"Лабірынты безыменнага горада" - апавяданне ў жанры мэшап

Nov 20, 2017 17:11



Напісаў (ну як напісаў, перамяшаў) на днях апавяданне ў жанры "мэшап", у якім перамяшаў творчасць беларуса Вацлава Ластоўска і амерыканца Говарда Лаўкрафта.

У якасці "лікбезу" - тэрмін "мэшап" (англ. mashup) паходзіць з электроннай музыкі, дзе ў пачатку 2000-х склаўся накірунак стварэння трэкаў шляхам змешвання двух падобных кампазіцый. У літаратуры ўпершыню пра "мэшап" загаварылі ў сувязі з творчасцю амерыканскага пісьменніка Сэта Грэма-Сміта. У 2009 годзе ён перапрацаваў класічны раман Джэйн Осцін "Пыха і перадузятасць" у зомбі-хорар "Пыха і перадузятасць і зомбі" і пры гэтым выкарыстаў каля 80% арыгінальнага тэксту пісьменніцы. Надалей гэтай тэхнікай пачалі карыстацца іншыя пісьменнікі і ў наступныя гады выйшлі раманы "Адроід Карэніна" Бэна Х. Уінтэрса, "Прыгоды Гекльберы Фіна і зомбі Джыма" Біла Чалгоша і інш. Зрэшты, прыклады перамешвання тэкстаў розных аўтараў у адной кнізе сустракаліся і раней. Так Умберта Эко у дэбютным рамане "Імя ружы" 1980 года выкарыстаў вялікія кавалкі тэкстаў аўтараў часоў сярэднявечча без пазначэння цытаты, прычым так арганічна ўбудаваў іх у свой тэкст, што пазнаць запазычванне змог бы толькі вузкі спецыяліст-гісторык.

Апавяданне "Лабірынты безыменнага горада" створана шляхам перамешвання двух апавяданняў: "Лабірынты" беларускага гісторыка Вацлава Ластоўскага і "Безыменны горад" амерыканскага культавага пісьменніка літаратуры жахаў Говарда Лаўкрафта (у тэксце таксама выкарыстаны ўрыўкі з яго апавядання "Фэст" у перакладзе Уладзіславы Гурыновіч). Абодва апавяданні напісаныя амаль у адзін час: "Безыменны горад" у 1921 годзе, "Лабірынты" у 1923-м. Уражвае сугучча твораў двух пісьменнікаў, якія жылі на супрацьлеглых баках планеты і стваралі настолькі тэматычна, стылістычна і атмасферна падобныя рэчы. Гэтае сугучча аўтар пастараўся перадаць у сваім мэшапе, наколькі добра гэта атрымалася - вырашаць чытачу. Па заканчэнні чытання раім таксама азнаёміцца з арыгінальнымі тэкстамі перамяшаных пісьменнікаў.

Поўны тэкст апавядання чытайце на ЛітРАЖы: http://litrazh.org/article/labirynty-bezymennaga-gorada

апавяданне, творчасць, фантастыка, публікацыі

Previous post Next post
Up