Радаўніца і Наўскі Вялікдзень

May 11, 2016 00:06

Заўважыў, што сёлета ў розных публікацыях пра Радаўніцу з'явілася характэрная рыса - сцвярджаюць, што Радаўніца гэта тое ж самае, што Наўскі Вялікдзень, што Наўскі Вялікдзень - гэта адна з назваў Радаўніцы, ледзьве не як першапачатковая назва. Крыніца гэтага, па ўсёй верагоднасці з адпаведнага артыкула ў Вікіпедыі. Таксама ў адпаведным артыкуле ў энцыклапедычным слоўніку "Беларуская міфалогія" сцвярджаецца, што ў цэнтральных рэгіёнах Беларусі Наўскі Вялікдзень атрымаў назву Радаўніца.

Аднак, наколькі гэта верна ў рэаліях народнай традыцыі? Ці так гэта? Не ведаю ўсіх запісаў, але з таго, што бачыў, Радаўніца - гэта Радаўніца, а Наўскі Вялікдзень - гэта Наўскі Вялікдзень.

Яны маюць, па-першае, розныя этымалогіі. Па-другое, святы адзначаюцца ў розныя дні: Наўскі Вялікдзень - адзначаецца ў Велікодны Чацвер, на сам Вялікдзень, а Радаўніца - аўторак пасля Велікоднага тыдня (на 9 дзень пасля Вялікадня).

Па-трэцяе, вядомыя мне мапы паказваюць розныя арэалы распаўсюджвання гэтых тэрмінаў і святаў. Гэта можа сведчыць пра тое, што святы маюць розныя вытокі, адлюстроўваюць этнакультурныя асаблівасці развіцця рэгіёнаў. Наўскі Вялікдзень характэрны для паўднёвых тэрыторый: Палессе і Украіна. Таксама верагодна, што гэтыя назвы адлюстроўваюць розныя міфалагічныя ўяўленні насельніцтва тых рэгіёнаў. Напрыклад, Т. Агапкіна паказвае на сувязь храноніма "Наўскі Вялікдзень" з паўднёваславянскай і карпацкай традыцыямі.

Усё гэта ў сукупнасці дазваляе меркаваць, што гэта розныя святы, хоць і блізкія па сваіх сэнсах і рытуальных дзеяннях. І, як бачна на мапах, рэгіёны фактычна не супадаюць, таму наўрад ці магчыма, што "Наўскі Вялікдзень" было адной з назваў Радаўніцы.

Распаўсюджванне "Радаўніцы"


Распаўсюджванне Наўскага Вялікадня






Мапы з кнігі: Мифопоэтические основы славянского народного календаря: весенне-летний цикл. М., 2002.

народны каляндар, паганства, свята, ДЗЯДЫ, традыцыя

Previous post Next post
Up