Філалагічныя пакуты

Feb 20, 2012 02:52

Восеньню перад тым як ехаць ў Львоў, я сустрэлася з Т. у Старым Менску. Пакуль яе чакала, пагартала зборнік вершаў. І, канешне, "выпадкова" натыкнулася на гэты верш.

Андрэй Хадановіч
ІЛЬВОЎ
Юрку Прахаську

Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань,
каб магутныя крылы паноўных над местам званоў
падхапілі, панесьлі, загойвалі даўнюю бессань,
занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў.

Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы,
прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе.
І спачыць ад палёту, і ночныя пасьвіць відзежы
на бляшанай, старой, незнаёмай з дахоўкай страсе.

Назіраць, як у шпацырах бавяць свой час ільвавяне,
па сьпякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок,
удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні,
пад павекамі цемры павольна губляючы зрок.

Усьміхацца разумнаю ўсьмешкай крылатага блазна,
з вышыні віжаваць, як снуюць жабракі пры царквах.
А калі заманецца усё апісаць падрабязна -
і самога сябе нечакана знайсьці далавах.

Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу,
ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы.
Із шматлікіх сьвятыняў аддаць перавагу касьцёлу -
пасьля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы.

Ля муроў Бэрнардынаў піць піва зь вядомым паэтам;
калі ж зноў скалане навакольле вялізарны сьпіж,
павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам,
як паветраны зьмей, самагубна ўзьлятаючы ўвыш...

Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няўісьненым міце,
каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон
патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце...
І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.
верасень 1999, Кракаў-Ільвоў

*зь нізкі "Галіцкі дывэртысмэнт-ІІ"

І толькі ў той час сфармулявалася пытаньне, якое даўно жыло недзе ў маёй галаве.

Чаму Львоў мне таксама хочацца абазваць "Ільвовам"? Гэтая прыставачная літара "І" не давала мне супакоіцца.
Знайшла правіла.

Прыстаўная галосная і пішацца:
у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна. Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Я.Купала). Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (Я.Колас). Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную , і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара і не пішацца: Азалаціла восень поле ржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі (К.Чорны). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (Я.Колас).

Такім чынам, марфема "льв" мае морфы "ільв" і "льв"????? Ці не?
Бо, мне здаецца, што з тапаграфічнымі назвамі не ўсё так проста.
Не касіцеся на мяне, марфалогія для мяне так і засталася цёмным нецікавым лесам.

А ў суполку  http://by-mova.livejournal.com/ не рашуся напісаць. Калі тут ніхто не адкажа, то запытаю ў іх.

P.s. Ну й як вам верш?)

"выпадковасьці", мастацтва, пытаньні, Адукацыя, філфак

Previous post Next post
Up