Ліцэй

Oct 19, 2011 10:05

Штогод 19 кастрычніка думкі пра адно - пра ліцэй. Берасцейскі. І пра раннюю маладосць - там, у самым канцы вуліцы Арлоўскай, на ўсходнім ускрайку гораду…
Самы мілы ўспамін з тых часоў - гэта выкладчыца гісторыі мастацтва. Ларыса Паўлаўна Візгульб. Маленькая, па-добраму звар’яцелая. Неяк яна заахвоціла мяне ажыўляць скульптуру Радэна “Амур і Псыхея”. Запрасіла да сябе ў каморку, напаіла гарбатай з цукербродамі і прапанавала сыграць Псыхею на конкурсе ажыўлення карцін і скульптур. Мне няёмка было прызнавацца, што не бачыла гэтую скульптуру, таму я, не вагаючыся, пагадзілася. Яна паглядзела на мяне з павагай. Адзначыла добры густ. Замоўкла. На наступны дзень я паехала ў абласную бібліятэку, папрасіла альбом Радэна і ледзь не спаўзла пад парту: Амур і Псыхея там цалкам голыя. Я, вядома, адмовілася ад сваёй ролі. Сказала, што перадумала. Што так няёмка.
Ларыса Паўлаўна абразілася. І са злосці заявіла, што раз так, то ставіць мы будзем “Сватовство майора”...
Любімую настаўніцу я сустракала і пасля ліцэю - і кожны раз яна спрабавала ўцягнуць мяне ў не менш дзіўныя і небяспечныя авантуры, за што я ёй усім сэрцам удзячная. Аднойчы познім восеньскім вечарам я сустрэла яе ў тралейбусе, і яна неяк пераканала мяне паехаць з ёй да канца і пайсці ў далёкі закінуты польскі домік на беразе Мухаўца, недалёка ад крэпасці, на сустрэчу “з Вангай”. Я не задавала лішніх пытанняў. Пасля гісторыі з Радэнам не хацелася яе зноў расчароўваць. У пакойчыку, куды яна мяне прывяла, ужо сабралася дзіўная публіка: святар, некалькі студэнтаў, сур’ёзныя кабеты з высокімі фрызурамі, двое мужчын у пінжаках з гальштукамі. Вангу я сярод іх распазнала лёгка - яна сядзела з нагамі на стуле і весела назірала за астатнімі. Ёй было гадоў пяцьдзесят і яна магла патрапляць “туды”…
Але гісторыя пра Вангу, якую насамрэч звалі Лідзіяй, і пра будынак над Мухаўцам - разрастаецца ў маёй свядомасці ў нешта большае, чым нататка пра ліцэйскіх. Магчыма, мой раман пра Берасце нулявых калі-небудзь пачнецца менавіта з той хаткі і дзіўнага спірытычнага сеансу над Мухаўцам. А пакуль што - Gaudeamus igitur! - бо жыццё такое хуткаплыннае…

успаміны

Previous post Next post
Up