Канец 40-х, пачатак 50-х гадоў ХХ ст. на Беларусі - час альтэрнатыўнага адміністрацыйнага падзелу рэспублікі. Гэта цяпер мы ўсе прызвычаіліся да шасці абласцей з Мінскам і думаем, што так было заўжды. А насамрэч пасля вайны ўсё было крыху інакш. Пачнем з таго, што ў 1946 годзе Беларусь была падзелена на 12 абласцей, па 6 на заходнюю і ўсходнюю часткі. Баранавічы, Бабруйск, Пінск, Мазыр, Полацк і наша Маладзечна былі абласнымі гарадамі. Мала таго, раёнаў тады было ледзь не ў два разы болей, чым зараз. Таму многія, па-афіцыйнаму кажучы, пасёлкі гарадскога тыпу (а калі не па-афіцыйнаму - мястэчкі) раней былі цэнтрамі раёнаў. Гэта, напрыклад, Любча, Мір, Радашковічы, Тураў і канешне Крывічы, пра якія зараз пойдзе размова. У другой палове 50-х гадоў, калі па краіне прайшла хваля адміністрацыйнага перабудаванння і ўзбуйнення адміністрацыйных адзінак, большасць такіх мястэчак страціла свой раённы статус. Цяпер яны ўсяго толькі вялікія паселішчы на ўскрайках буйных раёнаў. І адзінае, што можа нагадаць аб іх "былой велічы" - гэта тыповая савецкая "райцэнтраўская" архітэктура.
Таму калі я ўпершыню патрапіў у Крывічы (цяпер Мядзельскі раён, Мінскай вобласці) і пабачыў будынак тутэйшай бальніцы, то не вельмі здзівіўся, што недзе ўжо бачыў такія формы.
Так, шаноўнае спадарства, гэты будынак узведзены паводле таго ж самага праекту, што і цяперашні Маладзечанскі райвыканкам.
Не ведаю, ці простая была гэта рэч, перарабіць райвыканкам на бальніцу, але факт застаецца фактам: адміністрацыйны будынак з калонамі, порцікам і арыгінальным гербам БССР цяпер прымае ў сваіх сценах хворых.
Насупраць цяперашняй бальніцы ў Крывічах месціцца іншы класічны савецкі будынак.
З тыповым савецкім дэкорам.
Як сцвярджае паўсцёрты надпіс на шкле ўваходных дзвярэй, тут працавала 2-ая раённая паліклініка. Цяпер будынак пустуе.
Апроч гэтага ў Крывічах з "райцэнтраўскіх" часоў застаўся тыповы дом культуры.
Будынак сапраўды раённага маштабу.
А вось так выглядаюць "райцэнтраўскія" вуліцы мястэчка.
Нездалёк ад царквы знаходзіцца грунтоўны будынак універмагу, але ўжо 70-х гадоў пабудовы. Не ведаю, што найшло на беларускія ўлады ў тыя гады, і чаму яны прыняліся "ўзбагачаць" мястэчкі абразчыкамі такой грандыёзнай па мясцовых мерках архітэктуры (падобны універмаг ёсць і ў г.п.Ілля, Вілейскага раёну), але цяпер памяшканні гэтага гандлёвага цэнтру з большага нічым не занятыя.
Але ўсё-ткі Крывічы - гэта яшчэ і цікавае беларускае мястэчка з гісторыяй, што сягае далёка ўглыб стагодзяў і не абмяжоўваецца толькі савецкім часам. У гэтым лёгка можна пераканацца, калі проста прайсціся па яго вуліцах.
Тут можна пабачыць сапраўдны местачковы кірмаш на перакрыжаванні асноўных вуліц. Я дык нават і не ведаў, што ў нашай глыбінцы яшчэ захаваўся такі від гандлю.
Хапае ў Крывічах і сваёй арыгінальнай "манументальнай" архітэктуры апроч савецкай. Такіх двухпавярховікаў я нідзе яшчэ не сустракаў.
А вось у гэтым доме, як казала жыхарка дома насупраць, у яе дзяцінстве знаходзілася самая сапраўдная турма. Нешта не надта верыцца, але ўсялякае магло быць.
Безумоўна, галоўнай архітэктурнай дамінантай Крывічоў з'яўляецца касцёл святога апостала Андрэя і кляштар трынітарыяў.
Массіўны будынак узвышаецца над мястэчкам.
На тэрыторыю кляштара можна патрапіць праз шыкоўную браму, на вяршыні якой знаходзяцца крыжы арыгінальнай формы.
Тэрыторыю касцёла агароджвае грунтоўны плот з суцэльнага камення, да якога не страшна што-небудзь прыхіліць.
Праз невялікае вакенца ў сцяне...
...можна зазірнуць у касцёльныя сутарэнні.
Вось такія яны Крывічы - месца, дзе "райцэнтр" шчыльная пераплятаецца з "мястэчкам".
Але гэта не ўсё. Я буду не я, калі не пакажу вам тыя жэлезабетонныя жахі, на якія я натыкнуўся па дарозе на Крывічы:)
Вось прыкладам закінуты агракомплекс каля вёскі Язні.
А гэты бетонны саркафаг я проста не мог не аб'ехаць і нават зрабіў гак, каб пабачыць, што тут ёсць.
А ёсць (ці было) тут буйное сховішча ўгнаенняў і цягнікі, каб разгрузіцца, праязжалі наўпрост скрозь гэты будынак.
Аб складанасці перамяшчэння тэхнікі па тэрыторыі комплексу сведчыць арыгінальная схема руху.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Можаце мяне павіншаваць, ці што, але я ў тых мясцінах упершыню пабачыў адкрытую звалку металалому:) Напэўна недзе сярод гэтай іржы хаваецца стывенакінгаўская Хрысціна:)
Цяпер усё. Дзякуй за ўвагу.