"Абы не было вайны". Светапогляд беларусаў і ўкраінцаў у прыказках і прымаўках: ці ёсць розніца?

Apr 24, 2014 20:16

Я такі выкладваю гэты даклад.
Але я папярэджваю адразу і тлустым шрыфтам пра тое, што гэта не зусім навукова, занадта публіцыстычна, можа быць і не зусім аб'ектыўна, і ўвогуле гэта правакацыя :) Тут бы яшчэ тое-сёе дапісаць, тое-сёе скараціць, падмацаваць тэарэтычна, дапоўніць украінскім матэрыялам - тады б выглядала больш пераканаўча, хаця высновы маглі б змяніцца пра ўкраінцаў, а вось пра беларусаў - наўрад ці, бо беларускага матэрыялу я пераглядзела многа. Прыказкі выбірала самыя паказальныя ў плане адлюстравання стаўлення да вайны (не мне_патрэбныя, а паказальныя).
І яшчэ: гаворка пра тыповыя рысы менталітэту, а не абавязковыя рысы для ўсіх беларусаў.
Крыніцы фактычнага матэрыялу.
Беларускія прыказкі:
1.Прыказкі і прымаўкі: у дзвюх кнігах(серыя "Беларуская народная творчасць"), Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (Акадэмія навук Беларускай ССР), укл. М. Я. Грынблат. 1976.
2. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем, укл. З. Санько. Менск: Навука і тэхніка, 1991.
3. Тлумачальны слоўнік прыказак / І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч ; Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Янкі Купалы, 2011
4. Анталогія беларускай народнай прыказкi, прымаўкi і выслоўя, укл. А. С. Фядосік, Менск: "Ураджай", 2002.
5. Прыказкі Лагойшчыны. Укл. Адам Варлыга. Нью-Ёрк, Мюнхен: БІНІМ, Фундацыя П.Крэчэўскага, 1966.

Украінскія прыказкі:
1. розныя падборкі ў сеціве, іншай магчымасці не было. Але падборкі былі і тэматычныя, вельмі адэкватныя, і разнастайныя па матэрыяле. Яшчэ "Практичний російсько-український словник приказок", але часткова.
Зрэшты, я таму і кажу, што ўкраінскі матэрыял трэба дапаўняць.
Можа, хто з украінскіх сяброў маіх часта карыстаецца бібліятэкамі і мог бы для мяне ў адной кніжцы сфоткаць некалькі старонак?.. ^_^

І сам даклад.
Успрыманне чалавекам навакольнай прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасці,  свайго месца ў свеце, стаўленне да сябе і іншых людзей, ацэнкі, маральныя нормы і каштоўнасныя арыенціры - усё гэта складае светапогляд чалавека. Сукупнасць людзей, аб’яднаных на пэўнай тэрыторыі адным дзяржаўным утварэннем ці яго аналагамі (не абавязкова) і агульнай мовай, культурай, гістарычным мінулым - гэта ўжо народ, ці нацыя (паняцці ў гэтым кантэксце сінанімічныя). І пра светапогляд можна казаць у дачыненні не толькі да чалавека, але і да нацыі. Пры гэтым светапогляд нацыі не будзе з’яўляцца сумай ці сярэднім арыфметычным светапоглядаў яе прадстаўнікоў (якія могуць істотна адрознівацца), а будзе з’яўляцца наборам нейкіх тыповых характарыстык, уласцівых большасці прадстаўнікоў нацыі, характарыстык, якія прышчапляюцца людзям з маленства ў працэсе несвядомага пераймання калектыўнага досведу папярэдніх пакаленняў, што адбываецца само сабой праз любыя кантакты з асяроддзем, калі чалавек выхоўваецца сярод прадстаўнікоў пэўнага народа. Называецца ж гэты агульнанародны светапогляд, як вядома, менталітэтам. Менталітэт абумоўлены звычайна гістарычным лёсам народа і абумоўлівае нацыянальную культуру, а разам з ёй адлюстроўваецца ў нацыянальнай мове, фарміруючы моўную карціну свету. Натуральна, што моўныя карціны свету розных нацый адрозніваюцца, як адрозніваюцца іх менталітэты (бо розныя і гістарычныя абставіны, у якіх фарміраваліся нацыі). Моўная карціна свету народа праяўляецца, напрыклад, у безэквівалентнай лексіцы, адметных канатацыях слоў, фразеалагізмах, стылістычным ладзе мовы, у міфалогіі і абрадавых формах культуры, стэрэатыпах, моўных паводзінах і г.д. Адным з самых зручных і паказальных спосабаў даследавання моўнай карціны свету пэўнай нацыі з’яўляецца аналіз парэміялагічнага фонду нацыянальнай мовы. Гэта абумоўлена тым, што ў прыказках і прымаўках напрамую ці амаль напрамую фармулюецца шматвяковы досвед народа, яго стаўленне да традыцый,  ацэнка пэўных паводзін людзей, з’яў рэчаіснасці, гістарычных падзей, уяўленне народа пра сябе, сваю краіну, пра суседнія народы і краіны.
Беларусы і ўкраінцы - два народы, сапраўды братэрскія: такімі нас зрабілі стагоддзі супольнай гісторыі, прычым гісторыі адносінаў не галоўнага і падпарадкаванага, а адносінаў раўнапраўных партнёраў. Таму ў рысах менталітэту беларусаў і ўкраінцаў можна знайсці нямала агульнага. І тым не менш гэта вельмі розныя народы: істотна адрозніваліся іх этнагенез, уплывы на іх культуру, ды і гісторыя ў нас супольная ўсё ж далёка не цалкам. І ўсе гэтыя адрозненні не маглі не адбіцца на моўных карцінах свету.
Ужо даўно стала показкай і жартам пра жыццёвую філасофію беларусаў фраза “абы не было вайны”. Мяркуецца, што беларусы за сваю гісторыю перацярпелі столькі войнаў, у тым ліку жахлівыя сусветныя ХХ стагоддзя, што менавіта вайна ўяўляецца ім самай страшнай магчымай бядой. І таму беларусы нібыта гатовыя трываць любыя няшчасці, любы прыгнёт, нястачу, бесперспектыўнасць, абы пазбегнуць гэтага найвялікшага зла ў свеце. Цяпер фразу “абы не было вайны” звычайна ўжываюць беларусы, жартуючы з саміх сябе, але вось пытанне: якая доля праўды ў гэтым жарце?
Актуальныя палітычныя падзеі непазбежна прымушаюць нас параўноўваць сябе з украінцамі і задумвацца: чым яны адрозніваюцца ад нас? Чаму яны аказаліся гатовымі да актыўнай барацьбы за лепшую будучыню для сваёй краіны, гатовымі нават загінуць у гэтай барацьбе? Чаму аказаліся гатовымі трываць часовы хаос і разлад у дзяржаве дзеля пабудовы будучага парадку і ладу? Чаму, калі паўстала знешняя небяспека для іх краіны, тысячы ўкраінцаў, не марудзячы, добраахвотна накіраваліся ў ваенкаматы, дзе адстойвалі чэргі, каб запісацца ў войска? Няўжо ў іх ёсць нешта, чаго няма ў беларусаў? А можа быць, і няма ніякага адрознення, і беларусы ў масе здольныя на падобныя ўчынкі, проста не ўзнікла яшчэ патрэбы?
Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, мы вырашылі параўнаць прыказкі беларусаў і ўкраінцаў на ваенную тэматыку і высветліць, як два народы ставяцца да вайны, а калі ёсць розніца, то ў чым яна заключаецца.
Першае, што кідаецца ў вочы - сярод беларускіх прымавак, прама ці ўскосна звязаных з паняццем вайны, большасць прыказак тычыцца рэкрутчыны, забору сялян у царскае войска. Прычым разглядаецца гэтая павіннасць як скрайне непрыемная, але непазбежная. Чырвонай шапкі не мінуць. Не смейся, брат, сам будзеш салдат. Гэта трагедыя для сям’і: ваяка ваюе, а жонка дома гаруе (дарэчы, ідэнтычная прыказка ёсць і з украінскага боку: вояка воює, а жінка з дітьми горює). Адбывае салдат павіннасць нестаранна, без ахвоты, што нядзіўна: салдат спіць, а служба ідзе. Хаця ёсць і пробліскі адвагі і рашучасці: салдат не баіцца і пекла (але магчыма, што сэнс іншы: салдата можна паслаць на любое заданне, любую небяспеку, і ён будзе вымушаны выбірацца сам, каб захаваць сабе жыццё, якое больш ні для каго значэння не мае). Між іншым, сярод украінскіх прыказак у даступных крыніцах адзінкі тэматыкі “рэкрутчына” трапляюцца вельмі рэдка.
Але звернемся да прыказак, у якіх непасрэдна сфармуляваны адносіны беларусаў і ўкраінцаў да самой вайны.
Увогуле вайна як такая ўспрымаецца негатыўна як беларусамі, так і ўкраінцамі. Але, выглядае, з розных прычын: беларусаў абурае, што яны мусяць ваяваць за чыесьці іншыя, не свае інтарэсы, што простыя людзі гінуць, а нехта адседжваецца ў бяспецы, а потым карыстаецца плёнам вайны, мае з яе выгаду. Адным вайна, а другім войначка. Вайна каму вяроўка, а каму дойная кароўка. Цікава, што аналагічных украінскіх прыказак нам не трапілася, хаця беларускія былі на кожным кроку. Трэба думаць, што ўкраінскія аналагі ёсць, але яны менш распаўсюджаныя і вядомыя. Можа быць, прычына ў тым, што ўкраінцы, казакі выявалі звычайна толькі за свае інтарэсы і гэта пакінула значна мацнейшы след у іх ментальнасці, чым рэкруцтва. Тым не менш, украінцы таксама ўспрымаюць вайну негатыўна, але збольшага, як сведчаць прыказкі, праз яе разбуральную сутнасць. Про війну гарно чути, але тяжко її бачити. Якби тому трясця, кому війна щастя. Мир будує, війна руйнує.
Таксама беларусам непрыемныя “пабочныя эфекты” вайны: так, пасля перамогі знаходзіцца многа тых, хто не меў да яе дачынення, але хваліцца сваім удзелам у ёй. Пасля раці многа храбрых. Падчас ваенных дзеянняў узнікае многа чутак, дэзынфармацыі, людзі разгубленыя і не ведаюць, чаму верыць. У голад намруцца, у вайну налгуцца. Украінцы ж глядзяць прагматычна: іх не задавальняе, што вайна патрабуе вялікіх выдаткаў. Війна гроши їсть, аж дим устає.
У чым дакладна падобныя ўкраінцы з беларусамі, дык гэта ў стаўленні да чалавечых ахвяр на вайне. Нікому з іх не хочацца праліваць кроў лішні раз. Кроў не вада: праліваці шкада (тое самае ва ўкраінцаў). Але што паробіш: вайна ёсць вайна, і калі ўзяўся ваяваць, дык будзь гатовы да кровапраліцця. Не было такое вайны, каб камякамі стралялі. Вайна кроў людскую п’е. Мора без вады, а вайна без крыві не бывае (тое самае ва ўкраінцаў). Війна людей їсть, а кров’ю запива. На війні не без убитого. На чужу голову йти, треба й свою нести. Такім чынам, ахвяры на вайне  - непазбежнасць, і з гэтым можна толькі прымірыцца.
Значыць, беларусы і ўкраінцы хоць і не надта жадаюць, але згодныя пры патрэбе ваяваць і па-філасофску ставяцца да магчымасці кровапраліцця. Як жа тады ў іх з “баявым духам”?
І тыя, і тыя гатовыя на многае толькі пад добрым кіраўніцтвам. За ваяводам гожым усё зможам. Без гетьмана немає війська. Міцний полк командиром.
Беларусы ведаюць, што трэба быць дзейнымі і рашучымі, каб нечага дасягнуць. Стоячы горад не возьмеш. Але сваю рэальную рашучасць хаваюць пад пагрозлівымі намёкамі. Для нас капаюць ямы, ды лягуць у іх самі. Можа быць, гэта таму, што разважлівасць у нас пераважае агрэсіўнасць? Сцеражонага бог сцеражэ, кажам мы. А ўкраінцы адказваюць: Бережоного бог береже, а козака шабля стереже. То бок украінцы спадзяюцца колькі на све сілы. І за намёкамі не хаваюцца. В бою козак себе славить не на язиці пилюкою, а конем та шаблюкою. І пагражаюць ворогу таксама адкрыта. Рана від кулі глибока, а від шаблі широка, то бок казакі з шаблямі нічым не горшыя за ворагаў з кулямі, і могуць даць ім “сіметрычны адказ”.
Хаця трэба быць шчырымі: калі беларусу дапячы, тады яму і аглобля служыць за зброю!
Можа быць, беларусы і сапраўды больш разважлівыя і менш рашучыя, чым украінцы, аднак і тыя і тыя, як мы ўжо казалі, гатовыя пры пэўных умовах праліваць кроў і ахвяраваць сабой. Але дзеля чаго?
Вядома, дзеля галоўнай каштоўнасці - свабоды. Лепш смерць на волі, чым жыццё ў няволі. Не будзе таго ніколі, каб мы жылі ў няволі. Краще вмерти стоячи, як жити на колінах. Воля дорожча за життя. Вось толькі дзеля якой свабоды? Асабістай, свайго роду, сайго паселішча, сваёй краіны?
У беларускіх прыказках вобраз краіны, вялікай радзімы ўвогуле не праглядаецца. Пазнаёміўшыся з беларускімі прыказкамі, можна зрабіць выснову, што для беларуса радзіма абмяжоўваецца яго хатай. Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка. Благая тая птушка, што свайго гнязда не бароніць. Беларус трымаецца за сваю хату, яе ён гатовы абараняць, а вось паняцце свайго краю для яго адсутнае. Ёсць толькі ўяўленне пра нейкі эфемерны вольны край, дзе хацелася б жыць: там жыццё рай, дзе свабоды край - але няма імкнення ўласны край зрабіць вольным, бо і паняцця краіны няма. Вядома, можна апрыўдаць гэта складанай гісторыяй без уласнай дзяржаўнасці, але хіба ва ўкраінцаў дзяржаўнасць як такая была часцей? Бо ў іх прыказках вобраз краіны і радзімы вельмі яркі. Україна - козацька мати. За рідний край життя віддай. Украінцы маюць і паняцце краіны, і разуменне, што для яе абароны неабходнае народнае яднанне. І Полтаву б дістали, якби були одностайно стали!
Фактычна беларусы не маюць за што ваяваць, дзеля чаго яднацца. Таму і лічаць, што лепей дома хлеб аўсяны, чым на вайне пытляваны. Не так ва ўкраінцаў, і таму для іх або перемогу здобути, або вдома не бути. І дзеля перамогі яны гатовыя на многае. Хоч пика в крові, та наше взяло. Хоч важка була дорога, зате наша перемога. І тут іх суцяшае перспектыва: після війни завжди мир буває. А значыць, не так і страшна паваяваць нейкі час дзеля лепшай мірнай будучыні.
Але ментальная адсутнасць сваёй краіны - гэта не адзіны светапоглядны грэх беларусаў, які адлюстраваўся ў іх моўнай карціне свету. Прыказкі паказваюць, што беларусы паталагічна баяцца любых зменаў. Лепей нічога, чым благога. Хоць памалу, але добра. Не руш нічога і не бойся нікога. І хаця апошняя прыказка прысутнічае і ва ўкраінскай мове, там ёсць адна, сэнсавых адпаведнікаў якой не знайшлося ні ў адной з даступных нам крыніц. Піду ще в пекло, хоч буде гірше, та їнше!
Такім чынам, якія высновы можна зрабіць пра ўспрыманне вайны беларусамі і ўкраінцамі пасля параўнання іх прыказак і прымавак?
Для ўкраінца вайна - зло, але часам неабходнае. І калі трэба абараніць нават не сям’ю,а сваю краіну, украінец гатовы ахвяраваць сабой дзеля супольнай справы, дзеля пераменаў да лепшага. Украінец не хоча разбурэнняў і ахвяраў, але гэта палохае яго меней, чым перспектыва ўласнай несвабоды і несвабоды краіны.
Для беларуса вайна - зло, навязанае звонку ў інтарэсах іншых людзей, а таму незразумелае і дакладна не патрэбнае - наадварот, яго трэба пазбягаць любым спосабам. Беларус гатовы абараняцца тады, калі трэба абараніць яго ўласную свабоду, яго сям’і, яго дому, але не гатовы абараняць свабоду краіны, калі пры гэтым для ягонага кола камфорту няма відавочнай небяспекі. Бо само паняцце сваёй краіны ў беларуса адсутнічае, калі мы кажам пра тыповую моўную карціну свету традыцыйна выхаванага ў Беларусі чалавека. Беларус не стане ахвяраваць сабой дзеля супольнай справы і пераменаў да лепшага, бо перамены для яго - нешта непрадказальнае, незапланаванае, некіраванае, а таму - яшчэ адно зло. Той, хто не жадае перамен, плыве па плыні, і таму не стане змагацца за якую-кольвек ідэю, нават ідэю краіны, бо гэта значыць пайсці насуперак. Усё, з чым саштурхне яго плынь, ён прыме - абы не было вайны.
Такім чынам, парэміялагічныя адзінкі беларускай і ўкраінскай моў выразна паказваюць розніцу ў менталітэце гэтых двух народаў. Розніцу, на першы погляд, невялікую, але істотную. І сапраўдная мяжа паміж такімі падобнымі братэрскімі народамі праходзіць не ў Палессі, а ў свядомасці. Ці пераадолеюць калі-небудзь беларусы гэту мяжу?..

Украіна, філолаг блін

Previous post Next post
Up