У ваколіцах в. Рашотнікі (раней Стоўпня ІІ) Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці расце старажытны волат - дуб "Мінтус". Ён пануе ў гэтым лесе ўжо 5 стагоддзяў! Дуб адметны яшчэ тым, што на ім захавалася бортнае знамя. Больш пра гэты дуб мне даведацца не атрымалася.
Але зацікавіла яго імя. Адпаведна, маю тры версіі яго паходжання:
1) Мінтус, ментус - на Пскоўшчыне і Цвершчыне так называлі рыбу налім. Але рэгіён не зусім блізкі, і рыба неяк з дубам не спалучаецца.
2) "Минтус" - так ва ўкраінскай мове называецца хлеб (ці ежа агулам) для жабракоў. Тут ужо можна даць волю фантазіі. Напрыклад, што назва паходзіць ад таго, што дубу ахвяраваліся, а старцы-жабракі гэта ўсё збіралі.
3) Назва дуба нагадвае літоўскае слова "mintis" (думка, мысленне). Гэта слова паходзіць ад прота-індаеўрапейскага *méntis, якое адлюстравалася таксама ў стараславянскай мове "памѧть" (pa-mętĭ), "мьнѣти" (mĭněti), сучаснай беларускай "памяць", лацінскай "mēns" і інш. з падобным значэннем (памяць, думка, мысленне). Такім чынам, імя дуба можна таксама значыць кшталту "памяць", у сэнсе - "той, хто памятае". І сапраўды 500-гадовы волат дакладна шмат чаго бачыў і шмат што памятае за свой век. Гэтая версіі мне больш падабаецца і здаецца больш верагоднай. Шкада, што пра дуб нічога невядома, але гэта значыць, што яго таямніцы яшчэ чакаюць таго, хто бы іх даведаўся!
Бортнае знамя на дубе "Мінтус"
З.С.