Дзяды. Дід Богдан. Развітанне.

Nov 03, 2011 02:59

Штогод трыццатага кастрычніка я дабіраюся з Менску ў Берасце - на магілу да дзядулі. На ўгодкі яго смерці. Еду да брата, а ўжо ён вязе мяне на нашыя могілкі. На Плоску.
Я вельмі добра памятаю кожны з гэтых трыццатых кастрычнікаў, бо час у гэты дзень знікае, усё запавольваецца, усё гучыць для мяне больш сэнсоўна і ўрачыста. Таму і запамінаецца. І канечне, я добра памятаю ўсе кнігі, якія чытаю дарогаю ў гэты дзень.
Першы раз я чытала “Лексікон таемных знань” Тараса Прохасько: і ў гэтай кнізе акурат ішлося пра ўнука, які штогод прыязджае позняй восенню на стары закінуты хутар памерлага дзядулі. І ў яго ёсць свой рытуал: ён абыходзіць выстуджаны дом, збірае пакарэлыя на марозе яблыкі, запіхвае іх поўныя кішэні, кусае зледзянелы яблык, згадуе дзеда і нібыта сам аджывае. З таго свайго прыезду, з тае кнігі, я таксама шукала рытуал. Праз які магла б пагаварыць са сваім дідусем. І таксама “ажыць” на раніцу… Кусаю яблык з дзядулевага лецішча на выстуджаным гаўбцы бацькоў. Гартаю кнігі з дзядулевай бібліятэкі. Ціха спяваю, разам з мамаю, “Ніч яка місячна” і крыху грамчэй “Човэн хытаецца сэрэд воды”. І часам мне шанцуе: мне сніцца размова…
На гэтыя ўгодкі мне прыснілася, што я стаю па пояс у бурлівай, празрыстай рацэ, вада цёплая, аб ногі б’юцца вялікія рыбы, а на беразе - у сваёй традыцыйнай урачыстай тройцы - стаіць дзядуля. Пра што мы гаворым - не магу згадаць. Запомніла толькі апошнія словы дзядулі: “Цяпер я больш не Богдан. Цяпер я Аўгуст…” І я прачнулася. І згадала старую кнігу француза Шурэ, якую чытала гэтым разам па дарозе ў Берасце - пра Арфічныя містэрыі і новыя нараджэнні душы. І падумала пра ўсіх Багданаў у маім жыцці - пра стрыечнага брата Богдана, які жыве на паўдарозе між Львовам і Карпатамі і заўжды вучыць мяне калі-што-біць-адразу-в-пэчінку, пра стрыечнага вуйку Богдана з мамінага сэла, якога я бачу рэдка, але адразу пазнаю ў ім старога добрага льва, пра маленькую Багдану, якую я ні разу яшчэ не бачыла, але якая заўжды недзе побач, пра Багдану-ўнутры-сябе - маё альтэр-эга, якое я выхоўвала ў сабе з дзяцінства і якое схавалася ад мяне, знікла, як дым, калі я пагадзілася на гукі жалейкі…
І мне вельмі захацелася “ажыць” разам з тым ранкам. Таксама стаць  Аўгустаю - дацягнуцца нарэшце да ўрачыстага augustam …
А ў Берасці тым ранкам на халодным небе гарэла вялікае блізкае сонца, і адбівалася меддзю на камлях стогадовых ліп перад нашым домам, і сляпіла наш вялікі халодны пакой…
І мне стала на хвіліну так сцішна і радасна

успаміны

Previous post Next post
Up