Feb 10, 2016 17:12
Пабачыў у сеціве спрэчку пра тое, наколькі паганскія святы адпавядаюць народнаму каляндару. Акрэсліліся дзве пазіцыі: 1) народны (як і царкоўны) каляндар - гэта першапачаткова паганскі, які пасля перарабілі на хрысціянскі лад, то бок даты адпавядаюць паганскім святам; 2) народны каляндар = царкоўны каляндар, які прыцягнуў да сябе святы і абрады блізкіх па часе паганскіх урачыстасцяў, таму даты не дакладна адпавядаюць паганскім.
На мой погляд, як заўжды праўда дзесьці пасярэдзіне. Кожнае свята трэба разглядаць асобна, як яно развівался. Натуральна, што царкоўны каляндар ужо існаваў, калі хрысціянства прыйшло сюды. Трэба разбірацца, якія святы тады былі, якія пасля дадаваліся і т.п. Дзесьці сапраўды хрысціянскае свята прыцягнула да сябе блізкае паганскае, дзесьці адбылося поўнае супадзенне па даце, а дзесьці не было паганскага свята, а адбылася народная міфалагізацыя чыста хрысціянскай традыцыі.
І актуальны прыклад. Грамніцы: каталіцкія - 2 лютага, праваслаўныя - 15 лютага. Грамніцы - назва народная, умоўна будзем лічыць, што "паганская". Царкоўная назва - "Стрэчаньне Госпада нашага Ісуса Хрыста". Свята ўзнікла ад традыцыі старажытных іўдзеяў, калі прыносілі немаўля ў храм на саракавы дзень пасля нараджэння. Як і маці дазвалялася толькі праз сорак дзён прайсці абрад ачышчэння і прыйсці ў царкву. Простая матэматыка: ад Раства (каталіцкага 25.12 /праваслаўнага 7.01) да Стрэчання (2.02/15.02) якраз 40 дзён, таму і такія даты царкоўнага календара. Тут няма паганства. Грамніцы, акрамя павер'яў пра грымоты, яшчэ актуалізуюць тэму сустрэчы зімы і лета, што падказвае шукаць "паганскую" дату святкавання ў сярэдзіне перыяда паміж зімовым сонцастаяннем і веснавым раўнадзенствам. Гэты перыяд - 90 дзён. Сярэдзіна і можа быць даўняй датай святкавання Грамніц, а гэта, ў залежнасці ад датаў астранамічных падзей і прыбышовы год ці не, будзе дзесьці каля 3-5 лютага. Кожны год дату лёгка падлічыць.
Сакрэта ў гэтым няма, думка не новая, не складаная, але чамусьці мала на гэта звяртаюць увагі ў час падобных разважанняў на каляндарныя тэмы.
народны каляндар,
народнае хрысціянства,
паганства,
свята,
традыцыя