Каляды ў Барысаве

Jan 09, 2016 16:43

Калі раней выязджалі на калядкі ў іншыя мясцовасці, то сёлета нарэшце атрымалася пакалядаваць у Барысаве, у Старым горадзе. Было вельмі цікава паглядзець, што атрымаецца. У горадзе і сёння калядаюць, але пераважна дзеці і ў значна спрошчаным выглядзе, таму прадказаць рэакцыю на гурт у масках было складана. Як паказала практыка, рэакцыя добрая) Складваецца ўражанне, што ў народзе ўсё спіць, але толькі дай штуршок, то ўсе прыгадваюць, як калісьці яны самі хадзілі і калядавалі. У адным двары жанчына, якая нас частавала, сказала "Дзякуй, што захоўваеце нашу традыцыю". Таксама калі завіталі на цэнтральную плошчу ў Новым горадзе, то выпадковыя людзі нават пад баян (які выцягнулі з машыны) заспявалі калядныя песні. Вось чаго не чакаў, дык гэтага! Праўда было і такое, што людзі шчыра казалі, што ніколі такога не бачылі, але былі рады, што да іх завіталі калядоўшчыкі. А неяк мінакі запыталіся, чаму каза ёсць, але няма малпы, бо год малпы)) Не толькі калядавалі ў прыватных дварах, але і ў шматпавярховік завіталі, ды ў краму зайшлі паспяваць, дзе пакупнікі таксама не разгубіліся і пачаставалі калядоўшчыкаў)) Ніжэй некалькі здымкаў, як было.

Спачатку выйшлі на плошчу з рынкам і саборам. Дзед, каза, мядзведзь і чорт перадаюць спадарству вітанні і віншаванні з Калядамі!






У адным з завулкаў. Дарэчы, зорку зрабілі па ўзоры, які бачыў у в. Вялікае Стахава Барысаўскага раёна. Там, праўда, на стужках яшчэ кветачкі былі.



Калядуем


Людзі далучаюцца)



У краме



Прачыталі

народны каляндар, Каляды, паганства, свята, людзі, зіма, традыцыя

Previous post Next post
Up