Учора адбылася экскурсія
"Парк валуноў: сакральная традыцыя ў камяні" у межах "Фэсту экскурсаводаў". Я дагэтуль пад уражаннем. Вялікі дзякуй усім прысутным за вашу цікавасць і шчырыя добрыя словы, а таксама мая адмысловая падзяка дудару Ігару Расольку. Перш за ўсё ўразіла вялікая колькасць людзей, сярод якіх было не так ужо і мала дзяцей, што вельмі цешыць. Спадзяюся, ўсім было цікава. Я, напрыклад, не заўважыў, як праляцеў час. І нават стомленасці не адчуваў, хаця напрыканцы ўжо зразумеўў, што голас падсеў. Шмат засталося таго, чаго не распавёў, але гэта будзе добрай нагодай, каб паўтарыць;)
І галоўныя пытанні былі пра камень Дзед, якія пачаліся яшчэ перад пачаткам экскурсіі. Гэта значыць, што ў даўняй менскай святыні людзі маюць патрэбу. І бачна, што да Дзеда не перастаюць хадзіць і цяпер. І ўчора я зразумеў, што экскурсія атрымалася не проста экскурсіяй. Калі так паглядзець, то гэта было самае вялікае наведванне Дзеда і яго ўшанаванне з таго часу, як "малельня" на беразе Свіслачы перастала існаваць. А ўшанаванне адбылося праз увагу, цікавасць, памяць, а таксама мелодыю дуды і нашых сімвалічных ахвяраванняў. І асабіста для мяне гэтыя ўражанні вельмі каштоўныя. Гэта працяг таго, што я адчуваў, калі быў на вытоках Свіслачы, на сваіх вытоках, бо там, літаральна праз поле, вёска маіх дзядоў, чыя зямля даходзіла амаль што да пачатку рэчкі. Хочацца спадзявацца, што і мая ўчорашняя экскурсія таксама для кагосьці стала адкрыццём ці пэўным пераадкрыццём сваіх вытокаў.
P.S. Здымкаў, натуральна, свах не маю, але дашлюць мне. А пакуль вось тут яшчэ
водгук мне падказалі.