Патрэбна гістарычная кансультацыя.

Jun 28, 2012 12:59

Раней неяк не задумваўся, калі ў сям'і расказывалі, што маю прабабулю разам з чатырма дзецьмі ў 41-м годзе немцы перавезлі ў в.Вязынь (Вілейскі раён) з Вялікіх Лук (Расія). А цяпер вось цікава стала, з якой нагоды гэта немцы ўзяліся за такое перасяленне шматдзетных сямей з Расіі ў Беларусь. 
Карацей, гісторыя такая. Мая бабуля нарадзілася у 1940 годзе ў Вялікіх Луках у Расіі. У 41-м яе бацька (мой прадзед) пайшоў на фронт, а яе маці (мая прабабуля) засталася адна з чатырма дзецьмі: двума сынамі 10-12 год і двума маладзейшымі дачкамі. У чэрвені 1941-га лінія фронту дайшла да Вялікіх Лук. І ў жніўні-пачатку верасня, па словах бабулі (а ёй расказывала прабабуля), да іх прыйшлі немцы і загадалі збірацца. Казалі не браць рэчаў і ісці на вакзал. Там прабабулю з дзецьмі разам з іншымі сем'ямі з Вялікіх Лук пасадзілі ў таварныя вагоны і накіравалі ў тыл немецкіх войскаў. Прывезлі іх у Вілейку, адкуль на драбінах сталі развозіць сем'і па адной-дзве па вёсках Вілейскага раёну. Прабабулю прывезлі ў Вязынь і проста пакінулі на вуліцы, сказаўшы нешта кшталту: будзеце жыць тут. Жытла ім не далі, таму прыйшлося прасіць прытулку ў мясцовых, потым жыць у нейкіх сараях і таму падобным. На нейкім уліку прабабуля пэўна стаяла, але па яе словах, немцы болей не цікавіліся лёсам перавезеных. Адзінае, што з-за наяўнасці гадавалай дачкі (маёй бабулі), прабабулі выдавалі талоны на бесплатны абед у Вязынскай сталоўцы. Да таго, недзе праз поўгода ў вёскі прывезлі другую сям'ю з усхода. Дарэчы, іх - тую сям'ю і сям'ю маёй бабулі - дагэтуль у Вязыні называюць бежанцамі. 
Вось і ўзнікла ў мяне пытанне: чаму немцы здзяйснялі такую прымусовую эвакуацыю, ці была гэта з'ява массавай і ці існаваў пэўны план эвакуацыі?
Хачу адзначыць, што па нацыянальнасці мая прабабуля чыстая руская (і прозвішча яе Паўлава), таму ні габрэйскага, ні нямецкага (абруселых немцаў) сцэнару перасялення тут не назіраецца. 
Сама бабуля тлумачыць гэтае перасяленне, тым, што немцы хацелі захаваць на будучыню паболей працаздольнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі, таму і вывозілі шматдзетныя сем'і з раёнаў баявых дзеянняў на захопленыя спакойныя землі, каб будучая раб.сіла дарэмна не знішчалася. Яна мае рацыю?

пытанне, сям'я

Previous post Next post
Up