Частка І
- Я выходжу з дому і пачынаю стрым свайго затрыманьня. Ужо некалькі дзён за мной соўкаецца ўжо даўно вядомы нам сіні бус, які час ад часу скрадвае людзей наўпрост на вуліцы. Сёньня з самага ранку пад маім пад’ездам стаяць ціхары - шуняўкі, як цяпер модна казаць. Дык вось, і яны, - малады і недасьведчаны блогер наводзіць камэру мабільнага тэлефона на двух асоб у спартовых касьцюмах і аднолькавых чорных шапках. Хлопцы хутка адварочваюцца, каб не сьвяціць свае твары й зьмяняюць маршрут свайго следваньня. А Зьміцер працягвае здымаць і аддаляецца ад дома. Усім целам адчуваецца, што зараз ён проста смачная нажыўка, якую ў наканаваны час схопіць вялікая драпежная махіна. Лёс хлопца на бліжэйшую будучыню намаляваны - кароткатэрміновая турма, драўляны ложак і сьціплае сонечнае сьвятло, якое прабіваецца праз маленькае падвальнае акенца, таму ў патаемнай кішэні паліто ўжо ляжыць зубная паста, шчотка і папер для прыбіральні, а самому хлопцу нічога не застаецца, як ці сядзець у хаце, пакуль ціхары не пачнуць узламваць дзьверы, ці йсьці на сустрач і здымаць сваё затрыманьне ў прамым этэры.
Мы жа, звычайныя гледачы, можам толькі назіраць на відэа шырокую вуліцу, шэрыя шматпавярховікі, мёртвыя зімовыя дрэвы і нешматлікіх мінакоў, сярод якіх разам са Зьмітром спрабуем выявіць шунявак. Але не пасьпяваем. Бліжэйшая маладая парачка з крыкам “Міліцыя!” накінулася на хлопца, заламала рукі. Стрым спыніўся, а жыцьцё Зьмітра пакацілася па коле - мікрааўтобус без нумароў, падлога, шчыльныя кайданкіі, гэтым разам не надуманы, як звычайна пратакол, хуткасны суд, дзесяць сутак, турма на вуліцы Леніна, блёклае сьвятло ад лямпачкі, чатыры драўляныя нары, запэцканы стары ўнітаз у куце і такі ж нязграбны рукамыйнік, насычанае цыгарэтным дымам паветра, два маладых хлопца і стары барадаты дзядуся, відаць, без пастаяннай прапіскі.
Зьміцер, хацеў было закінуць свой матрас на верхнюю паліцу, але нечакана заўважыў, што свабоднае месца засталося ўнізе. Дзіўна, але што тут дадаць. Новы затрыманы гучна прывітаўся з усімі і пацягнуўся паціскаць руку. Алесь, Аляксей, Анатоль.
- Хлопцы, цяпер што па алфабэту ў камэры кідаюць? Нейкая памылачка ў іх выйшла, бо я - Зьміцер.
- Ды ведаем мы. Дашкіеў?! Ну, ты прама герой апошніх навінаў, - прамовіў юнак з цёмнага кута камэры.
Зьміцер крыху засмуціўся, бо зусім не часта сустрэнеш людзей, якія ведаюць цябе, тым больш, ганарацца табою. Тое, што рабіў ён апошнім часам - звыклая для яго паўсядзённая справа, толькі мінавіта апошнія падзеі выліліся праз незалежных журналістаў у сродкі масавай інфармацыі і пайшлі ў народ.
- Дзякуй, прыемна, - сьціпла адказаў Зьміцер і ўсеўся на сваю нару.
У гэты час загрукаталі агромныя мэталёвыя дзьверы, і праз маленькую шчыліну ў іх пачалі падаваць вячэру - грэцкую салату, смажаную курку пад арэхава-соевым соусам з жоўтым ад каррі рассыпчатым рысам, розныя напоі на выбар і шакаладны батончык. Ды жартую я, як па-ранейшаму гэта была просавая каша размазаная па алюміневай талерцы ды паўкубка напаўсалодкай вадкасьці, якая зьнешне нагадвала армейскую гарбату “Слон”.
Антон з Аляксеем адразу ж ухапіліся за талеркі, а вось Алесь да ежы не дакрануўся. Зьміцер з пытальным позіркам паглядзеў на яго.
- Не зьвяртай увагі, у яго турэмная дыета - ад пачатку анічога не ясе, быццам цыгарэтным дымам харчуецца. Дый, і не курыць жа таксама. Аай, - з сумам прахрыпеў дзед Антон і ўсьміхнуўся усімі чатырма зубамі, што засталіся ад складанага магчыма бяздомнага, ці алкагольнага жыцьця.
- Чаму так? - быццам нешта разумеючы запытаў Зьміцер.
- Ды па тваёй справе сяджу я, па нашай агульнай справе. Праўда, не даехаў я да Курапат. Разгружаў з машыны дровы для вашай бочкі, і ў гэты момант ціхары зкруцілі. Цяпер я тут сяджу быццам бы за брыдкаслоўе і супраціў ворганам правапарадку. Пасьлязаўтра выходжу. Далі сем сутак, хаця мог і па крыміналцы пайсьці, бо трэснуў нармальна так аднаго ціхара па чорнай шапцы паленам. Судзьдзя гэты факт прапусьціла міма вушэй, і тое добра.
Зьміцер крыху прызадумаўся: “ Ці то сэксот перада мной гісторыі выдумвае, ці сапраўды свой?!” Алесяў твар быў яму не знаёмы, хоць падавалася ведаў усіх, прынамсі, са сьціплага лагеру абаронцаў Курапат.
У галаве закруціліся яскравыя падзеі апошніх тыдняў.
Курапаты - сакральнае месца для беларусаў. Тут, у лесе на ўскрайку Менска закапаныя ў зямлю дзясяткі тысячаў ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Апошнія хьвіліны жыцьця тут сустрэлі ад трыццаці да двухсот тысячаў нашых грамадзян - пісьменьнікаў, навукоўцаў, ці то проста заможных гаражан і сялян. Савецкая ўлада заўсёды прыхоўвала той факт, апраўдвала жорсткасьці камуністаў, ніяк не зьвяртала ўвагі на Курапаты ды сотні іншых месцаў, дзе палеглі ахвяры антылюдзкога камуністычнага строю. Замест гэтага прасоўваецца ідэя гістарычнай перамогі над фашызмам. Але калі глядзець фактам у твар, то й пад час гэтай вайны людзі йшлі на верную сьмерць, маючы адну трохлінейку на некалькі чалавек. Людзі аніколі не былі індывідуамі для камуністычнага строю, імі заўсёды можна было ахвяраваць, замяніць дэталі ў складаным механізме савецкага інтэрнацыяналу.
На жаль, савецка-камуністычны строй у краіне захаваўся. Як і раней, гісторыя Курапат замоўчваецца. На пачатку стагодзьдзя лес, дзе ляжаць ахвяры, прапаласавала менская кальцавая дарога. Сотні абаронцаў тады гэтаксама блакавалі працу дарожнікаў, месяцамі жылі ў намётах і дзеялі супраціў карным ворганам міліцыі - ня здолелі перамагчы, але змаглі папулярызаваць Курапаты, усталяваць там сотні крыжоў і стварыць народны мемарыял. А цяпер новыя выпрабаваньні. З ахоўваемай тэрыторыі пачалі выкрэсліваць па кавалачку зямлю і прадаваць яе градазабудоўнікам. Быццам бы ўсё ў парадку, хто будзе супраць гэтага маленькага кавалачку не абжытай зямлі, па якой праходзяць розныя камунікацыі. Ды ня толькі камунікацыі, тут праходзіла дарога, па якой вывозілі на чорных варанках годных людзей у свой апошні шлях. Зьміцер разам зь дзясяткам сваех паплечнікаў заблякаваў працу будаўнічай кампаніі, пачаў зьнішчаць будаўнічую агароджу і адгаворваць будаўнікоў браць на сабе грэх. На пачатку амаль аніхто ня верыў у перамогу, чакалі, што праз некалькі дзён іх разгоняць спецвойскі. Нехта й увогуле не разумеў сэнсу супрацьстаяньня.
Хлопцы мелі цяжкую ноч, але на раніцу гэтак жа ніхто ім актыўна не супрацьдзейнічаў. Хутчэй наадварот, бачылася вялікая падтрымка жыхароў з навакольных будынкаў, і гэтая падтрымка ўвесь час нарастала, і з кожным днём у шыхты абаронцаў прыходзіла ўсё больш і больш людзей. Запалала вогнішчам сталёвая бочка, вакол якой ладзіліся канцэрты зь вядомымі музыкамі, лекцыі і бясконцыя спрэчкі наконт будучыні нашай радзімы. Праз тыдзень супраціву замоўца будоўлі адмовіўся ад сваех плянаў і згарнуў будаўніцтва. Акцыя завершылася, і тут пачалося паляваньне на найбольш актыўных яе ўдзельнікаў. Мінімальныя штрафы і арышты, але ж усё ж такі сыстэма не можа не пакараць. Дасталося і самому арганізатару Зьмітру Дашкіеву. З аднаго боку амаль анічога не далі ў параўнаньні з папярэднімі арыштам і гадамі, праведзенымі за кратамі, але ж усё адно ўжо сумавалася без жонцы і блакітнавокіх кучаравых дзетак. Іх у Зьмітра ўжо двое, ды імкнецца жыць наш герой па Хрыстовых запаветах, зусім не саромячыся іх па ўсюль прапагандаваць, несьці сьвятло ў сьвет. Такіх людзей, чыстых у сваех поглядах, насамрэч вельмі мала на зямлі, і чамусьці мы іх ня цэнім так, як трэба было б.
Здаецца, прайшло ўжо хьвілін дзесяць, як Зьміцер замоўк, але ж каб разрадзіць атмасфэру, ён працягнуў:
- Бывае, брат, дзякуй, што імкнуўся дапамагчы. Прабач, што без салідарнасьці. Дзіўна, што мы не знаёмы, ці можа знаёмыя, ды я забыўся ўжо?
- Не, я не актыўны аматар палітычных гульняў апошніх гадоў. Проста невялікі прадпрымальнік зь Берасьця, які прыехаў па справах у сталіцу і вырашыў крыху дапамагчы, чым мог. Вось, сяджу цяпер і думаю, як разграбсьці ўсе запазыкі, што накопяцца за гэты тыдзень турмы.
- А колькі засталося сядзець?
- Пасьлязаўтра выходжу…
- О, то мы яшчэ пасьпеем паразмаўляць заўтра, - стомлены Зьміцер нацягнуў прапахлую турэмнымі пахамі коўдру і заплюшчыў вочы.
Але не спалося. Перад вачыма круціліся вобразы блізкіх людзей - дачкі, сына, жонкі, бацькі, што нядаўна пайшоў у сьвет нябёсаў, маці, а зь іншага боку даносіліся галасы быццам Вітаўта, ці то Міндоўга праз пласты стагодзьдзяў. Не, відавочна то быў голас Тадэвуша Рэйтана, а можа Касьцюшкаў?! Але ўсе яны сьпявалі адно: “Не здавайся, Зьміцер! Мы дамо табе свае сілы!” У карагодзе гэтых галасоў гучала і няпростае пытаньне ў адказ, што і як правільна рабіць, каб перамагчы гэтае савецкае ярмо?! Зьміцер разумеў, што ўжо шмат год ён крочыць па коле, спрабуючы аднавіць мінулую веліч сваёй арганізацыі. Усе высілкі аб’яднаць апазыцыю ў адзіны кулак былі дарэмныя. Кожны гуляе па сваіх правілах у сваю гульню, з кожным годам пагразаючы ў балоце, у якім патанула нашая айчынная палітыка. Ды й палітыкай назваць тое балота складана. Нашая апазыцыйная сіла апынулася апэндыксам у палітычнай харчовай сыстэме, без аніякага ўплыву на ўладу і аніякай вядомасьці ў народзе. Але ў той жа час кожны партыйны лідэр заяўляе пра сваю значнасьць на палітычным полі і саступаць нікому ні кроку ня хоча. Адчуваньне кішэннай апазыцыі - калі б улада кантралявала палітычныя рухі, яна б рабіла гэта менавіта такім чынам. У той жа час шэраг лідэраў апазыцыі засьвяцілася ў Курапатах, падтрымлівалі нас. Толькі пытаньне ў тым, яны не вядуць працэсы - яны прычапляюцца да гэтых працэсаў. Зараз грамадзтва азлобленае і зьбяднелае. Практычна нулявая падтрымка ўлады пасьля апошніх антынародных указаў, дарожнага збору, платы за выезд за мяжу і беспрацоўе, павышэньня пенсійнага ўзросту. Бяры і аб’ядноўвай людзей пад сваёй новай праграмай! Не. Аніхто не круціцца, у партыях засталося па два з паловай чалавекі і тыя маргіналы, зьбіраюць бясконцыя подпісы, якія ўжо зусім не цікавяць ні ўладу, ні народ, - зусім не трансфармуюцца пад зьмены грамадзства, застаюцца на перыферыі нулявых, друкуючы свае бюлетэні ў адным і тым жа фармаце ўжо два дзясяткі год. Чакаюць, калі ў адзіны цудоўны момант улада зьменіцца й яны зоймуць свае ганаровыя крэслы дэпутатаў і чыноўнікаў. Турбуе тое, што амаль кожны зь іх заяўляе вялізарныя амбіцыі, кожны жадае кіраваць, але мала хто жадае паглыбленна вучыцца, атрымліваць адукацыю. Для іх палітыка - гэта проста: табе - крэсла міністра сельскай гаспадаркі, ты будзеш узначальваць мінлясгас, ты пойдзеш сталічным мэрам, а за плячыма ад сілы толькі адна вышэйшая адукацыя, і тая не па тэме і без якой-небудзь практыкі. Так і нараджаецца карупцыя. Ды а я што, таксама ня моцна адукаваны. Ды я й не амбіцыйны, ёсьць багата навокал таленавітых людзей, якія гараць сваёй справай, але яны знаходзяцца на пераферыі, бо праз карупцыйныя схемы крэслы міністраў і чыноўнікаў займаюць сваякі і сябры тых абаяцеляў, што за грошы гатовыя прадаць усё, і не ў апошнюю чаргу радзіму, як вобразнае для ніх паняцьце. Вось, гэтыя пераферыйныя таленты, якія гатовыя за капейкі працаваць, бо ім сапраўды цікавая тая справа, якой яны займаюцца, і павінны будаваць новую, сапраўды незалежную Беларусь. Як жа іх аб’яднаць?! Відавочна фармат “Маладога Руху” ужо не падыходзіць.
Зьміцер па-ціху скотваўся ў сон, а блякла-жоўтая турэмная лямпачка працягвала гарэць усю ноч, заціраючы межы дню і ночы, ператвараючы жыцьцё ў блёклыя турэмныя будні.
Ранак пачынаецца з савецкага гімну ў шостай ранку. На сутках усё ні так строга, як па крыміналцы. Ты можаш спаць у дзень, ляжаць, чытаць кнігі, калі іх табе, канешне, перададуць. Таму Зьміцер з самага ранку чакаў якую-небудзь перадачу, каб заняць свае самотныя дні чытаньнем. На намертва прымацаваным стале ўжо было намалявана зубной пастай шахматнае поле, а побач ляжалі фішкі, зробленыя зь лішкаў чорнага хлеба.
Зь верхней палічцы скотваецца Алесь і зацягвае свой гімн:
- Радзіма, мая дарагая,
Ты ў шчасьці жаданым жыві!
- Я сэрцам табе прысягааю
У шчырай, сыноўняй любві, - далучаецца Зьміцер!
- На рэках шырокіх і ніівах, - зацягвае стары дзед Антон і ўсьміхаецца ва ўсе свае чатыры зубы. Дорыць сваю добрую ўсьмешку, а Зьміцер з Алесем недаўменна глядзяць на яго. - А што? У дзевяностыя гэтая песня была папулярная!
Усе зарагаталі. І хутка пачулі лупаніну вартаўніка ў сталёвыя дзьверы:
- Цішэй там, вар’яты! - а затым ужо зусім ціха, аддаляючыся -
Мы дружбы народам жадаем,
І шчырай братэрскай любві.
Радзіма, мая дарагаая,
Красуйся і ў шчасьці жыві!
Красуйся і ў шчасьці жыві!!!
Дзень пачынаецца насычана, Алесь са Зьмітром дайграюць чарговую партыю ў шашкі, Аляксей даследуе бетонныя сталактыты столі, а Антон дапальвае чарговую цыгарку зь нейкага моцнага, горкага тытуню. Цяжкія дзьверы заляпаталі, заскрыпелі. Прадказальна Зьмітру была перадача. Панюхаўшы яе, спрабуючы па паху вызначыць ад каго пасылка, ён пачаў даставаць зь яе рэчы - папер, сшыткі, аловак, дзьве кнігі, ніжняя бялізна, вада, нейкі ні па памеры швэдар, рознага гатунку арэхі, шакалад, цукеркі.
- Дзіўна, - ухмыляецца герой, - быў час, калі ежу ўвогуле забаранялі перадаваць. Пакідае прысмакі на стол, а сам разглядае кнігі. - Так, Сінькевіч “Крыжакі”, цудоўна, даўно жадаў прачытаць, але часу ўсё не хапала. А другая, хм, “Возера Радасьці” Марціновіча. Што жа, пачытаем.
Бярэ “Крыжакоў”, абапіраецца сьпіной аб калючую сьцяну і пачынае гартаць. Алесь жа падхоплівае “Возера радасьці” і запрыгвае на верхнія нары.
- Невялікая, як раз да заўтра дачытаю.
У камэры настала цішыня. Кнігалюбы патанулі ў кнігах, Аляксей узяўся за аловак і нешта крэмзае ў сшытку, а дзед Антось спрабуе разгрызьці зубамі смачны міндаль.
Недзе ў гадзіны тры хлопца зноў патурбавалі - усіх разам павыводзілі на шпацыр. Перад Зьмітром паўстаў ужо знаёмы бэтонны дворык мэтраў пяць на пяць, зь верху накрыты тоўстымі кратамі, праз якія цудоўна відаць якое на двары надвор’е.
- Сонечна, непрыемна губляць такія сонечныя дні ў турме.
- Згодны з табой, Алесь, але што ж зробіш?! Быць пакорным рабом і казаць, што я апаліцічаскі, мяне гэтае ўсё не касаецца. А потым раз - прымусовыя заняткі для дзетак, ці выбіцьцё з бацькоў аплаты за кампаслугі, калі ты працуеш настаўнікам. Датэрміновае галасаваньне і звальненьне з вучобы, калі цябе раптам застукалі на акцыі апазыцыі. Так і ўсё жыцьцё згубіш. Сотні тысячаў людзей зачыняюць вочы і робяць фальсіфікацыі на выбарах, нэрвуюцца і ўсё адно кажуць, што іх этанекасаецца. Калі ўсе так будуць казаць, то ўсе пагразнуць у сваех уласных праблемах, а эканоміка будзе і далей паміраць. Вусаты тыран, як ўласьціва любому чалавеку, не спыніцца заграбаць багацьце, якое безперашкодна валяецца ў бюджэце. Ён захоча пабудаваць чарговы палац сабе - калі ласка, знойдуцца грошы, бо нікога этанекасаецца. Алесь, разумееш гэта?! Канешне, ты разумееш, бо ўмееш думаць галавой. Проста хачу выгаварыцца. Распавядзі пра сябе, адкуль ты і як ты ўсё ж такі дайшоў да Акрэсьціна?
- Прабач, Зьміцер! Але сьцены маюць вушы. Я з радасьцю бы сустрэўся з табой пасьля вызваленьня. Дадам толькі, што я таксама бараніў Курапаты - тады, калі яшчэ будавалася кальцавая.
Зьміцер замоўк, аглядаючы Алеся, спрабуе яго пазнаць. Тая падзея была ўжо вельмі даўно, год пятнадцаць назад. Там таксама было багата людзей і супраціў цягнуўся некалькі месяцаў, але ўсе тады былі маладыя, як і сам Зьміцер. Тое змаганьне на жаль толькі закаліла хлапцоў, але Курапаты не выратавала - лес з магіламі прасекла дарога, і цяпер вось спрабуюць зьнішчыць парэшткі таго леса з боку горада. І людзі з кароткай памяцьцю будуць казаць: “Няхай будуюць, тут і так нічога не расьце”, і не спытаюць, чаму ў Курапатах да гэтага часу няма афіцыйнага мэмарыялу.
Сонца сёньня сапраўды па вясноваму прыпякала, зусім не хацелася вяртацца назад у кануру, але дзякуй Богу і за гэтыя паўгадзінкі сонца, чайку, што праляцела нізка над кратаванаю столяю, муркатаньне нечага ката і прыглушаны гул горада, які Алесь ужо хутка пабачыць.
І гэты момант незабарам настае. Залязгалі дзьверы, Алеся пытаюцца на выхад. Хлопец саскоквае са сваёй лёжкі, перадае Зьмітру кнігу.
- Ну, як яна?
- Так скажам, не пазытыўная. У нашай краіны і так усе колеры шэрыя, але ж што ж зробіш - справа аўтара выкладаць свае думкі, а нашая ўжо чытаць, або не чытаць, і, канешне, крытыкаваць.
- Гэта так, чаго-чаго, а крытыкаваць мы гаразд!
- Да сустрэчы, Зьміцер! Ня вешай носа тут, займіся спортам, а я пайду ўжо. Там, відаць, сонца.
Паўгадзіны праз доўгія карыдоры і жоўтыя кабінэты і вось, за табой зачыняецца апошнія сталёвыя дзьверы. Ты ўвесь прасычаны турэмным пахам, няголены і кудлаты, адчуваеш сябе ў скуры бамжа. “Што жа, і бамжом калісьці трэба пабыць, каб не заганарыцца,” - сказаў пра сябе Алесь і пайшоў абдымацца са сваемі сябрамі і любаю жонкаю, якія ўжо некалькі гадзін чакалі на вызваленьня пад сьценамі ленінскай турмы.
- Ну, што на Берасьце? - пытаецца пяшчотным голасам высокая мадэльнай зьнешнасьці шатэнка ў кароткім чырвоным паліто і чорнай кепкаю на галаве.
- Не, любая, трэба спачатку яшчэ адну справу зрабіць, паехалі ў горад. Вельмі рады цябе бачыць тут, родная, - заціскае у абдымках на некалькі хьвілін. Турэмны пах пачынае змагацца з салодкім жаночым парфумам.
Кампанія запрыгнула ў сваю белую Шэврале Экспрэс і пакацілася па горадзе ў цэнтар. Заскочылі ў букініст. Алесь выбраў пару старых беларускіх кніжак, хутка прабегся па крамах і набыў розных прысмакаў, вярнуліся да сьценаў турмы.
- Перадачу перадаць можна? - пытаецца ў ахоўніка Алесь, - вось яму - Антон Мікалаевіч, камэра трыццаць трэцяя.
У дзень можна атрымаць толькі адну перадачу, а Зьмітру хутчэй за ўсяго знойдзецца жадаючыя перадаць што-небудзь кожны дзень, таму Алесь вырашыў зхітрыць, каб хлопцы ў камэры ня моцна сумавалі, ды й адзінокі дзед Антось будзе прыемна зьдзіўлены і чарговы раз усьміхнецца. Тым больш яго чакаюць цыгарэты - будзе чадзіць.
Місія выканана, цяпер можна і на Берасьце выпраўляцца.
…працяг будзе…