Памятаеце
серыю Саўс-парку, дзе місіс Гарысан дае дзецям заданьне прачытаць кнігу "Стары і мора" ды напісаць эсэ? Каб схалявіць, Картман і сябры ідуць да мексіканцаў і наймаюць іх для выкананьня заданьня.
Сёньня на свае ўласныя вочы бачыла такую ж карціну ў невялічкім амерыканскім горадзе Стэмфардзе, штат Канэкцікут. Кучка мексіканцаў стаіць на абочыне і "стопіць" машыны. Толькі ехаць ім нікуды ня трэба. Яны шукаюць працадаўцаў. Над гэтым невялічкім пятачком працягласьцю метраў 100 нават вісіць дарожны знак "LABOR PICK-UP". Так, мясцовыя ўлады спрабуюць легальна дапамагчы нелегальным эмігрантам.
Такую карціну можна пабачыць у многіх гарадах Амерыкі. Па ацэнках Pew Hispanic Center, колькасьць нелегалаў у ЗША з 1990 года павялічылася з 3,5 мільёнаў чалавек да больш як 12 мільёнаў. Толькі летась мексіканска-амерыканскую мяжу незаконна перасеклі 350 тысячаў чалавек. Грамадзяне ЗША даўно негадуюць, што ў цяжкія для эканомікі часы працадаўцы зьвяртаюцца да нелегалаў - таннай працоўнай сілы.
Менш як месяц таму, 21 красавіка, штат Арызона прыняў закон, які дазваляе паліцыі затрымаць любога чалавека, якога падазраюць у нелегальным знаходжаньні ў ЗША. Прэзідэнт Абама і групы абароны эмігрантаў раскрытыкавалі закон. А прэзідэнт Мексікі Феліпэ Кальдэрон заявіў, што "крыміналізацыя іміграцыі адчыняе дзьверы нецярпімасьці, нянавісьці і дыскрымінацыі".
Між тым, застацца ў ЗША сапраўды проста. А каб не застацца - патрэбная вялікая сіла волі. Спакуса тут - на кожным кроку. Калі прыязджаеш у Маскву - на цябе глядзяць з вырызам "Панаехалі..." У Нью-Йорку ж нам ледзь яшчэ не ў аэрапорце ў першы ж дзень расказалі, колькі каштуе адвакат, якія дакументы трэба зьбіраць для атрыманьня палітычнага прытулку, што дае зялёная карта і праз які час мы зможам атрымаць грамадзянства. Яшчэ адзін спосаб легалізавацца - узяць шлюб з грамадзянінам ЗША. Каштуе гэта 20-30 тысячаў баксаў. Нелегалы шукаюць для фіктыўнага шлюбу амерыканцаў ці беларусаў. Нашым амаль не адмаўляюць у палітычным прытулку.