Сёння адбылася ўжо традыцыйная (9 па ліку) талака на барысаўскіх курганах. Кожны год на Радаўніцу і Дзяды (ці ў бліжэйшы да святаў час) мы прыходзім на курганы, каб прыбраць смецце, якое пакідаюць пасля сябе няпамятныя нашчадкі-гараджане. Пасля талакі, як звычайна, запальваем вогнішча і ўшаноўваем памяць продкаў ахвяраваннямі (на курганах пакідаем чырвоныя яйкі, хлеб і інш., праліваем піва) і музыкай. Так і ў гэтым годзе было. Дзякуй вялікі ўсім, хто прыйшоў! Гэта вельмі важна.
P.S. 1. Чарговы раз адзначаю, якое цудоўнае месца першыя барысаўчане абралі пад курганы. Вялізны пагорак, з якога адкрываецца маляўнічы краявід, а пад пагоркам нясе воды Бярэзіна, а з бакоў, відаць, раней таксама цяклі рачулкі, якія сцякалі з пагорку ў Бярэзіну. Зноў жа прасочваецца зямное ўвасабленне міфалагічнай святой гары-вырая, з якой сцякаюць рэкі.
P.S. 2. Заўважыў, што з аднаго боку смецця стала менш, але здзіўляе іншае. Людзі сталі старана хаваць смецце (у асноўным бутэлькі): на гэта ў іх глуздоў і часу хапае, а вось каб забраць з сабой і праз 200 метраў выкінуць у сметніцу - відаць, яшчэ эвалюцыя не дайшла. Будзем спадзявацца, што калісьці дарастуць і да гэтага.