Разгаварылася ў чарзе з бабуляй гадоў 70. А ў яе такая мова прыгожая - я і пытаю, адкуль яна родам. “А стулля, дзе Гродна,” - кажа яна і ўдакладняе: “Во знаеш, дзе Слонім?” Знаю, кажу я, над Шчарай. Над Шчарай, пагаджаецца бабуля. І дадае: Дык вось я не адтуль. І памаўчаўшы: Я з Зэльвы. Я кажу, што ведаю і пра Зэльву - адтуль жа родам Ларыса Геніюш. І далей рэакцыя непрадказальная:
- Дык ты ведаеш яго дачку? - пытае бабуля.
- Яе ўсе школьнікі ведаюць - яна ж паэтка.
- Ну-ну, яна адразу вучоная была нейкая. Дык кажаш, яна ў людзі тутака выбілася?
- Даўно выбілася. Яе ж ужо і няма.
- Як няма? - палохаецца бабуля.
- Можа, мы пра розных людзей гаворым, - падводжу я.
- Ды што, я старога Геніюша не знаю? - абражаецца бабуля. - Ён жа мне быў нагу лячыў. Харошы быў дохтар… І дачка харошая была.
Тады падышла мая чарга і мы развіталіся. А я пасля ўсю дарогу думала, што, праўда, мінулае так і не стане мінулым, пакуль памятаеш яго дотык…