Скажы-ка, дзядзька...

Mar 09, 2021 12:13

Водгук на кнігу Ф.Белла "Минск. Архитектура столицы 1917-1956", 2020.



Калі вядомы беларускі даследчык рэпрэсій піша грунтоўны двухтомнік па гісторыі цэнтральнай вуліцы Мінска, дзе старанна збірае звесткі абсалютна пра ўсе пабудовы, якія знаходзіліся на цяперашнім праспекце Незалежнасці да вайны - гэта нікога не цікавіць, акрамя двух з паловай краязнаўцаў.

Калі ў беларускім выдавецтве выходзіць грунтоўная і таксама двухтомная работа пра Мінск, дзе змяшчаюцца звесткі пра ўсе гістарычныя будынкі сталіцы, якія захаваліся на момант выдання кніг (з таго часу ўжо паспелі тое-сёе знесці), выданне з цудоўнымі фатаграфіямі і рэдкімі ілюстрацыямі, сапраўдная і поўная энцыклапедыя архітэктуры сталіцы - гэта таксама не выклікае ніякіх эмоцый.

Але варта французу праездам накрапаць на каленцы заметку пра некалькі будынкаў Мінска і іх архітэктараў, поўную недакладнасцяў і аўтарскіх інсінуацый, але прыгожа аздобленую словавымі апісаннямі - адразу ж адусюль ляцяць выклікі "Ах, гэта самая цікавая кніга пра Мінск, якую я чытаў(ла)!", "Ах, які ў аўтара цікавы і нестандартны позірк на наш горад!".

Паспрабую ў гэтым пасце разглядзець наколькі ў Фаб'ена Белла атрымалася арыгінальная і нестандартная кніга. А таксама разбяру памылкі, дапушчаныя аўтарам у першай часцы кнігі, прысвечанай даваеннай архітэктуры Мінска.

Але пачну з плюсаў. Мова кнігі лёгкая, чытаецца хутка, стыль публіцыстычны. Аўтар уключае ў апавяданне шмат персаналій, апроч уласна архітэктараў, расказывае пра дзяржаўных кіраўнікоў, заказчыкаў будаўніцтва, людзей апасродкавана звязаных з пабудаванымі аб'ектамі. Здаецца, такая манера не вельмі ўласцівая для нашых даследчыкаў архітэктуры. Белла валодае майстэрствам добра апісываць архітэктуру ў тэксце, хаця, як па мне, лепш адзін раз пабачыць, чым сем раз прачытаць пра выгляд будынка. Зрэшты з ілюстрацыямі ў кнізе ўсё добра. Толькі на вялікі жаль, унікальных выяў у кнізе вельмі мала (Белла працаў у маскоўскім музеі архітэктуры імя Шчусева, у які беларускім даследчыкам цяжкавата патрапіць, і мог бы накапаць там больш унікальнага кантэнту), большасць гістарычных ілюстрацый з кнігі Фаб'ена даўно вядома беларускім даследчыкам архітэктуры Мінска і шмат дзе публікавалася.

Дарэчы, заўважыў, што ў кнізе некаторая частка ілюстрацый падпісаная як "прыватная калекцыя", але для нашых даследчыкаў крыніцы, адкуль узятыя гэтыя выявы, даўно вядомыя. Прыкладам, праекты з гэтай старонкі узятыя з часопіса "Современная архитетура" №3 1926 года. Што гэта, лянота аўтара пры атрыбуцыі выяў ці рэальнае няведанне крыніц?


Яшчэ адзін плюс у рабоце Белла - гэта ягоныя параўнні беларускай архітэктуры з узорамі заходняга дойлідства таго ж ці ранейшага часу. Беларускія даследчыкі часта могуць быць незнаёмыя з многімі прыкладамі еўрапейскай архітэктуры адпаведнага перыяду, а Белла, як еўрапеец, іх добра ведае і хутка знаходзіць паралелі з беларускімі аб'ектамі.

Дзякуючы свайму красамоўству Белла ўдаецца лоўка хаваць той факт, што даследванне яго даволі павярхоўнае. Аўтар блытаецца ў фактах, а часта ўвогуле выдумляе факты з галавы, дадумваючы ад сябе абставіны, якія ідуць у разрэз з тым, што ўжо даўно вядома беларускім даследчыкам.

Першыя ж памылка, якая кідаецца ў вочы - гэта подпіс да фотаздымку фабрыкі-кухні. Па версіі Фаб'ена Белла, будынак на фота - гэта сталовая БДУ аўтарства архітэктара Запарожца. Запарожац, сапрыўды, праектаваў дапаможныя будынкі для Універсітэцкага гарадка БДУ, сярод якіх былі студэнтскі інтэрнат, клуб і нават лазня, але ўсе яны не былі пабудаваныя. Да будынку фабрыкі-кухні Запарожац не меў ніякага дачынення, яе праектавала іншая кантора, не звязаная ні з універсітэтам, ні, увогуле, з адукацыяй. Скажу па-праўдзе, сапраўдае імя аўтараў фабрыкі-кухні дагэтуль прадмет спрэчак і пошукаў сярод даследчыкаў архітэктуры Мінска (тое, што напісана на шыльдзе ГКК, не адпавядае рэчаіснасці), спадзяюся, што Антон Дзянісаў у сваёй будучай кнізе пра фабрыку-кухню адкрые гэтую таямніцу:


Працягнем па тэксце. Згодна з гістарычнай даведкай пра Лаўрова ў кнізе "Архитекторы Советской Белоруссии" 1991 года (і звесткам з архіва БДАНТД, у якім Белла працаваў, дарэчы) - Георгій Лаўроў скончыў ВХУТЕМАС у 1926 годзе, а з 1928 па 1934 гады быў галоўным архітэктарам Наркамата камунальнай гаспадаркі БССР па Мінску, у 1934 годзе пераехаў у Маскву, дзе заняўся праектаваннем кінатэатраў. Фаб'ен Белла ў сваёй кнізе піша нейкую лютую адсябеціну:


Магчыма, гэта адрукоўка, але такую памылку дасведчаны ў пытаннях гісторыі мінскай архітэктуры чалавек заўважыў бы пры першай жа вычытцы тэкста. Белла гэтага не зрабіў.

Далей ідзе вялікая частка кнігі, прысвечаная асобе архітэктара Лангбарда. На маю сціплую думку, роля гэтага дойліда ў станаўленні архітэктурнага аблічча Мінска 1930-х трохі перабольшана. І ўсе гэтыя замілаванні геніем Лангбарда, якімі перапаўняюцца заметкі аб ім у беларускіх СМІ і некаторыя гістарычныя публікацыі, выклікаюць у мяне горкую ўсмешку. За раздутым ценем генія людзі забываюцца ці ня хочуць бачыць дзясяткі іншых архітэктараў, якія стваралі даваенны Мінск, не менш інтэнсіўна чым Лангбард.

З радасцю і лёгкадумствам паглыбляецца ў культ асобы Лангбарда і Фаб'ен Белла. Такімі вось пасажамі, як у прыведзеным ніжэй урыўку поўная ўся кніга. Я ж проста хачу заўважыць, што з прыведзеных чатырох знакавых аб'ектаў Мінска, Лангбард з нуля зрабіў, бадай што, толькі два - Дом Урада і Дом афіцэраў. І оперны тэатр, і асабліва акадэмію навук ён даробліваў за Георгіем Лаўровым пасля 1934 года, калі Лаўроў пакінуў Мінск. Пра гэта я напішу падрабязней ніжэй:


Пра тое, што аўтар кнігі малазнаёмы з вялікай колькасцю крыніц па гісторыі архітэктуры Мінска, асабліва з тымі, што выходзілі ў апошнія гады, сведчыць вось гэтая яго зноска - "Маўляў, ая-я-яй, я не ведаю, хто размалёўваў інтэр'еры Дома Урада і ніхто з маіх знаёмых не ведае, таму я прыдумаў, што гэта рабіў сам вялікі Лангбард":


Адчыняем кнігу "Мінск. Спадчына сталіцы Беларусі" В.Корбута, выдадзеную ў 2017 годзе, на старонцы 78 і бачым прозвішчы мастакоў і кіраўніка мастацкай групы па афармленню інтэр'ераў Дома Урада:


Калі б у Белла былі на руках знойдзеныя ў архіве эскізы фрэсак за аўтарствам Лангбарда, я б і слова супраць не сказаў - напісаў бы, што гэта адкрыццё, да. Але ж не, у яго не было такіх эскізаў - ён проста дадумаў, што інтэр'еры афармляў Лангбард і такіх вось дадумванняў і іншых аўтарскіх інсінуацый, якія выдаюцца ледзьве не за гістарычныя факты, у кнізе вельмі шмат. Такіх інсінуацый было б менш, калі б Белла ўважлівей чытаў сваіх папярэднікаў.

Цяпер пра Лаўрова і Лангбарда. Фаб'ен Белла са смакам апісывае падрабязнасці ўсесаюзнага конкурса 1933 года на пабудову опернага тэатра ў Мінску, пералічвае ўдзельнікаў, апісвае іх праекты, зноў захапляецца геніем Лангбарда і як бы між справай узгадвае, што ў тым конкурсе ўдзельнічаў і Лаўроў са сваім праектам у стылі кантсруктывізма, які на той час не адпавядаў патрабаванням партыі і ўрада:


Толькі тут ёсць адна загвоздака - Лаўроў не ўдзельнічаў у гэтым конкурсе (прынамсі з гэтым сваім канструктывістскім праектам). Мала таго, годам раней - у 1932-м - гэты ягоны праект у стылі канструктывізма быў прызначаны да пабудовы без усякіх конкурсаў, а 11 ліпеня 1933 года на плошчы Парыжскай камунны быў святочна закладзены першы камень у падмурак будучага тэатра менавіта паводле праекта Лаўрова. Толькі той факт, што ў савецкага кіраўніцтва ў тым жа 1933-м годзе рэзка памяняліся архітэктурныя густы і канструктывізм быў абвешчаны шкодным фармалістскім стылем, не дазволіў праекту Лаўрова адбыцца. Па сутнасці Лангбард працаваў на той жа пляцоўцы і на тых жа аб'ёмах, на якіх за год да яго працаваў Лаўроў.

Праект Беларускага дзяржаўнага тэатра архітэктара Лаўрова 1932 года:


З праектам Акадэміі навук БССР выйшля яшчэ цікавей. Па версіі Белла, Лангбард адным вокам зірнуў на эскіз (sic!) Лаўрова і вырашыў "скарыстацца ідэяй разрыва лінейнай забудовы праспекта" (што б гэта не значыла) у сваім геніяльным праекце:


Справа ў тым, што калі Лаўроў і маляваў эскізы, то ў годзе 1929-м. У 1930-м ён ужо прадставіў заказчыкам першы варыянт праекта Беларускай акадэміі навук, які, праўда, не быў прыняты. У 1931 годзе быў гатовы другі праект забудовы акадэмічнага квартала - куды уваходзіў не толькі галоўны будынак Акадэміі навук, але і дапаможныя карпусы. Гэты праект у 1932 годзе і пайшоў у работу. Да 1934 года паводле праекта Лаўрова паспелі пабудаваць лабараторны корпус (сучасны адрас пр.Незалежнасці 68) - будзеце праходзіць праз двор акадэміі, можаце пабачыць гэты чысты лаўроўскі канструктывізм (акрамя фасада з калонамі, што выходзіць на праспект, яго перабудавалі ўжо пасля вайны).


Будоўля галоўнага корпуса павдоле праекта Лаўрова ў 1934 годзе таксама ўжо была распачата, прынамсі, на ўзроўні закладкі падмуркаў. Таму Лангбард не рабіў ніякага новага ўласнага праекта, як зноў напрыдумляў Фаб'ен Белла, а перапрацаваў ужо існуючы праект Лаўрова. Увогуле, гісторыя ўзаемадзеянняў гэтых двух архітэктараў ў Мінску яшчэ чакае свайго грунтоўнага даследвання - ці было там супрацьстаянне у стылі "Форд супраць Ферары", ці была супраца, ці былі інтрыгі і выцісканне адзін аднаго са сталіцы - усё гэта вельмі цікава але маладаследвана.

Дарэчы, пра тое, што Лангбард, фактычна, толькі прысабачыў да праекта Лаўрова каланаду і трохі прыўкрасіў ляпнінай сціплыя канструктывістскія фасады і на гэтым закончыў свой тытанічны акт стварэння, пісалі яшчэ Ягораў і Воінаў ў 1957 годзе у кнізе "Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии". Але ж Фаб'ен Белла, відаць, і з гэтай крыніцай не знаёмы. У яго кнізе, увогуле, няма раздзела са спісам выкарыстаных крыніц, а тыя крыніцы, на якія ён спасылаецца ў нешматлікіх зносках, адлюстроўваюць даволі малую частку корпуса дакументаў па гісторыі архітэктуры Мінска.

Ілюстрацыяй таго, што Фаб'ен Белла не ўмее працаваць нават з тымі матэр'яламі, якія ён сам знайшоў, з'яўляецца наступны прыклад працы з фактурай. Мець на руках праект клуба будаўнікоў Воінава і Валадзько, а затым выявы пабудаванага палаца піянераў таго ж Воінава і не заўважыць іх пэўнае падабенства - гэта трэба ўмець. Па версіі Белла гэта два зусім розных аб'екта: першы - клуб - далей праекта не пайшоў, а другі - палац піянераў - праектаваўся з нуля. Але сапраўдная гісторыя гэтых аб'ектаў зусім іншая, чым тая, што напісана ў кнізе:




У рэальнай гісторыі праект клуба будаўнікоў Валадзько і Воінава не быў пакладзены "у стол", як піша Белла, а пайшоў у работу. З пераменным поспехам (з вялікімі перапынкамі ў будаўніцтве) за перыяд 1930-1935 была выведзена каробка гэтага будынка. Калі працы былі яшчэ не завершаны, кіраўніцтва краіны вырашыла памяняць прызначэнне будынка і дабудаваць яго ўжо у новым ключы - так і з'явіўся Палац піянераў.


Ёсць таксама газетныя фотаздымкі, на якіх можна прасачыць як мяняўся выгляд будучага Палаца піянераў у 1935-1936 гадах - ад канструктывісткай каробкі былога клуба да пафаснага неакласіцызма. І да, у Фаб'ена Белла, праблемы яшчэ і з датыроўкамі - Палац піянераў быў адчынены ў 1936 годзе, а не ў 1933, як напісана ў кнізе:


На гэтым свой разбор першай часткі кнігі закончу, хаця тут ёсць яшчэ да чаго прыдрацца. Далей ідзе раздзел пра пасляваеннае аднаўленне сталіцы - у гэтай тэме я не вельмі абазнаны, але здаецца, спецыялісты па 1940-х, 1950-х і там змогуць знайсці памылкі і недарэчнасці.

У выніку мы атрымалі прыгожа аформленую, напісаную добрай мовай, сырую і недакладную кнігу пра архітэктуру Мінска. Захапляцца выкладкамі Фаб'ена Белла я б не стаў, з прычыны вялікай колькасці памылак у тэксце, але як позірк на нашу бытнасць з незвычайнага боку - кніга цалкам прымальная.

Мінск, Мінская міжваенка, меркаванне

Previous post Next post
Up