабліва яе паўночныя правінцыі. Заходзіш у сельскі аўтобус, а там за рулём Вася. Ну, такі наш-наш Вася. А на суседнім крэсле - баба Галя. Нашая-нашая такая. А вакол - сосны, драўляныя хаты, нейкі дзед едзе на калёсах. Такое спакойнае, размеранае жыццё, адрознае ад іншай Лацінскай Амерыкі.
Напэўна, гэта з-за таго, што менавіта сюды з’ехала мноства эмігрантаў з Усходняй Еўропы. Тут нашчадкі і палякаў, і беларусаў, і расіянаў, і украінцаў. У гарадку Апосталес увогуле каля 40% насельніцтва з украінскімі каранямі. Праўда, большасць з іх ужо ні слова не ведае па-украінку.
Аднак у горадзе - і украінская царква, і украінскі клуб, і вуліца Тараса Шаўчэнкі.
Да Буэнас-Айрэса мы злавілі старэнькі мікрааўтобус з дзвярыма, прывязанымі вяроўкай, поўны растаманаў з дрэдамі, кучай барабанаў ды іншых музычных інструменаў. Весела і зручна размясціўшыся ў салоне мікрааўтобуса, мы рушылі ў бок сталіцы Аргентыны.
Мы не здзівіліся, калі адзін з растаманаў дастаў недакураны касяк, запаліў і, зацягнуўшыся, перадаў па салоне. І тут у метрах двухстах ад нас з’явіўся паліцэйскі пост. Растаманы замест таго, каб выкінуць касяк, спяшаліся яго дакурыць. Калі перад намі ў чарзе засталася толькі адна машына, астаткі касяка паляцелі ў акно.
Салон мікрааўтобуса поўніўся дымам марыхуаны. У адной з сумак знайшоўся дэзадарант. Стала пахнуць травой, змешанай з дэзадарантам.
Паліцэйскі паказаў жэзлам на абочыну і загадаў усім выйсці.
- Вы выпадкова не курылі марыхуану? - было яго першае пытанне.
- Не! - хорам адказалі ўсе.
Растаманы ўсміхаліся і спрабавалі жартаваць з паліцэйскім, які пачаў рыскаць па сумках. Мне ж было не да смеху. Запытаць, ці ёсць у іх пры сабе яшчэ трава, не было магчымасці. Кожны момант я чакала, што зараз страж правапарадку знойдзе пакет марыхуаны.
- А ўвогуле курыце траву? - працягваў распытваць паліцэйскі.
- Так, - адказаў адзін з дрэдастых. - Зараз едзем з Бразіліі. Там шмат курылі, аднак тут - не. Але прызнайцеся, вы ж і самі пакурваеце.
- Пакурваю, - кіўнуў галавою паліцэйскі. - Але не на працы.
Нас пранесла. Вясёлыя і задаволеныя мы селі ў машыну і паехалі далей. Аднак не доўга нам давялося ехаць. Усяго да наступнага паліцэйскага поста. Гэтым разам аўтобусік правяралі на наяўнасць наркотыкаў ужо з сабакамі. Але цяпер я ўжо ведала: той касяк быў апошнім і больш у машыне нічога не было. Вось што значыць насіць дрэды ў Аргентыне :)
Буэнас-Айрэс сустрэў нас сонейкам і усмешкамі. Гэты вялізны горад зусім не падобны на іншыя сталіцы Лацінскай Амерыкі. Тут жыццё спакойнае. Машыны не сігналяць штосекунды, людзі нібыта нікуды не спяшаюцца, а толькі сядзяць на траве ў пархах і папіваюць матэ.
А якое тут метро! Старыя драўляныя вагоны, каб расчыніць дзверы якіх, трэба самому рассунуць іх рукамі. Шкло ў вокнах апушчанае, і вецер дзьме ў твар. На столі - старыя лямпы нібыта ў доме. На сценах - пачарнелыя ад часу люстэркі. А калі стаяць у першым вагоне, можна бачыць, як цягнік нясецца па тунэлі і набліжаецца да чарговай станцыі.