Купальская абрадавая дзея “Барана”

Jun 14, 2018 22:00


Што такое купальскі абрад "Барана", "Біцьцё бараны"? Што, як і навошта робяць? І чаму барана? Падсумаваў вядомыя звесткі.

***

“Барана”, “Біць барану” - гэта калектыўнае абрадавае дзеянне, якое заключаецца ў адначасовым выкананні рознасезонных каляндарна-абрадавых, а таксама сямейна-абрадавых песень. Найбольшая колькасць запісаў адносіць “Барану” у лік купальскіх абрадавых дзеянняў. На сёння вядомы некалькі геаграфічных кропак існавання “Бараны”: у яе траецка-купальскім прымеркаванні (Манастыршчынскі раён Смаленскай вобласці, Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці), у купальскім прымеркаванні (Докшыцкі, Полацкі і Ушацкі раёны Віцебскай вобласці, Кармянскі раён Гомельскай вобласці), у жніўным прымеркаванні (Круглянскі раён Магілёўскай вобласці, Духаўшчынскі раён Смаленскай вобласці). “Бараной” завяршаецца купальскае святкаванне, калі песні спяваюць ля вогнішча.
Навошта рабілі?
1) “каб было ўсё на будушчы год”;
2) дзеля засцярогі ад ведзьмы;
3) а з мэтай заклікання дажджу.
Асноўная і першасная мэта - гэта рытульнае праграмаванне і упарадкаванне году, асабістай і калектыўнай долі: “Ну, а тады пяюць, пяюць усе песні купальскія прапяюць. А тады нада “біць барану”. А якая жа барана? Вот гэта “барану б’юць”, вот песні: я пяю “купалку”, вы пеяцё “вяселле”, гэта жанчына пяець “хрэсьбіны”, тая пяець “жніва”. І ўсім нада, хто якую песню пяець. І гэта ўжо было названьне, што “барану б’юць”. І гэта дзействіцельна “барана” - той тое пяе, той тое пяець. Ну і ўсё. Вот вам і “барана”. Дык гэта ж было на паследак. І нада было ўсім гэдак песні піяць. Жанчыны, дзяўчата дагаворацца пяюць, каб абязацельна па адзельнасці хто пеў. Усе ўмесце стаяць. Ну, пяюць такую вот “барану”. А “барану б’юць”, вот за гэта, што нада было, каб была Купалка на будушчы год, каб было вясельле, каб былі хрэсьбіны, каб было жніво, каб было ўсё на будушчы год. Вот у смысле чаго напаследак гэту песню піялі - “барану”. (Зап. Уладзімір Лобач у Полацкім р-не).
Пасля такого тлумачэння няма нават што дадаць. Усё зразумела: пра што праспявалі, тое і будзе.
Як адзначае Таццяна Бярковіч (Песенна-гульнявыя дзеі перыяду сонцавароту ў этнамузычнай традыцыі беларусаў. Мінск, 2015), рытуальная форма ажыццяўлення дзеі “Барана” цалкам адпавядае форме і сродкам каляндарных бясчынстваў. Спяванне каляндарных песень “у круг”, як цудоўна адзначылі самі выканаўцы, нясе ўтоеную магічную функцыю музычнага бясчынства. Аналагічна адзначаным дзеянням, “Барана” стварае поле для ажыццяўлення “рытуальнага хаосу”, а як песеннае бясчынства становіцца фактам ахвяравання песенным парадкам і нормай, якія закладзены ў падмурку каляндарнай традыцыі.
Адметна, што купальская ноч характарызуецца свавольствам і бясчынствамі моладзі, якія разглядаюцца не толькі як уварванне іншасвету (гэтак жа сама, як у купальскую ноч актывізуюцца ведзьмы), але і як форма грамадскага рэгулявання (сімвалічнае пакаранне парушальнікаў ладу).
“Барана” як абрадавае бясчынства - гэта сродак усталявання парадку, хаос і разбурэнне, з якога ідзе новы пачатак, вынікам чаго з’яўляецца таксама абнаўленне і ачышчэнне. Невыпадкова, гэтая дзея адбываецца ў завяршэнні святкавання, калі купальская ноч з стыхійным разгулам завяршаецца і пачынаецца новы дзень з штодзённым усталяваным парадкам.
Як рабілі?
З апісанняў вынікае, што галоўнае дзеянне - гэта калектыўны спеў напрыканцы святкавання, хаця ёсць запіс, паводле якога “Барана” распачынала свята. Кожны спявае што хоча (але, відаць, пра тое, што яму патрэбна). У рытуальным беспарадку важна было не засмяяцца, не збіцца, давесці песню да канца. Каб здзейснілася. Таксама можна зрабіць выснову, што барана была неабходным атрыбутам, спяванне каля якога, і  пасля спальванне, было часткай абраду.
Чаму барана?
Назва дзеі дакладна паходзіць ад сельскагаспадарчай прылады: “Бараною барануіш у полі ў разные стораны, так і паюць! Хто сібе. Хто сваё, хто сабе”, “А пакуль да гэтага агня дайдуць, ідуць, і хто што пяець. Эта “Барана” называіцца. Барана - хто каго пераборыць. Хто сабе крычыць і ўсё!” (в.Дзедзіна Докшыцкага р-на).
Барана, як рытуальная прылада, выкарыстоўваецца ў шэрагу каляндарных і сямейных абрадах: Каляды, Гуканне вясны, Купалле, хрэсьбіны. Акрамя таго, барана мае выразную ахоўную сімволіку, што абумоўлена канструкцыяй (вострыя зубцы, краты, крыжападобная аснова).
Паводле апісання з Гродзеншчыны, з бараной абыходзілі вёску на Купалле, трымаючы яе над галавой. У вёсках Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці барану ставяць каля хлява, “каб змія не ўлезла”, а ў Бярозаўскім раёне яе спальваюць у купальскім вогнішчы. На Лоеўшчыне “на Івана Купалу збіраліся і пелі каля бараны. Яе цягалі на кладбішча”. У в. Мётча Барысаўскага р-на запісалі, што на Купалле дзяўчыны “барану цягнулі вакол вёскі голыя, каб жаніхі ішлі к нам у сваты”.
Як адзначае Уладзімір Лобач, "сімволіка бараны - андрагінная, дзейсна спалучае ў сабе жаночую (ромб) і мужчынскую (зуб) сімволіку, што акцыянальна рэалізуецца ў рытуальным сцэнары радзінаў - цяганьні бабкі-павітухі на баране" (падрабязьней: Бел. эрот. фольклор. М., 2006, с.96-97).
Акрамя таго, праз барану з дапамогай адмысловых дзеянняў у святочны час можна было пабачыць душы продкаў, а таксама нячыстую сілу, то бок позірк скрозь ячэйкі бараны - гэта сімвалічнае акенца ў іншасвет.
У такім рэчышчы абрадавае дзеянне “Барана” аб'ядноўвае: упарадкаванне долі, часу і прасторы (як барана ўпарадкоўвае поле); сімвалічны канал у іншасвет (праз які адбываецца рытуальнае ўпарадкаванне); ахова ад уздзеяння сілаў іншасвету (у час правядзення абраду і на ўвесь будучы год).
Таксама нельга не адзначыць парную сімволіку купальскіх атрыбутаў кола/барана. Кола - гэта не толькі салярны сімвал, але ў індаеўрапейскай традыцыі яно таксама сімвалізуе неба. Барана - гэта сімвал “хтанічны”, сімвал зямлі. Нельга не заўважыць, што барана па сваёй форме (квадрат падзелены на ячэйкі) адпавядае зямельным сімвалам ў арнаментах (таксама падзелены на ячэйкі ромб).
Рытуальнае знішчэнне рэчаў (спальванне кола; спальванне/ламанне/зацягванне на дрэва бараны) у час свята з’яўляецца адным з сімвалічных інструментаў сувязі і ўпарадкавання прасторы (злучэнне зямлі і неба), сродкам падтрымання сусветнага парадку ў перыяд летняга сонцастаяння, калі актывізуецца нячыстая сіла, дзень пачынае скарачацца, што значыць паступовае згортванне “свайго свету”.

народны каляндар, Купалле, паганства, свята, традыцыя

Previous post Next post
Up