Кадук

Jan 27, 2015 18:54

Чарговая мапа з "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак" (Т.3). Гэтым разам яна прысвечана кадуку - слову, якім пазначалі міфалагічнага персанажа і нячысціка. Даследчыкі адзначаюць, што ў часы збору інфармацыі, пра кадука большасць людзей нічога не ведала. Слова было вядома толькі з праклёнаў і выразаў кшталту "Кадук яго ведае", "Каб цябе кадук пабраў" і г.д. Аднак, усё ж такі, нярэдка згадвалі пра кадука, як пра нячысціка, нешта кепскае, невядомую істоту. Таксама цікава адзначыць ласкальныя формы - кадучэ'нь і кадучэ'ня (в. Манякова Мёрскі раён). Таксама адзін з сэнсаў - "тоўсты чалавек". І ў сучасных запісах кадук таксама фіксуецца. Мапа сведчыць, што пра кадука ведалі амаль па ўсёй Беларусі, за выключэннем двух рэгіёнаў: 1) частка Палесся на поўдзень ад Прыпяці 2) паўночная Віцебшчына за Дзвіной і Магілёўскае левабярэжнае Падняпроўе да сутокаў Дняпра і Друці. Чым гэта патлумачыць? Шчыра, не ведаю. Калі паглядзець на археалагічную мапу, то  гэты арэал найбольш супадае з Днепра-Дзвінскай археалагічнай культурай. Але ці ёсць тут нейкая сувязь? Наўрад ці пакуль магчыма гэта вызначыць. Але як адзін з накірункаў даследавання рэгіянальных міфалагічных уяўленняў можа быць перспектыўным.


этнаграфія, паганства

Previous post Next post
Up