"Steal this book" Эбі Гофмана - кніга, бясспрэчна, цікавая. Напісаная ў 1970 годзе, яна распавядае, якім чынам можна жыць у Амэрыцы амаль бясплатна ды яшчэ й змагацца супраць гэтай самай Амэрыкі са зброяй у рукох. Нягледзячы на свой сталы век, яна шмат у чым так і не згубіла актуальнасьці. Можа быць таму, што Беларусь пачатку XXI стагодзьдзя - нават на Амэрыка шасьцідзясятых.
Чытаецца "Steal this book" вельмі хутка і проста. Шмат чаго з прачытанага адкладаецца на падсьвядомасьці. Гэта і дрэнна, бо пасьля таго як звычайны абывацель дачытае апошнуюю старонку, ён са зьдзіўленьнем заўважае, што ў яго рэзка мяняецца погляд на жыцьцё, канкрэтна ў тым яго разьдзеле, дзе паведамляецца, колькі за гэтае жыцьцё плаціць. Так і я за апошні месяц пасьпеў зьдзейсьніць цэлых два транспартных злачынствы, жудасных па сваёй чалавекананавіснасьці. Нагадаю - зьдзейсьніў іх чалавек, які плоціць за праезд у грамадзкім транспарце нават у Менску.
Пра першае нават ня хочацца ўзгадваць. Банальна. Ехаў зь Берасьця ў Менск начным цягніком зь сідзячымі крэсламі. Набыў квіток у таньнейшую клясу, ды перасеў у даражэйшую, пакуль правадніцы спалі. Другі раз быў крыху весялейшы.
На выходных вяртаўся зь Менску ў Гомель. Патрапіў на вакзал а палове на восьмую вечара і пайшоў па квіток. Як вызначылася, дабрацца дадому былі дзьве магчымасьці. Першая - цягніком Менск-Кіеў у 20:50. Спальны вагон. 50 тысячаў. Другая - цягніком Горадня - Гомель. Дванаццаць недзе тысячаў, сідзячае мейсца - дошкі як у электрацыях ці ІЧУ. 6:38 раніцы. Шляхам даўгіх дыпляматычных перамоваў з прадавачкаю квіткоў высьветліў, што можна дабрацца кіеўскім цягніком у пляцкартным вагоне да Жлобіну. Паехаў - што яшчэ рабіць. Думаў, недзе недалёка ад прыпынку паразмаўляю з правадніком і папрашу даехаць да Гомеля ў тамбуры. Можа нават прапаную яму тысячаў пяць у потнай далёні і з пачырванеўшымі вушкамі. Чалавек сыстэмы - што зробіш...
Далі мне квіток на дваццатае мейсца. Я гэтага не заўважыў і сеў праз два купэ на ніжнюю паліцу пад дваццаць восьмым мейсцам, якое, як мне здавалася, і было маім. Там ужо ляжалі нейкія рэчы, чаму я надта зьдзівіўся, але моўчкі паклаў побач заплечнік, сеў на паліцу зьнізу і пачаў чытаць газэту. Тое што я памыліўся мейсцам высьветлілася толькі калі прыйшоў праваднік. Перабірацца было лянота і да часу, пакуль пасажыр зьверху не захацеў спаць, я сідзеў у чужым купэ. Пасьля перабраўся ў сваё, сеў унізе і працягнуў чытаць. Недзе за паўгадзіны да Жлобіну залез наверх, адвярнуўся да сьценкі і пачаў імітаваць глыбокі сон. У хуткім чсе прыйшоў праваднік, ціха спытаў, каму патрэбныя квіткі і пайшоў далей. Паштурхаць мяне і папярэдзіць, што хутка сыходзіць, ён чамусьці не захацеў. Сьпім далей.
Вось і Жлобін. Цягнік спыніўся і суседзі па купэ выйшлі. Сьпім. Зайшлі нейкія бабулі і пачалі шукаць свае мейсцы. "Так, нашыя васемнаццатае і дваццатае, верхнія то бок. Ой, тут хтосьці сьпіць. Да ладна табе, хай сьпіць, мы тут пасідзім пакуль." Едзем далей. Прыйшоў праваднік, расштурхаў.
- Вы гэта наўмысна зрабілі?
- Што?
- Ну, праспалі свой прыпынак.
- Не, я да Жлобіна еду.
- Так праехалі Жлобін толькі што, - падае голас адная з бабулек.
- ЯЯЯЯЯЯК???????
- Вось так. Праехалі.
- І што мне зараз рабіць, куды ехаць?
- Наступны прыпынак - у Гомелі.
- Што я там забыў?
Праваднік вырашыў за лепшае рэтыравацца, а мы ў купэ ўсю дарогу да Гомеля бавілі час тым, што думалі, як мне назад да Жлобіну дабрацца. Здаецца, паверылі ўсе, у тым ліку і ў суседніх купэ. Дарэчы, у маім купэ нават было адное вольнае мейсца. А ў Гомелі быў сьнег. Белы і прыгожы. Першы сур'ёзны сьнег гэтай зімою. Клясна.
Вось цікава, ці можна мяне такога прабачыць. Зразумець, пэўна, можна. А прабачыць?