Нарэшце ў сьпісах

Nov 13, 2007 16:38

Зіма. Сьнег. Маразы. Час падводзіць вынікі дзейнасьці за бягучы год і дасылаць справаздачу ў Вашыгтон. Відавочна, год пражыты недарэмна. Шмат чаго было ня зроблена, шмат чаго яшчэ можна гэтаксама не рабіць, але ж ёсьць і пэўныя маленькія перамогі. Гэтак жа, мяркуючы па ўсім, палічылі і нашыя рыцары вядра і пацука. Як казаў той няшчасны прарэктар на судзе аб адлічэньні - "Ён зьдзейсьніў правапарушэньне. Мы не маглі не адрэагаваць". У гэтым выпадку сімэтрычнай рэакцыяй крывавай гэбні сталася, відавочна, ўзнагароджваньне мяне ордэнам "Праблемы на мытні" другой ступені. Больш не атрымаецца спаць ў міжнародных цягніках падчас таго, як памежнікі будуць правяраць рэчы маіх больш засьвечаных партнэраў па палітычным турызме. Я - такі ж як вы, сябры. Я - D3. Я - апазіцыя!

Як было: праходзіў рэгістрацыю на рэйс у аэрапорце Менск-2. Падчас праверкі пашпартоў у памежнікаў "кампутар паламаўся, вы пачакайце хвілінку". Чакаю. Кампутар пачынілі, пайшла чарга, мне ісьці нельга. Пашпарт забраў нейкі памежны капітан. Тэлефаную limony, кажу - Сяржук, так і так, трэба тэлефоны даверу мытнага і памежнага камітэтаў. Чакаю. Ператэлефаноўваюць журналісты. Распавядаю як што ёсьць. Дачакаўшыся смс ад Сяржука, набіраю камітэты і па двух слухаўках адначасова распавядаю сумную гісторыю. Чакаю. Выклікаюць да мытнікаў і просяць запоўніць мытную дэклярацыю. Прашу па-беларуску. Бягуць раздрукоўваць. Прыносяць. Запаўняю. Адзін асобнік - у кішэню і бягом на самалёт.

Вяртаўся. Зноўку чарга, зноўку пашпартны кантроль, зноўку прыгожая дзевачка за вакном забірае пашпрт і "пачакайце хвілінку вось там". Чакаю. Мытны і памежны камітэты не адказваюць - выходны. Час ідзе, сыходзяць і аўтобусы на Менск. Чакаю. Сумна.

- Дайце кнігу заўваг і прапаноў.
- У нас няма.
- Вы парушаеце закон.
- У нас няма кнігі.
- Мне выклікаць міліцыю?
- Ой, праходзьце, вас ужо чакаюць.

Тыя ж мытнікі.

- Дэклярацыю па-беларуску запаўняць будзеце?
- Натуральна.
- Вазьміце.

Запоўніў, паказаў кніжкі і - да пабачэньня.

На выхадзе з аэрапорту сустрэў чарговы агітплякат, дзе нейкая вясёлая дзеўчына пераконвала ў тым, што "Беларусь - государство для народа". Тэмпы роста эканомікі няспынна працягвалі лезьці ўгору. Жыцьцё працягвалася...

А зараз увага! Упершыню на манежы, мытная дэклярацыя "па-беларуску". Перад праглядам рэкамэндумецца выпіць усё недапітае, зьесьці недаедзенае і мацней ухапіцца за крэсла.



   


ПС: Журналісты такі малайцы. Пачытаўшы іх крэатыў, склалася ўражаньне, што я сам як той клёўн бегаў па аэрапорце і прыставаў да памежнікаў з патрабаваньнм даць мне дэклярацыю, пакуль яны мяне запіхвалі ў самалёт. Спадзяюся, далей будзе па-іншаму. У ранейшых артыкулах такога не было.

life style: ribbed, хамло, усьміхніся

Previous post Next post
Up